У Мінску знайшлі парэшткі пенсіянера, які знік 15 гадоў таму. Яго забіў зяць
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў Мінску раскрылі справу аб знікненні пенсіянера, які знік 15 гадоў таму, паведамілі ў МУС. Сцвярджаецца, што мужчыну забіў зяць, расчляніўшы цела і закапаўшы яго ў парку.
07.08.2024 / 19:59
Скрыншот з відэа
Летась следчыя арыштавалі былога мужа дачкі зніклага, які доўгі час незаконна атрымліваў пенсію замест мужчыны. Суд прызнаў фігуранта вінаватым у махлярстве і прысудзіў да пазбаўлення волі.
Сам жа пенсіянер не выходзіў на сувязь з міліцыяй і спыніў зносіны са сваякамі больш за 10 гадоў таму. Сваякі ж не шукалі мужчыну, бо ён «часцяком пакідаў дом на працяглы час і мог падарожнічаць адзін».
Урэшце следчыя пачалі крымінальную справу і правялі пошукавыя мерапрыемствы па знікненні мужчыны.
У выніку былы зяць прызнаўся, што каля 15 гадоў таму ў яго адбыўся канфлікт з цесцем, у выніку якога той загінуў. Пасля таго ён расчляніў цела і закапаў яго ў лесапарку непадалёк ад дома.
Падчас раскопак, праведзеных супрацоўнікамі міліцыі з прыцягненнем спецыяльнай тэхнікі і кінолага са службовым сабакам, у канцы ліпеня былі знойдзеныя парэшткі ахвяры, якія былі накіраваныя на экспертызу.
Заведзеная крымінальная справа. 56-гадовы былы зяць загінулага прызнаў сваю віну.
У цэнтры Мінска знайшлі чалавечыя парэшткі. Каму яны належаць?
У Манголіі знайшлі парэшткі байца з Беларусі, які загінуў 85 гадоў таму
У Камянецкім раёне ў полі знайшлі парэшткі расстралянага чалавека