Трамп павіншаваў Пуціна з «цудоўнай здзелкай» па абмене зняволенымі

Кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп павіншаваў кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна з абменам зняволенымі паміж РФ і краінамі Захаду, які адбыўся на гэтым тыдні. Пра гэта Трамп гаварыў падчас перадвыбарчага мітынгу ў Атланце.

04.08.2024 / 08:01

Дональд Трамп. Фота: AP Photo / John Bazemore

Па словах Трампа, Пуцін перахітрыў амерыканскіх чыноўнікаў у рамках найбуйнейшай падобнай здзелкі з часоў заканчэння Халоднай вайны. 

The Washington Post адзначае, што на мітынгу Трамп не згадаў ніводнага з амерыканскіх зняволеных, якія былі вызваленыя ў выніку здзелкі — у тым ліку рэпарцёра Wall Street Journal Эвана Гершковіча, заключанага ў Расіі больш за год таму па абвінавачаннях, якія амерыканскі ўрад назваў сфабрыкаванымі. 

У сваіх папярэдніх каментарах па дамове ён таксама не называў ніводнага са зняволеных па імені, толькі крытыкаваў амерыканскі ўрад. 

«Божа, мы заключаем жудасныя, жудасныя здзелкі. Прыемна гаварыць, што мы іх вярнулі, але ці не стварае гэта дрэнны прэцэдэнт?» — сказаў Трамп. 

«Я хацеў бы павіншаваць Уладзіміра Пуціна з тым, што ён заключыў яшчэ адну цудоўную здзелку», — дадаў ён. 

Трамп неахвотна казаў пра Гершковіча на працягу прыкладна першага года зняволення журналіста, але ў траўні нарэшце заклікаў да ягонага вызвалення, нагадвае «УП». 

Былы прэзідэнт ЗША неаднаразова выхваляўся сваімі блізкімі адносінамі з Пуціным і заяўляў, што Пуцін паважае яго і ніколі б не ўварваўся ва Украіну, калі б Трамп быў прэзідэнтам. 

За апошнія месяцы Трамп некалькі разоў публічна заяўляў, што дабʼецца вызвалення Гершковіча, як толькі яго абяруць у лістападзе, і што Пуцін зробіць гэта «для мяне, а не для кагосьці іншага». 

Трамп пачаў крытыкаваць пагадненне пасля таго, як прэзідэнт Байдэн і віцэ-прэзідэнт Харыс сустрэліся з вызваленымі зняволенымі.

Латушка пракаментаваў прапанову рэжыму выдаць яго ў абмен на Пачобута

Слюнькін: Магчыма, вызваленне беларускіх палітзняволеных абмяркоўваецца на іншым трэку

Лукашысты прапаноўвалі палякам у абмен на вызваленне Пачобута выдаць ім Латушку — былы міністр

Nashaniva.com