Дэпутатка пра збітыя над Беларуссю дроны: Украіна б'ецца ў канвульсіях і агоніі

10 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што над тэрыторыяй Беларусі былі збітыя некалькі паветраных цэляў, якія, як сцвярджаецца, ляцелі з боку Украіны. Цяпер гэтую тэму пачала актыўна акучваць прапаганда.

11.08.2024 / 08:05

На сайце газеты Адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў каментар намесніцы старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Ірыны Даўгала. Жанчыне хапіла лічаных гадзін, каб без аніякіх расследаванняў і яшчэ да з'яўлення візуальных доказаў адшукаць вінаватых. Ну, і вядома, шчодра абслужыць Лукашэнку.

Ірына Даўгала. Фота: sb.by.

Для Даўгала «цалкам відавочна», што парушэнне межаў паветранай прасторы Беларусі беспілотнікамі (дэпутатка ўпэўненая, што гэта ўкраінскія БПЛА) — гэта працяг, калі не сказаць пагаршэнне, падзей апошніх дзён у Курскай вобласці.

«Не трэба быць прафесійным вайскоўцам, каб не бачыць тое, што ўкраінскія сілавыя структуры не пакідаюць спроб у чарговы раз правесці бліцкрыг. Больш балюча ад таго, што гінуць простыя мірныя жыхары, у іх на вачах гараць іх дамы, людзі застаюцца без прытулку, аднак яны не пакідаюць надзеі на больш хуткае завяршэнне ваенных дзеянняў і вяртанне ў свае дамы», — піша Даўгала. Лёсы ўкраінскіх мірных жыхароў яе хвалююць не надта.

Па словах дэпутаткі, у яе ствараецца ўражанне, што Украіна б'ецца ў канвульсіях, у агоніі, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці, якія ім шчодра раздаюць калектыўны Захад і ЕС. Адбываецца гэта каб максімальна нанесці шкоду Расіі і яе саюзнікам.

«Пры гэтым яны забыліся пра два вельмі важныя моманты. Першае: пры парушэнні меж паветранай прасторы Беларусі, ды і не толькі паветранай, паследуе рэакцыя ў адказ, аб гэтым неаднаразова адкрыта і ясна папярэджваў наш кіраўнік дзяржавы, і другое — яны відавочна не памятаюць гісторыю. Бо ў гады Вялікай Айчыннай вайны менавіта на Курскай дузе фактычна завяршылася найбуйная ў сусветнай гісторыі танкавая бітва, якая проста пахавала ўпэўненасць і надзею нацысцкай Германіі на перамогу ў Другой сусветнай вайне і забяспечыла перамогу Чырвонай арміі», — звязвае розныя гістарычныя эпохі Ірына Даўгала.

У канцы свайго каментара дэпутатка рассыпалася ў кампліментах перад Лукашэнкам і згадала яго заклік сесці за стол перамоваў.

«Няхай ніхто не сумняваецца, наш лідар заўсёды трымае руку на пульсе, але адказ будзе, як кажуць, «мала не пакажацца». А патрабаванне для ўсіх беларусаў адно — «нам трэба тут, на зямлі працаваць, як раней гаварылі, не пакладаючы рук, і даваць адпаведныя вынікі». 

Як вайна ўплывае на навакольная асяроддзе? Пагутарылі з эколагам

Зяленскі ўпершыню пракаментаваў аперацыю УСУ ў Курскай вобласці

Nashaniva.com