Бондарава заявіла, што выйграла суд. І закляйміла тых, хто ўсадзіў ёй нож у спіну

Даносчыца сцвярджае, што выйграла працэс у «Флагман М'юзік» — цэнтра, які прадзюсіруе папулярных блогераў.

07.08.2024 / 18:07

Вольга Бондарава расказала, што выйграла судовы працэс па пазове «Флагман М'юзік».

Прадзюсарскі цэнтр прасіў суд абараніць ягоную дзелавую рэпутацыю, аднак суддзя заняў бок Бондаравай. Падрабязнасці справы не паведамляюцца. Вядома толькі, што даносчыца крыху раней шукала адваката, які дапаможа ёй бясплатна.

Бондарава ў сваім тэлеграм-канале падзякавала чамусьці казакам, заявіла, што яе справа, ні многа ні мала, «аб'яднала бацькоў Беларусі, Расіі і Данбаса» і што яе «падтрымлівалі праваслаўныя, каталіцкія, іудзейскія вернікі і святары». А таксама закляйміла тых, хто «паспяшаўся ўсадзіць ёй нож у спіну».

«Флагман М'юзік» — гэта цэнтр, які займаецца прадзюсіраваннем папулярных блогераў. Сярод іх — Дзмітрый Сіўчык, вядомы пад псеўданімам Дзім Дзімыч.

Сіўчык — вельмі часты госць у тэлеграм-канале Бондаравай. Даносчыца абвінавачвае яго ў «ЛГБТ-прапагандзе» і прапагандзе няправільных, на яе думку, паводзін. Бондарава нават пісала на блогера даносы ў адміністрацыю Лукашэнкі і Мінкульт, але чыноўнікі гэтыя звароты фактычна праігнаравалі.

Мяркуючы па ўсім, вайну з Дзім Дзімычам і ягонымі калегамі Бондарава мае намер працягнуць — яна актыўна рэпосціць заклікі сваіх прыхільнікаў да поўнай забароны гэтых дзіцячых блогераў.

На Бондараву падавалі ў суд не ўпершыню: дзелавую рэпутацыю раней меў намер абараніць гродзенскі партал Grodno.in. Тады справа да суда не дайшла — бакі дамовіліся праз медыятара. Даносчыцы прыйшлося публічна абвяргаць адзін са сваіх пастоў.

На Бондараву зноў падалі ў суд. Хто на гэты раз?

Бясстрашная Вольга Бондарава наехала на Лукашэнку за яго выступ на парадзе

Бондарава пабачыла недахоп патрыятызму ў арганізацыі, якой кіруе Віктар Лукашэнка

Бондарава папрасіла прабачэння за Сялук, але зрабіла гэта без належнай павагі

Бондарава стукала ў КДБ на Вараніцу з «Белай Русі»

Nashaniva.com