Кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША жорстка раскрытыкаваў Трампа

Камала Харыс упершыню выступіла на мітынгу разам з кандыдатам у віцэ-прэзідэнты Цімам Уолцам. Па словах губернатара Мінесоты, Дональд Трамп не мае паняцця, што значыць служыць нацыі, піша Deutsche Welle.

07.08.2024 / 11:22

Цім Уолц. Фота: Matt Rourke / AP

Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі на выбарах прэзідэнта ЗША і віцэ-прэзідэнт краіны Камала Харыс упершыню выступіла на перадвыбарным мітынгу з губернатарам Мінесоты Цімам Уолцам, якога яна абрала ў якасці прэтэндэнта на пасаду віцэ-прэзідэнта.

У сваім выступе ў Філадэльфіі (штат Пенсільванія) у аўторак жніўня, Уолц рэзка раскрытыкаваў кандыдата на найвышэйшую дзяржаўную пасаду ад рэспубліканцаў Дональда Трампа, заявіўшы, што ён сее ў краіне «хаос і раскол».

Па ягоных словах, Трамп не мае паняцця аб тым, што значыць служыць нацыі, «бо занадта заняты служэннем самому сабе». За свой тэрмін на пасадзе кіраўніка Белага дома ён давёў эканоміку да краху, заявіў Уолц перад 10 тысячамі прысутных. Акрамя таго, падчас прэзідэнцтва рэспубліканца ў Злучаных Штатах узрасла колькасць гвалтоўных злачынстваў — не лічачы тых злачынстваў, якія здзейсніў сам Трамп, дадаў ён.

Адначасова Уолц падкрэсліў, што перадвыбарная кампанія дэмакратаў — гэта не барацьба супраць Дональда Трампа.

«Наша кампанія — гэта барацьба за будучыню», — растлумачыў ён.

У сваю чаргу Харыс сказала, што яна і яе партнёр на выбарах змагаюцца за будучыню, у якой стануць абараняць фундаментальныя свабоды. Яна выказала ўпэўненасць, што Уолц стане лідарам, «які аб'яднае нацыю і будзе прасоўваць яе наперад».

Яна назвала губернатара Мінесоты змагаром за сярэдні клас, патрыётам, які, як і яна, верыць у незвычайныя перспектывы Амерыкі.

Афіцыйнае вылучэнне Харыс у кандыдаты ў прэзідэнты адбудзецца ў другой палове жніўня,. З'езд Дэмакратычнай партыі пройдзе з 19 па 22 жніўня ў Чыкага. Аднак галасаванне на ім пасля датэрміновага афіцыйнага зацвярджэння кандыдатуры Харыс будзе проста фармальнасцю.

Выбары прэзідэнта ЗША адбудуцца 5 лістапада. Джо Байдэн на фоне росту боязі, у тым ліку ад паплечнікаў па Дэмакратычнай партыі, 21 ліпеня абвясціў аб выхадзе з прэзідэнцкай гонкі і прапанаваў у якасці замены Камалу Харыс.

Тая пагадзілася балатавацца на найвышэйшую дзяржаўную пасаду і атрымала дастатковую падтрымку для афіцыйнага вылучэння дэлегатамі-дэмакратамі на нацыянальным з'ездзе.

Камала Харыс вызначылася са сваёй кандыдатурай на віцэ-прэзідэнта ЗША

Трамп знайшоў вінаватага ў біржавым абвале — ім стала віцэ-прэзідэнт Камала Харыс

Трамп захацеў перанесці дэбаты з Харыс на рэспубліканскі тэлеканал. Тая супраць

Nashaniva.com