Як пабрацца шлюбам з зорным футбалістам? Жонка Аляксандра Глеба распавяла, як настойліва дабівалася яго

Святлана Глеб, жонка легенды беларускага футбола Аляксандра Глеба, вырашыла распавесці ў інстаграме, як заваёўвала аднаго з самых зайздросных жаніхоў Беларусі. Спойлер: ніякага сэксу на першым спатканні.

04.08.2024 / 15:19

Аляксандр і Святлана Глеб. Тут і далей фота з яе інстаграму

Святлана актыўна вядзе інстаграм і мае каля 97 тысяч падпісчыкаў. Гісторыя кахання пачалася ў 2015 годзе — менавіта тады сяброўка Святланы прапанавала пазнаёміць яе з Аляксандрам Глебам.

У той момант у абаіх ужо быў вопыт не вельмі ўдалых адносін. Святлана адна гадавала дачку Анастасію. У Аляксандра ў 2014 распаўся шлюб з сэксуальнай спявачкай гурта «Топлес» Анастасіяй Касянковай. Сям'я праіснавала каля сямі гадоў, дзяцей у шлюбе не з’явілася. Пляткары казалі, што Аляксандр марыў пра жонку, якая будзе нараджаць дзяцей і варыць баршчы, а артыстку злавала роля дадатку да зорнага футбаліста.

Святлана з энтузіязмам пагадзілася на прапанову сяброўкі, бо «была абсалютна свабоднай дзяўчынай, якая больш за ўсё на свеце марыла сустрэць каханне». Яна шчыра прызнаецца, што тады не цікавілася футболам, затое вельмі цікавілася «легендай беларускага футбола» Аляксандрам Глебам.

Жанчына пісала ў адным са сваіх пастоў, што ведала пра яго мінулую сям'ю і нават была засмучаная, калі прачытала ў СМІ пра тое, што Аляксандр Глеб разышоўся з жонкай.

— Самае цікавае, аднойчы мы ляцелі з ім у адным самалёце. І яшчэ ў аэрапорце я звярнула на яго ўвагу. Мяне прыемна ўразіў момант, калі да яго падыходзілі ўсё фатаграфавацца, ён з усмешкай на твары гэта рабіў. А потым вельмі сціпла сядзеў у кепачцы і міла ўсміхаўся.

Атрымаўшы згоду, сяброўка Святланы пачала актыўна дзейнічаць. Яна даслала футбалісту фоты Святланы — Аляксандру яны спадабаліся, і ён адказаў, што гатовы пазнаёміцца з гэтай дзяўчынай.

Тады Глеб гуляў у Турцыі і арганізаваць рэальнае спатканне было складана. Святлана вырашыла чакаць, калі футбаліст вернецца на радзіму. Але не вытрымала і напісала яму віншаванні з днём нараджэння — закруцілася актыўная анлайн-пераспіска.

Для першай сустрэчы ў Мінску (дзе была яшчэ тая самая сяброўка з хлопцам) знялі закрытую залу ў «Спортынг клубе». Святлана апісвае Аляксандра як чалавека-свята, які шмат жартаваў і артыстычна распавядаў розныя гісторыі. А калі кампанія выйшла на вуліцу, то пабачыла спевака Аляксандра Разенбаўма, які сам папрасіў у Аляксандра сфатаграфавацца з ім.

Усё гэта вельмі ўразіла Святлану. А калі сябры тактоўна зніклі, футбаліст-лавелас пацалаваў дзяўчыну і прапанаваў паехаць да яго дадому, паабяцаўшы, што «нічога не будзе».

— І вось тут я адказала катэгарычнай адмовай. Для сябе я зразумела адно правіла і рэкамендую яго ўсім дзяўчатам! «Забаронены плод заўсёды салодкі!». Памятайце пра гэта.

У сторыс Святлана шчыра кажа, што не ведае, ці закахалася б у Глеба, калі б ён быў не вядомым футбалістам, а простым сантэхнікам. І сама ж прызнае, што цалкам магчыма, што не.

— Але ў Сашы нерэальная харызма, якая зачароўвае. У той момант я закахалася ў Сашу-футбаліста.

Блогерка бажыцца, што ініцыятыва ішла ад Аляксандра — ён аказваў першыя знакі ўвагі і перыядычна дарыў кветкі. А ёй хацелася рабіць нешта прыемнае для футбаліста. Яна то дасылала яму з раніцы мілыя калажы, то рабіла ў краме з бутэлек «Кока Колы» надпісы «Саша Глеб клёвы спартовец» або «Саша Глеб новых перамог, спартовец-чэмпіён» (памятаеце, быў перыяд, калі на этыкетках друкавалі розныя імёны і словы-матыватары?)

Святлана нават прысвячала каханаму вершы, якія потым агучваў мульцяшны заяц:

— С неба тучки прогоню,

Солнце светит с утречка.

И победы твоей жду.

Саша Глеб, ты — умничка.

Таксама дзяўчына запісвала відэа, на якіх у кароткіх шорціках танчыць з пампонамі і жадае футбалісту перамогі.

Нягледзячы на ўсе старанні Святланы, Аляксандр не спяшаўся сказаць ёй тры запаведныя словы «Я цябе кахаю». Дапамагла яму расказаць пра свае пачуцці іншая дзяўчына.

Святлана і Аляксандр паехалі з сябрамі ў караоке, а там футбаліст нечакана сустрэў былую салістку гурта «Топлес» — вельмі эфектную прыгажуню (верагодна, гаворка ідзе пра былую жонку Глеба).

Цалкам зразумела, што новая абранніца прыраўнавала. А калі каханы вярнуўся, то ўсім сваім выглядам паказвала, як незадаволеная такімі паводзінамі. І вось менавіта ў момант бясконцай крыўды Аляксандр Глеб вырашыў сказаць пра каханне.

Святлана вельмі радавалася, калі Аляксандр упершыню запосціў у сваіх сацсетках іх агульнае фота.

Некаторыя падпісчыцы напісалі Святлане, што заўсёды думалі, што гэта мужчына павінен заваёўваць жанчыну. На што яна адказала:

— Я лічу, што мы таксама мусім аказваць увагу мужчынам. Рабіць кампліменты і захапляцца. А не проста сядзець і чакаць, пакуль нас заваююць. Здзіўляць, ладзіць сюрпрызы. Зараз нехта скажа, што ніхто нікому нічога не вінен. Я з гэтым не згодна. Беражыце сваё шчасце і памятайце, што сям'я — гэта штодзённая праца! Не забывайце пра гэта! Ідзіце адно да аднаго насустрач. А часам зрабіце першы крок, калі спатрэбіцца. І будзе вам шчасце.

Аляксандр і Святлана разам з дачкамі Арынай і Сашай.

Мабыць, жанчына ведае, пра што гаворыць. Бо праз пяць месяцаў пасля сустрэчы Аляксандр Глеб сказаў Святлане, што ніколі больш не ажэніцца. А ўжо ў 2016 годзе пара пайшла ў ЗАГС. Цяпер у пары ёсць дзве агульныя дачкі і нават унук — старэйшая дачка Святланы пабралася шлюбам з футбалістам Уладзіславам Клімовічам і нарадзіла хлопчыка. Святлана вельмі ганарыцца тым, што яна маладая і прыгожая бабуля.

Аляксандр Глеб сабраў у школу дачку-першакласніцу. Ці хапіла рэкамендаванай чыноўнікамі сумы?

«Усё ідэальна чыста». Жонка Аляксандра Глеба расказала, чым ёй падабаецца Дубай

Жонка Аляксандра Глеба шукае дзяўчыну для пляменніка ў інстаграме

Ганна Стафановіч