Высветлілася, хто замест Баха можа ўзначаліць Міжнародны алімпійскі камітэт. Гэта дрэнная навіна для Лукашэнкі і Пуціна

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасцьян Коэ можа ўзначаліць Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) замест Томаса Баха, які абвясціў аб сыходзе з пасады, паведамляе Reuters.

12.08.2024 / 07:00

Себасцьян Коэ, дзейны прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Фота: AP Photo / Gregorio Borgia

На сваёй прэс-канферэнцыі найбольш верагодны і ўплывовы пераемнік Баха Себасцьян Коэ заявіў, што «сур'ёзна абдумае» магчымасць пазмагацца за крэсла прэзідэнта МАК. 

«Я заўсёды ясна даваў зразумець, што калі з'явіцца такая магчымасць (стаць кіраўніком МАК — НН), я, відавочна, сур'ёзна абдумаю гэта. І магчымасць гэтая ўжо ўзнікла», — заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі Себасцьян Коэ.

67-гадовы брытанец Себасцьян Коэ мае за плячыма велізарны спартыўны і арганізацыйны вопыт: двухразовае алімпійскае чэмпіёнства па бегу на дыстанцыю 1500 метраў, галоўная роля ў арганізацыі Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане, кіраванне Нацыянальным алімпійскім камітэтам Вялікабрытаніі.

Аркамя таго, у адрозненне ад Томаса Баха, які ад пачатку вайны спрабуе абараняць ад санкцый спартсменаў, лаяльных рэжымам Лукашэнкі і Пуціна, Себасцьян Коэ, наадварот, жорстка выступае супраць удзелу беларусаў і расіян у міжнародных спаборніцтвах (нават у нейтральным статусе) з-за вайны ва Украіне і ўнутраных палітычных рэпрэсій.

У дадатак да гэтага пры Коэ Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі выкрыла супрацоўніцтва былога прэзідэнта арганізацыі Ламіна Дзіяка з Расіяй ва ўтойванні станоўчых допінг-пробаў расійскіх алімпійскіх атлетаў.

Выбары прэзідэнта МАК адбудуцца ў сакавіку 2025 года.

«Усё вельмі проста. Прэч з Украіны». Міжнародны спартыўны функцыянер сказаў, калі здымуць санкцыі

За гендарным скандалам на Алімпіядзе ў Парыжы стаіць Расія

Беларусам і расіянам дазволілі ўзяць удзел у цырымоніі закрыцця Алімпіяды

Nashaniva.com