Самая маладая зорка беларускай прапаганды паскардзілася, што нехта наліў клей у замок яе дзвярэй
Маладая прапагандыстка Дар'я Рачко не змагла трапіць у кватэру пасярод ночы: чамусьці было немагчыма ўставіць ключ у замок. Пра нечаканыя непрыемнасці дзяўчына распавяла ў сацсетках.
09.08.2024 / 12:50
Дар'я Рачко. Тут і далей: скрыншоты з яе інстаграма
Верагодна, адбылося ўсё на мінулым тыдні. Пачалося з таго, што дзяўчына вырашыла з’ездзіць у свой родны Брэст на тры дні. Пра гэтыя планы яна распавяла ў інстаграме.
— Прыязджаю ў суботу вечарам недзе каля 12-й. Спрабую ўставіць ключ — а ён не ўстаўляецца. Думаю: як цікава — тры дні таму ўстаўляўся, а цяпер ніяк. Я паклікала суседа. Кажу: «Слухай, ну можа я ўжо зусім дура, дапамажы, калі ласка».
Варыянтаў у прапагандысткі было два: нехта змяніў замок або наліў туды суперклей. Пацвердзіўся другі. У выніку Рачко прыйшлося тэрмінова выломліваць з дзвярэй адзін замок і мяняць яго на новы.
— Хто гэта зрабіў і навошта, я высвятляць не буду. Няхай так і застаецца. Проста сітуацыя цікавая. Мы размаўлялі з маімі калегамі. Яны сказалі: «Ну навошта? Проста лішнюю працу нам падкінулі».
Дар’я Рачко стала з'яўляцца ў кадры «Беларусь 1» летам 2021 года, калі была студэнткай журфака БДУ. Спачатку дзяўчына была рэпарцёрам у розных навінах. Але нядаўна ёй даверылі весці аўтарскую рубрыку «Рэмарка». Лексіку яна выкарыстоўвае адпаведную тону астатніх прапагандыстаў: Рачко называла каліноўцаў «гарматным мясам» і «наркаманамі ды алкаголікамі».
Хто яна — самая маладая зорка беларускай прапаганды Дар'я Рачко