Музыка1111

«Краскі», Merry Poppins, «Топлес»: што цяпер са спявачкамі папулярных у нулявых гёрлс-бэндаў? 

Калі вы аўтаматычна праспяваеце «Пери-пери-пери-пери-перифериЯ, перифериЯ, перифериЯ», гэта значыць, што беларускія хіты нулявых і па сёння застаюцца недзе глыбока ў вашым сэрцы. Паглядзелі, што сталася з артысткамі айчынных гёрлс-бэндаў.

«Краскі»

«Оранжевое солнце», «Старшый брат», «А он не знает ничего» − на кожнай школьнай дыскатэцы беларускія школьнікі нулявых упрошвалі паставіць гэтыя хіты. Гурт «Краскі» з’явіўся ў 2001 годзе і амаль адразу здабыў папулярнасць, а яго салістка Аксана Кавалеўская стала кумірам для дзяўчынак не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Фота з сайту euroradio.fm

За 2001-2002 гады «Краскі» далі 172 канцэрты, пасля чаго калектыў вырашыў скараць расійскую эстраду. У 2003 году здарыўся скандал. Тады спявачка знайшла пірацкія дыскі са сваімі песнямі ў адной з дзяржаўных крам, а канцэртны дырэктар гурта запатрабаваў разабрацца з пытаннем парушэння аўтарскіх правоў. У хуткім часе ў мінскі офіс гурта ўварваліся сілавікі, а прадстаўнікоў групы абвінавацілі ў вымагальніцтве. Пасля гэтага «Краскі» канчаткова з’ехалі ў Маскву.

У 2006 годзе напярэдадні выбараў прэзідэнта ў Беларусі гурт падтрымаў Аляксандра Мілінкевіча. «Краскі» распаўсюдзілі зварот:

«Мы не па чутках ведаем, што такое рэжым Лукашэнкі. Мы змушаныя былі бегчы спачатку ў Нямеччыну, потым у Расію, а затым у ЗША. Але рэальнасць больш жорсткая, чым нам бы таго жадалася, і ўся надзея зараз толькі на вас і нашу агульную перамогу!».

Праз некалькі гадоў у інтэрв’ю «Нашай Ніве» Аксана Кавалеўская ад усяго адмаўлялася. Вось што яна казала: «Я заўсёды падтрымлівала Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Тое, як мяне імкнуліся выставіць, было толькі піяр-ходам, абсалютна не ўзгодненым са мной асабіста!».

У 2006 годзе Кавалеўская сышла з гурта — яна была цяжарная другім сынам, але яшчэ да родаў разышлася з мужам Аляксеем Воранавым, які быў прадзюсарам «Красок». Яе месца ў гурце займалі іншыя дзяўчыны, але папулярнасць патрохі сыходзіла.

Аксана Кавалеўская. Фота з інстаграма спявачкі

Сама ж Аксана пачала выступаць сольна. Але ж ніводны з новых трэкаў не заляцеў, як бы сказалі б у 2024, у трэнды. Бачачы гэта, артыстка пачала спяваць свае хіты нулявых. Расійскія СМІ пісалі аб тым, што былы муж спрабаваў забараніць Кавалеўскай карыстацца рэпертуарам «Красак», але, здаецца, у яго нічога не атрымалася. Бо Аксана і сёння спявае ў розных клубах (і канечне, на рэтра «супердыскатэках») «Оранжевое солнце».

Жанчына жыве ў Маскве, але яе даволі часта запрашаюць на дні горада ў розныя месцы Расіі. Калі меркаваць па райдары, які ёсць у агульным доступе, то ў мінулым годзе запрасіць Кавалеўскую на нейкае мерапрыемства каштавала ад 3 тысяч долараў.

Дарэчы, у 2020 годзе Аксана Кавалеўская збіралася выступіць на праўладным канцэрце 8 жніўня ў Брэсце, але ў выніку адмовілася (як і шмат іншых спевакоў).

Merry Poppins

Дзве сястры — Алеся і Марына Берулавы — спачатку разам спявалі ў рок-гурце «Мантана». Але ў 2004 годзе скончыўся іх кантракт са студыяй «Саюз». Дзяўчыны адправіліся ў Японію зарабіць грошай. Там яны захапіліся стылем японскай моды Gothic & Lolita і музычным напрамкам сінці-поп. Вярнуўшыся ў Мінск, сёстры стварылі сінці-поп-гурт Merry Poppins.

Скрыншот відэа «Картинки» гурта Merry Poppins

Здаецца, у спявачак усё добра атрымлівалася: яны выступалі ў розных краінах (нават да Японіі дабраліся), атрымлівалі музычныя ўзнагароды, здымаліся для эратычных фотасесій мужчынскіх журналаў Maxim, Penthouse і Playboy. Між іншым, вікіпедыя з гонарам інфармуе, што Merry Poppins стаў першым беларускім музычным гуртом, надрукаваным у Playboy — артысткам прысвяцілі ажно восем старонак.

У 2008 годзе выйшаў студыйны альбом, які запісвалі 4 гады ў студыях Мінска і Масквы. Але ў апошні момант яго назву змянілі з заяўленага «Батэрфляй» на Do svidania. Алеся Берулава пракамэнтавала гэта так: «Нейкі асаблівы падтэкст у змене назвы шукаць не трэба. Проста мы вернемся, калі вецер пераменіцца!». Адразу пасля гэтага гурт перастаў існаваць.

Пазней Алеся тлумачыла «Нашай Ніве» тое рашэнне проста: хацелася сысці на піку. Яна таксама адказала, чаму ў свой час вырашыла з’ехаць з Беларусі ў Расію:

«На жаль, у 2006 годзе так склалася сітуацыя ў Беларусі, што там мне стала няўтульна. Не праз людзей, мае самыя любімыя людзі — гэта якраз беларусы. Складана было нечым займацца, расці. Нейкі застой быццам бы пачаўся. Можа, таму, што ўлада не мянялася? Не ведаю, я ў гэтым не надта разбіраюся. Але я адчувала: што вось сцяна, а вось столь − і ўсё. Далей Дажынкі, кліпчык за пару тысяч, бо за 15 тысяч здымаць — так і не адаб'еш… Вось такія нейкія цяжкасці пачаліся».

Алеся Берулава. Фота з яе інстаграма

У 2016 годзе Алеся заявіла аб адраджэнні групы «Мантана». У адным з інтэрв’ю жанчына распавяла, што новыя музыканты самі адшукалі яе і ўгаварылі выступаць разам, сцвярджаючы, што выраслі на яе песнях.

У 2020 годзе артыстка назірала за тым, што адбывалася ў Беларусі: «У мяне нават была сапраўдная дэпрэсія: чалавек пяць маіх сяброў пабывалі ў турме. Для мяне гэта ўсё было вельмі сумна і трывожна, страшна і горка, і да гэтага часу я вельмі хвалююся з-за таго, што там адбываецца. Неяк вельмі… нават не верыцца, што ўсё гэта адбывалася насамрэч і што да гэтага часу «вісіць» усё. Я тэлефанавала сваім сябрам стала, пыталася: жывыя? І калі я бачу, як дзіця саджаюць, як чалавека прымушаюць нешта казаць на камеру… у мяне гэта выклікае жах. І збянтэжанасць».

Літаральна некалькі дзён таму «Мантана» анансавала вялікі канцэрт у Маскве 15 лютага: у праграме заяўленыя найлепшыя песні за апошнія 25 гадоў, а таксама зусім новыя кампазіцыі.

Алеся Бярулава таксама працуе і як гештальт-тэрапеўтка. Цікавасць да псіхалогіі ў жанчыны з'явілася ў той час, калі яна была замужам за вядомым музыкантам Сяргеем Міхалком.

«Хоць у яго з другога альбома пачаліся цяжкасці з алкаголем, але затое з гэтага пачалася мая псіхалагічная дзейнасць. Спачатку я на ім трэніравалася, − казала Алеся ў інтэрв'ю «Нашай Ніве». — Проста вельмі шмат з ім займалася, важдалася, старалася неяк адвучыць яго піць. У выніку ўсё атрымалася, вось толькі, на жаль, усе мае пачуцці на гэта і сышлі».

Марына Бярулава. Фота з яе інстаграма

Марына Бярулава зараз таксама працуе ў Маскве як псіхалагіня, арт-тэрапеўтка і цялесна-арыентаваная тэрапеўтка. Працуе з тэмамі адносін, эмацыйнай залежнасці, праблемамі ў сэксе, трывогай і страхам.

«Топлес»

У 2005 годзе ў Беларусі з’явілася «свая «Виагра» − менавіта так пазіцыяніравалі гурт «Топлес». Але ж трэба адзначыць, што з гэтым папулярным гуртом вельмі любіць параўноўваць любы беларускі гёрлс-бэнд.

Гурт «Топлес» у нулявыя. Фота з сайту sport24.ru

Дарэчы, у 2023 год «Топлес» у чарговы раз адрадзіўся. За ўсю гісторыю яго салісткамі былі больш за 15 дзяўчат. І шмат з іх хто змог уладкаваць асабістае жыццё — жартавалі нават, што «Топлес» − гэта фабрыка нявест. Артысты, бізнэсмены і спартсмены забіралі вакалістак замуж.

Чаго вартая толькі гісторыя кахання Анастасіі Касянковай і футбаліста Аляксандра Глеба. А пазнаёміліся яны падчас эратычнай фотасесіі. Маладую спявачку і вядомага спартсмена нейкім цудам угаварылі зрабіць даволі адкрытыя здымкі для спартыўнай газеты «Прессбол». Раман развіваўся настолькі імкліва, што ўжо на трэцім спатканні Глеб зрабіў прапанову рукі і сэрцы. Пара ўпотай схадзіла ў ЗАГС і яшчэ год хавала ад усіх навіну аб вяселлі.

Сям’я праіснавала каля сямі гадоў, а потым развялася. Плеткары казалі, што Аляксандр марыў пра жонку, якая будзе нараджаць дзяцей і варыць баршчы, а Анастасію злавала роль дадатка да зорнага футбаліста.

У 2017 годзе Анастасія знайшла эратычны спосаб нагадаць пра сябе публіцы і апублікавала ў сацсетках відэа, дзе яна ў даволі адкрытым топе спрабуе касіць траву ручной касой. Яно хутка разляцелася па медыя.

Анастасія Касянкова. Фота з сайта sport24.ru

Цяпер яна вядзе менш медыйны лад жыцця і нават выдаліла старонку ў інстаграме. У мінулым годзе з’явілася інфармацыя, што Анастасія замужам за беларускім арганізатарам канцэртаў Паўлам Багдановічам. А працуе яна ў сферы турбізнэсу.

Вольга Галыгіна (Вайняловіч). Фота з яе інстаграму

Вольга Вайняловіч пачала будаваць кар’еру мадэлі яшчэ калі вучылася ў школе. Але потым усё ж вырашыла, што бачыць сябе спявачкай. Яна паспяхова прайшла кастынг у новы гурт «Топлес» — і прыкладна ў той жа час пазнаёмілася з комікам Вадзімам Галыгіным. Галыгін у той момант яшчэ быў жанаты, таму, згодна з афіцыйнай версіяй, адносіны ў яго з гарачай спявачкай пачаліся толькі пасля разводу. У 2010 годзе шоумэн зрабіў даволі эфектную прапанову рукі і сэрца: яна прагучала са сцэны фестывалю Comedy Club у Турцыі.

У выніку Вольга стала трэцяй жонкай Галыгіна. У пары двое дзяцей. Вольга час ад часу з’яўлялася ў нейкіх шоу на ТНТ. Але зараз выдаткоўвае ўсе сілы і час на клопат пра мужа і сыноў. Па старой звычцы расійскія СМІ пазначаюць яе ў артыкулах як свецкую львіцу.

Святлана Ліс. Фота з яе інстаграму

А вось ветэранкай калектыву можна лічыць Святлану Ліс. Яна з’явілася ў «Топлес» у 2009 годзе. Але потым прызналася, што ў яе не атрымалася перамагчы боязь сцэны, таму яна ў выніку стала прадзюсаркай і зараз займаецца якраз прадзюсіраваннем гурта «Топлес». У дадзены момант калектыў зноў шукае «стройную дзяўчыну, якая спявае».

Гурт «Топлес» зараз. Фота з інстаграму Святланы Ліс

Каментары11

  • Абармот
    28.01.2024
    ПЯТРО, а какая разница? Измена - это то, что пара договорилась считать измена. Для кого-то фантазии про другого - это уже измена. А кто-то и из-за секса в презервативе переживать не будет
  • Аматары
    28.01.2024
    Ну вось гэтых дзяўчынак-прыгажунек ведаем-памятаем, а вось адкуль узялася тая Мароз, а тым больш ейная Тэсла - вялікае пытанне!
  • Абармот
    28.01.2024
    Merry Poppins - сестры Груздевы здорового человека

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні6

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла на волю настаўніца Алена Стахейка

У Беларусі з гэтага года бясплатна будуць прышчапляць ад віруса папіломы чалавека. Гэта важная змена для дзяўчат4

Дональд Туск: Калі Еўропа хоча выжыць, яна павінна ўзбройвацца

Вільня стала самым буйным горадам у краінах Балтыі11

«Ствараюцца камфортныя ўмовы». Міністр адукацыі выказаўся пра датэрміновае галасаванне студэнтаў8

Прапагандысты настойваюць, што Шэйман расказаў пра Лукашэнку чыстую праўду — проста ўсё пераблытаў2

Абвясцілі намінантаў на «Залатую маліну». У «Джокера. Вар'яцтва на дваіх» — найбольшая колькасць намінацый

У Белавежскай пушчы з'явіліся незвычайныя «ледзяныя валасы». Што гэта такое?

Трамп даручыў свайму спецпрадстаўніку завяршыць вайну ва Украіне за 100 дзён7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні6

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні

Галоўнае
Усе навіны →