Запускаюць Міжнародны фонд гуманітарнай дапамогі. Навошта ён патрэбны

На канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі Міжнародны фонд гуманітарнай дапамогі. Вось каму ён будзе дапамагаць.

04.08.2024 / 14:20

Кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак назваў дзве прыярытэтныя групы, з якімі будзе працаваць фонд — гэта былыя палітзняволеныя, якія знаходзяцца ў Беларусі, і сем’і цяперашніх зняволеных. Таксама, мяркуе Стрыжак, можна будзе надзяляць увагу і пацярпелым ад рэпрэсій, якія не былі прызнаныя палітзняволенымі. 

Фонд будзе працаваць з беларускімі спісамі палітзняволеных ад арганізацый «Вясна» і Dissidentby, а таксама з беларусамі, якія знаходзяцца ў расійскіх турмах — у гэтым выпадку сачыць будуць па спісе палітвязняў ад расійскай арганізацыі «Мемарыял». Цяпер у фондзе ёсць грашовыя ўнёскі ад урадаў Нарвегіі і Швецыі, чакаюцца ўнёскі ад яшчэ трох краін.

Кіруюць фондам арганізацыі-ўдзельніцы, звязаныя са сферай гуманітарнай дапамогі. Гэта Служба хуткай гуманітарнай дапамогі, у якую ўваходзяць арганізацыі «Краіна для жыцця», Dissidentby, «Байсол» і «Байхэлп», а таксама яшчэ чатыры арганізацыі, пра якія стане вядома пазней. Стрыжак абяцае публічную справаздачнасць па грашовых запытах з боку арганізацый, але пры гэтым падкрэслівае, што важна ўлічваць і пытанне бяспекі тых, хто атрымлівае дапамогу.

Офіс Святланы Ціханоўскай будзе прасоўваць фонд на міжнароднай арэне і дапамагаць са зборам грошай, але не будзе прымаць удзел у кіраванні фондам.

Няўжо фонды не дапамагаюць палітвязням, якія напісалі прашэнне аб памілаванні? Натуральна, гэта няпраўда

Без Пазняка і Сахашчыка, з нервовымі дыскусіямі паміж Латушкам і Ягоравым. Як праходзіла канферэнцыя «Новая Беларусь»

Слюнькін: Магчыма, вызваленне беларускіх палітзняволеных абмяркоўваецца на іншым трэку

Nashaniva.com