«Дабрыня незнаёмцаў заўсёды ўражвае». Беларусы расказалі гісторыі, калі ім на дапамогу прыйшлі зусім чужыя людзі
Беларуска ў тыктоку нядаўна паказала, як забылася ў дождж зачыніць вокны ў аўто. Калі дзяўчына прыйшла да машыны, то ўбачыла, што невядомы накрыў машыну аўтапакетамі, каб туды не зацякла вада. Выданне Ex-press.by сабрала іншыя гісторыі ад беларусаў, калі ім на дапамогу прыйшлі зусім незнаёмыя людзі. Гэта, як выглядае, зусім не рэдкасць.
05.08.2024 / 21:15
Фота ілюстрацыйнае
Ганна:
«Некалькі гадоў таму я ўпершыню адправілася ў падарожжа па Італіі. У першы ж дзень у Рыме ў мяне скралі тэлефон. Ён быў поўны фатаграфій і важнай інфармацыі. Застаўшыся без сувязі і картак, думала, памру.
Калі мясцовы жыхар, пажылы мужчына па імені Лука, убачыў маю разгубленасць, ён прапанаваў дапамогу. Лука дапамог знайсці бліжэйшы паліцэйскі ўчастак, заявіць пра знікненне. Затым запрасіў на кубак кавы, даў скарыстацца сваім тэлефонам, каб напісаць родным.
Ён правёў са мной увесь дзень, паказваючы схаваныя куткі Рыма і распавядаючы цікавыя гісторыі пра горад. Дзякуючы дабрыні і спагадлівасці Лукі я адчула сябе як дома ў незнаёмай краіне. Гэта незабыўна. Цікава, што мы нават не пакінулі адзін аднаму кантакты. Мне крыху шкада».
Максім:
«Я ехаў на машыне з Гродна ў Мінск, трэба было абавязкова быць там а 7-й раніцы. Аўтамабіль раптам заглух пасярод трасы. Ноч, вакол не было ніводнай жывой душы, я пачаў моцна хвалявацца, што затрымаюся.
Але потым пад'ехаў грузавік, кіроўца спытаўся, што здарылася, прапанаваў дапамогу. Ён дапамог дабрацца да СТА. Паломка аказалася сур'ёзнай, аўтамабіль застаўся ў рамонце, а Аляксандр пачакаў і давёз мяне да Мінска.
Зрабіўшы свае справы ў Мінску, я патэлефанаваў да Сашы, запрасіў яго паабедаць. Мы пасябравалі, пішам адзін аднаму часам, і, здаецца, я цяпер ведаю, што ў мяне ёсць надзейны сябар у дарозе».
Кацярына:
«Я пераехала ў Берлін, і ў першы месяц, пакуль асвойвалася, адчувала сябе вельмі адзінокай, удалечыні ад сям'і і сяброў. Неяк раз у краме выпадкова выпусціла свой кашалёк і адышла. А яго падабрала фрау.
Яна не проста вярнула кашалёк, а пацікавілася, ці ўсё ў парадку. Калі даведалася, што я толькі што пераехала і не ведаю нікога ў горадзе, шмат цікавага расказала. Напрыклад, запрасіла на мясцовае мерапрыемства для студэнтаў, там былі іншыя замежнікі, якія таксама вучыліся ў Берліне. Даведалася я там і пра бясплатныя экскурсіі па горадзе і іншыя мерапрыемствы. Увогуле, мне пашанцавала».
Святлана:
«У эміграцыі пазнаёмілася з украінцам Андрыем. Цяпер мы пара. Андрый быў паранены на вайне, цяпер камісаваны і праходзіць рэабілітацыю.
Мы падарожнічалі па Польшчы, былі ў гарах, сустрэлі мясцовага жыхара, Янэка. Ён прапанаваў начлег, вячэру і патлумачыў, як вярнуцца на правільны шлях. Быў здзіўлены, што мы разам — украінец і беларуска. А мы былі здзіўленыя яго гасціннасцю».
Кранальны момант алімпіяды — гандбалістка вынесла траўмаваную суперніцу на руках
Беларусам даводзіцца начаваць на вуліцы, каб падацца на міжнародную абарону — хто вінаваты?