На фоне разваг пра шмурдзяк Расія дазволіла імпартаваць віно яшчэ аднаго беларускага завода

Назвы вінаў у дэкларацыях падобныя да еўрапейскіх, пры гэтым пазначана, што яны вырабленыя ў Беларусі.

06.08.2024 / 15:59

Расійскія ўлады дазволілі імпарцёрам увозіць у Расію віны яшчэ аднаго беларускага прадпрыемства — Менскага завода пеністых вінаў. 

Адпаведныя серыйныя дэкларацыі, гэта значыць доўгатэрміновыя дазволы на ўвоз беларускіх вінаў, знайшоў РБК.

Так, расійскім кампаніям дазволілі ўвозіць віны «Эль Класіка Савіньён Блан», «Казерэ Глера Экстра Драй», «Эль Класіка Піна Нуар», «Трэвіла Спумантэ Экстра Драй», «Глера Спумантэ Экстра Драй» і «Палаца дэль рэ Спуманте Экстра Драй». Усяго імпарцёры атрымалі сем дазволаў на ўвоз вінаў Мінскага завода пеністых вінаў.

У верасні 2023 года і ў студзені 2024 года кампанія «Югэксім» атрымлівала дэкларацыі на ўвоз у Расію віна Bulgari Winery ад Мінскага завода пеністых вінаў. На сайце імпарцёра пазначана, што гэтыя віны беларускія. Пры гэтым віно пад аналагічнай назвай выпускае вінаробня, размешчаная ў Малдове.

Расійскія эксперты ацэньваюць аб'ёмы паставак беларускіх вінаў прыкладна ў 100 тысяч бутэлек у год. Пры гэтым яны часцяком дарагія, таму не карыстаюцца шырокім попытам.

Нядаўна стала вядома, што расійскія кампаніі атрымалі права імпартаваць прадукцыю Мінскага завода вінаградных вінаў. Пасля гэтага прадпрымальнік, спецпрадстаўнік Пуціна і кіраўнік віннага дома «Абрау-Дюрсо» Барыс Цітоў заявіў, што Беларусь пастаўляе ў Расію шмурдзяк — гэта значыць няякаснае віно з балка.

У адказ на Мінскім заводзе вінаградных вінаў заявілі, што спыняць пастаўкі ў Расію з-за эканамічнай немэтазгоднасці.

Мінскі завод вінаў адказаў Расіі на «шмурдзяк» — пастаўкі віна ў РФ спыняюцца

Ці праўда, што віно беларускага разліву — шмурдзяк? «Ды што вы!» — кажа энолаг

Беларускія віны ў Расіі хочуць маркіраваць налепкамі «гэта не віно»

Спецпрадстаўнік Пуціна назваў беларускае віно шмурдзяком і абурыўся яго пастаўкамі ў Расію

Nashaniva.com