Памерла экс-кіраўніца YouTube, якая стаяла ля вытокаў Google

Экс-кіраўніца YouTube Сьюзэн Ваджыцкі памерла пасля двух гадоў барацьбы з ракам. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар Alphabet Сандэр Пічаі. Ёй было 56 гадоў, піша The Insider.

10.08.2024 / 23:23

Сьюзэн Ваджыцкі ў сакавіку 2023 года. Фота: Leon Bennett/FilmMagic

«Яна, як ніхто іншы, звязаная з гісторыяй Google, і цяжка ўявіць cвет без яе, — напісаў Пічаі. — Яна была неверагодным чалавекам, лідарам і сябрам, якая аказала велізарны ўплыў на свет, і я адзін з незлічоных супрацоўнікаў Google, якія сталі лепшымі ад таго, што ведалі яе. Нам будзе яе вельмі не хапаць».

Сьюзэн Ваджыцкі стаяла ля вытокаў стварэння Google — фактычна карпарацыя пачалася ў яе гаражы, які яна здала студэнтам Сяргею Брыну і Лары Пэйджу.

Неўзабаве яна кінула працу ў Intel і пачала працаваць на сваіх арандатараў: Ваджыцкі стала 16-м супрацоўнікам Google і першай жанчынай у кампаніі. Яна ж распрацавала мноства сэрвісаў карпарацыі, у прыватнасці Google AdWords і Google AdSense, цалкам змяніўшы падыход да рэкламы ў інтэрнэце.

У 2005 годзе Ваджыцкі вырашыла стварыць праект Google Videos, аднак ужо тады YouTube абганяў Google Videos па трафіку і росту аўдыторыі. Пазней Сьюзэн назаве праект Google Videos сваёй самай вялікай памылкай.

Ваджыцкі хутка прыняла рашэнне аб куплі YouTube, праз некалькі месяцаў Google купіў YouTube за $1,65 млрд. Як піша The Guardian, на той момант гэта была найбуйнейшая купля кампаніі, а цана — каласальнай.

Неўзабаве Ваджыцкі прыдумала, як манетызаваць YouTube з дапамогай рэкламы і партнёрскай праграмы. У 2010 годзе яна стала старшым віцэ-прэзідэнтам кампаніі Google. Дзякуючы ідэям Сьюзен ў 2010 годзе даход Google склаў больш за $28 млрд, а праз два гады — у 2012-м — ён вырас амаль удвая і склаў больш за $43 млрд у месяц.

У 2014 годзе Сьюзэн Ваджыцкі стала новай генеральнай дырэктаркай YouTube. Яна займала гэтую пасаду да 2023 года.

Ва ўзросце 100 гадоў у Ізраілі памёр Сямён Сімкін, які ў 90 год выйграў забег на 10 тысяч метраў

Дэпутата малдаўскага парламента насмерць укусіла аса

Ірына Фарыён памерла ў бальніцы

Nashaniva.com