Грамадства

Як вайна ўплывае на навакольнае асяроддзе? Пагутарылі з эколагам

Ваенныя дзеянні не толькі адбіраюць і калечаць жыцці, разбураюць інфраструктуру і эканоміку. Вайна таксама моцна ўплывае на навакольнае асяроддзе, прычым наступствы не абмяжоўваюцца лініяй фронту і не завяршаюцца адразу пасля спынення агню.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінабароны Украіны

Вайсковыя аб'екты забруджваюць наваколле і ў мірны час

Эколаг, эксперт альянсу «Зялёная Беларусь» і «Зялёнага партала» Уладзіслаў Шумак адзначае, што нават у мірны час вайсковыя аб’екты негатыўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе.

Пры вытворчасці вайсковай тэхнікі не пераймаюцца экалагічнасцю.

«Рухавікі вайсковай тэхнікі не праходзяць сертыфікацыю па шкодных выкідах. У беларускай арміі працягваюць выкарыстоўваць савецкую тэхніку, пры стварэнні якой наогул не глядзелі на нейкія экалагічныя фактары», — адзначае эксперт.

Цяпер жа вытворчасць ВПК павялічваецца.

Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі нашай краіны баявыя дзеянні не вядуцца, больш частае правядзенне вучэнняў у апошнія гады негатыўна ўплывае на беларускую экалогію.

Амерыканцы падлічылі, што для ачысткі і аднаўлення аднаго квадратнага кіламетра зямлі вайсковага палігона патрабуецца $250 мільёнаў — каб вывесці шкодныя рэчывы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінабароны Беларусі

Але той урон, які вайскоўцы наносяць прыродзе ў мірны час, нават і блізка не параўнальны з тым, што адбываецца падчас маштабных ваенных дзеянняў.

Выпаленая зямля

«Нацыянальны экалагічны цэнтр Украіны сёлета апублікаваў рапарт пад назвай «Экалагічныя наступствы вайны для супольнасцяў: вынікі пілотнай ацэнкі і рэкамендацыі».

Там адзначаецца, што падчас вайны самае магутнае шматбаковае экалагічнае ўздзеянне нясуць пажары, выгаранне лясных, сельскагаспадарчых і гарадскіх тэрыторый у выніку артылерыйскіх абстрэлаў і авіяналётаў. Маштабныя пажары прыводзяць да выкіду ў атмасферу велізарнай колькасці вуглякіслага газу і іншых небяспечных рэчываў», — канстатуе эксперт.

Вялізарны ўрон прыродзе таксама наносяць выбухі боепрыпасаў.

«У выніку выбухаў у атмасферу трапляе вялікая колькасць шкодных рэчываў. Так, па адкрытых даных расійскіх навукоўцаў за 2023 год, у вайне з Украінай толькі Расія выкарыстала каля 1,3 мільёна тон боепрыпасаў і 270 тысяч тон выбуховых рэчываў, што прывяло да трапляння ў атмасферу каля 10 мільёна тон газападобных прадуктаў выбухаў.

Гэта ў 120 разоў больш, чым зрабіў выкідаў за аналагічны перыяд Алчэўскі металургічны камбінат — адна з самых шкодных для навакольнага асяроддзя вытворчасцяў», — кажа эксперт.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

Пажары на нафтабазах і рызыка анкалогіі

Самай вялікай праблемай эколаг называе тое, што ўсе гэтыя газападобныя прадукты выбухаў складаюцца з цэлага пакета розных шкодных сінтэтычных рэчываў з доўгатэрміновым уздзеяннем на прыроду.

«Разносяцца яны не толькі ў непасрэднай блізкасці да месца вядзення баявых дзеянняў, а па ўсім рэгіёне Усходняй Еўропы. І Беларусь тут не выключэнне», — адзначае эксперт.

Яшчэ адзін вельмі важны чыннік — пажары на нафтабазах, якія рэгулярна адбываюцца як на тэрыторыі Украіны, так і Расіі. Дым ад такіх пажараў выклікае вельмі моцнае забруджванне паветра шкоднымі арганічнымі злучэннямі, у тым ліку з канцэрагенным эфектам.

У каментары «Голасу Амерыкі» прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі прафесіянальных эколагаў Людміла Цыганок (Украіна) адзначала, што адзін пажар на нафтабазе забруджвае атмасферу прыкладна гэтак жа, як увесь транспарт Кіева за месяц.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: МНС Расіі/ТАСС

«Сярод забруджвальнікаў ёсць вуглевадароды, дыяксід азоту, куча разнастайных рэчываў — серавадарод, фармальдэгід, сажа. Карацей кажучы, гэта рэцэпт надзейнага анкакактэйля», — казала ўкраінская экспертка.

У выніку ваенных дзеянняў забруджваецца не толькі паветра, але і глеба. 

«Для тэрыторыі Украіны характэрны вялізарныя плошчы ўгоддзяў з чарназёмам. Дзякуючы гэтаму Украіна доўгі час была адным з сусветных лідараў па аб’ёме вытворчасці сельгаскультур, перш за ўсё збожжа і сланечніка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP/Evgeniy Maloletka

У глебу ад выбухаў трапляюць цяжкія металы — марганец, хром, нікель, цынк, свінец, кадмій. Гэта прыводзіць да рэзкага пагаршэння якасці глебы, што, у сваю чаргу, уплывае на бяспечнасць сельгаспрадукцыі», — адзначае Уладзіслаў Шумак. 

Усё ў Чорнае мора

Праз вымыванне небяспечных рэчываў з глебы забруджваюцца рэкі, вадаёмы і падземныя воды. Больш за ўсё наступствы ад вайны, на думку эколага, адчуе на сабе экасістэма Чорнага мора, у якую сцякаюць украінскія рэкі.

«Разбурэнне плаціны Кахоўскай ГЭС прывяло да таго, што глей, які ўтрымліваў у сабе вялікую колькасць цяжкіх металаў і радыёнуклідаў, трапіў у мора. Таму экасістэмныя наступствы могуць быць вельмі жудаснымі і іх адчуюць жыхары не толькі Украіны, але і іншых краін чарнаморскага рэгіёну.

Мяркую, што статыстыка ў гэтых краінах праз некалькі гадоў пакажа вельмі моцны рост па анкалагічных і імунных захворваннях», — лічыць эколаг.

Накапленне цяжкіх металаў, па яго словах, адбываецца ва ўсіх месцах, дзе выкарыстоўваецца вайсковая тэхніка, у тым ліку ў глебе на вайсковых палігонах і побач з імі.

Выхлапныя газы і выкарыстанне вугалю

Варта ўлічыць і выкарыстанне вайсковай тэхнікі.

Так, напрыклад, расход паліва ў БТР складае ад 40 літраў на 100 кіламетраў пры руху па шашы, да 140 літраў — пры перасоўванні ў складаных умовах. Ваенны грузавік «Урал» спажывае ад 25 да 40 літраў дызельнага паліва на 100 кіламетраў. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP/Libkos File

Танкі спажываюць каля 150-200 літраў дызпаліва за гадзіну. 

Гэта ўсё тэхніка, пры стварэнні рухавікоў якой экалагічны складнік заставаўся без увагі.

Праз вайну намаганні апошніх гадоў скараціць аб’ёмы шкодных выкідаў у атмасферу ад аўтамабільнага транспарту, прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці сыдуць на не.

Некаторыя краіны Еўропы ў жаданні скараціць аб’ёмы закупак газу ў Расіі, вяртаюцца да выкарыстання вугалю, што запавольвае працэсы вугляроднай энергетычнай трансфармацыі эканомікі гэтых краін і не спрыяе дасягненню міжнародных дамоўленасцяў аб зніжэнні выкідаў парніковых газаў. 

Як хутка вайна паўплывае на клімат?

«Навука паказвае, што цяперашнія змены клімату — гэта вынік уплыву дзеянняў чалавека, зробленых 15-20 гадоў таму. То-бок многія наступствы гэтай вайны мы ўбачым не адразу, а толькі праз 10-15 гадоў, калі казаць пра клімат, — заўважае Уладзіслаў Шумак. —

А вось на надвор’і наступствы вайны мы можам адчуваць і цяпер. У выніку выбухаў у паветра трапляе шмат часцінак пылу, якія могуць быць своеасаблівымі ядрамі кандэнсацыі ў атмасферы, што выклікае стварэнне магутных дажджавых аблокаў. І гэта прыводзіць да лакальнага масіраванага выпадзення дажджавых ападкаў ліўневага тыпу».

Каментары

Латушка — Лукашэнку: Я гатовы ўдзельнічаць у выбарах-2025 годзе, але ты — баязлівец і шулер5

Латушка — Лукашэнку: Я гатовы ўдзельнічаць у выбарах-2025 годзе, але ты — баязлівец і шулер

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка забараніў служыць у МУС беларусам, у якіх ёсць іншае грамадзянства, і пашырыў сілавікам сацпакет11

На Альманскіх балотах буйны пажар: гараць 50 гектараў лесу і балот, задзейнічалі авіяцыю5

У Віцебску правялі падводныя раскопкі і тое-сёе знайшлі

«Замяталін напіўся на «Беларусьфільме» і пачаў страляць з пісталета». Латушка расказаў, як змог звольніць ідэолага15

У Расіі разбіўся самалёт-амфібія, які быў выпушчаны ў адзіным экзэмпляры

На матацыкле, які «Дынама-Брэст» некалі падарыў Дыега Марадоне, ужо два гады ездзіць беларускі калекцыянер1

На Паўднёва-Усходнюю Азію абрынуўся моцны тайфун, ад якога церпяць і беларусы

Кітаянка, якая падарожнічае з баранам па Польшчы, раней выгульвала ў Маскве цяля, а ў Лондане — свінню3

У Ваўкавыску доктар і санітар морга арганізавалі ценявы бізнэс рытуальных паслуг — але ў калонію не трапілі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Латушка — Лукашэнку: Я гатовы ўдзельнічаць у выбарах-2025 годзе, але ты — баязлівец і шулер5

Латушка — Лукашэнку: Я гатовы ўдзельнічаць у выбарах-2025 годзе, але ты — баязлівец і шулер

Галоўнае
Усе навіны →