Былая сяброўка Паўла Дурава заявіла, што мае ад яго траіх дзяцей

Афіцыйна лічыцца, што заснавальнік Telegram мае двух дзяцей. Цяпер іх колькасць узрасла да пяці. Расказваем падрабязнасці.

03.08.2024 / 22:31

Павел Дураў разам з Ірынай Болгар і дзецьмі. Фота: missbolgar / Instagram

Паводле звестак Forbes, Павел Дураў з'яўляецца бацькам траіх дзяцей ураджэнкі Ленінграда Ірыны Болгар, якая цяпер жыве ў Швейцарыі.

Сама жанчына расказала выданню, што яны з Паўлам (які малодшы за яе на чатыры з паловай гады) пазнаёмілася летам 2012 года, а праз паўгода сталі жыць разам. У снежні 2013-га ў пары нарадзілася дачка Лея, у студзені 2016 года — сын Даніэль, а ў верасні 2017-га — сын Давід.

Па словах жанчыны, неўзабаве пасля нараджэння малодшага сына Дураў прылятаў у Расію для таго, каб вырашыць фармальнасці з яго рэгістрацыяй. Выданне звяртае ўвагу, што сам Павел сцвярджае, нібыта ў Расіі не быў з 2014 года.

Да 2018 года Ірына з дзецьмі жыла ў Санк-Пецярбургу, затым пераехала да Дурава ў Дубай. Але там не атрымалася легалізавацца. У выніку спачатку яна перабралася ў Латвію, а затым (у 2020-м) у Швейцарыю.

Болгар расказала, што, нягледзячы на тое, што ў апошнія гады Дураў з імі не жыве, яны разам шмат падарожнічаюць.

Выданне нагадвае, што афіцыйна ў заснавальніка Telegram двое дзяцей ад Дар'і Бандарэнкі, з якой ён вучыўся на адным курсе. Гэта дачка Аліна, што нарадзілася ў 2009 годзе, і сын Міхаіл (2010). Абое дзяцей маюць ягонае прозвішча.

Чаму Ірына Болгар вырашыла расказаць пра сумесных з Дуравым дзяцей толькі летам гэтага года? Жанчына сцвярджае, што зрабіла гэта дзеля іх саміх — дзеці крыўдзяцца, што пра дваіх старэйшых у інтэрнэце пішуць, а пра іх нічога няма.

Па словах адвакатаў — спецыялістаў па грамадзянскіх справах, з якімі размаўлялі журналісты Forbes, прычынай могуць быць матэрыяльныя прэтэнзіі да Дурава з боку Болгар. Магчыма, жанчына папрасіла ў мільярдэра больш грошай на дзяцей ці нейкіх гарантый для іх, а ён адмовіўся.

Сам Дураў ніяк заяву Ірыны Болгар не пракаментаваў.

Павел Дураў заявіў, што быў донарам спермы і цяпер мае сотню дзяцей

Павел Дураў паказаў свой смартфон, ён каштуе 180 даляраў

Павел Дураў хадзіў у школу ў Італіі, не выкарыстоўвае біткойны і не мае нерухомасці

Nashaniva.com