У Італіі ў беларуса забралі машыну за 35 тысяч еўра
У італьянскай правінцыі Рэджа-нэль-Эмілія у 42-гадовага беларуса канфіскавалі аўтамабіль Toyota Rav4 Hybrid, які, як мяркуецца, быў угнаны, а пасля незаконна легалізаваны. Пра гэта паведамляе выданне Stampa Reggiana, піша сайт «Беларусь и мир».
05.08.2024 / 21:28
Аўтамабіль італьянскай паліцыі. Фота: паліцыя Неапаля
Патруль спыніў машыну з беларускімі нумарамі ў раёне ўезду на платную аўтастраду А1 на 135-м кіламетры ў паўднёвым кірунку. За рулём сядзеў беларус, які жыве ў Польшчы і мае польскія правы.
Падчас звычайнай праверкі паліцэйскія выявілі падазроныя анамаліі ў нумары шасі красовера. Фарба, якая пакрывае яго, была мяккай і лёгка здымалася.
Для больш стараннага аналізу кіроўцу даставілі ў аддзяленне ў горад Рэджа-нэль-Эмілія. У выніку выявілася неадпаведнасць паміж годам выпуску аўтамабіля і датамі ў рэгістрацыйных дакументах. А пасля і іншыя несупадзенні камплектацыі з данымі, прадстаўленымі вытворцам. Так пацвердзілася падазрэнне, што красовер, магчыма, быў угнаны і перарэгістраваны па падробленых дакументах.
Транспартны сродак коштам каля 35 тысяч еўра канфіскаваны для далейшага расследавання з мэтай вызначыць яго сапраўднае паходжанне і, калі факт крадзяжу пацвердзіцца, вярнуць маёмасць законнаму ўладальніку.
У дачыненні да беларуса пачаты разгляд: будуць высвятляць, ці мог ён быць датычны да незаконнай легалізацыі аўто. Змяшчаць пад варту яго не сталі.
У Беларусі будуць збіраць яшчэ адно кітайскае аўто — прэміяльнае
Латвія ўсё ж будзе пускаць аўтамабілі з беларускімі нумарамі — у асобных выпадках
Як махляры разводзяць беларусаў на новых аўто з Кітая