МЗС Беларусі паскардзіўся ў ААН наконт «правакацыйных дзеянняў» Украіны

МЗС Беларусі працягвае актыўнасць з нагоды нібыта знішчэння над Беларуссю 13 украінскіх беспілотнікаў. 

13.08.2024 / 18:34

У сувязі з інцыдэнтам з украінскімі БПЛА на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь беларускі бок накіраваў зварот старшыні Савета Бяспекі ААН, у якім прыцягнуў увагу да неабходнасці спынення Украінай правакацыйных дзеянняў, якія нясуць пагрозу ўцягвання Беларусі ва ўзброены канфлікт і яго распаўсюджвання на іншыя краіны рэгіёну, паведамляе прэс-служба МЗС. 

У замежнапалітычным ведамстве заявілі, што калі яшчэ раз падобныя факты паўторацца, то Беларусь пакідае за сабой права на скліканне пазачарговага паседжання Рады Бяспекі ААН.

Ніякіх пратэстаў супраць палётаў расійскіх беспілотнікаў над нашай краінай, Беларусь не выказвала. 

Учора ў МЗС Беларусі быў запрошаны дыпламат ЕС. Па версіі беларускага боку, на ўкраінскім дроне, які нібыта збілі над Беларуссю, была маркіроўка ЕС. 

Пра тое, што СПА Беларусі 9 жніўня збіла над Магілёўскай вобласцю 13 беспілотнікаў, якія ляцелі з Украіны, заявіў учора намеснік начальніка факультэта Генштаба Ваеннай акадэміі Беларусі Андрэй Багадзель.

Аднак, паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», 9 жніўня 2024 года падчас вылетаў авіяцыі УС РБ ніякіх дронаў выяўлена не было. Таксама не было ніякіх запускаў ракет са знішчальніка СУ-30 або верталёта Мі-24.

Менавіта на падставе нібыта збітых дронаў Лукашэнка загадаў узмацніць групоўку беларускай арміі на мяжы з Украінай.

10 жніўня на тэлеканале АНТ з'явілася відэа ад Міністэрства абароны Беларусі з рэшткамі, як сцвярджаецца, збітых украінскіх беспілотнікаў.

Nashaniva.com