СААЗ прызнала мутаваны штам воспы малпаў пагрозай планетарнага маштабу. Што гэта азначае?

Сусветная арганізацыя аховы здароўя пасля экстраннай нарады абвясціла рэжым глабальнай надзвычайнай сітуацыі з-за новага смяротнага штаму воспы малпаў (Mpox), які імкліва паразіў Афрыку. Распрацоўцы вакцыны ад хваробы цяпер нададзены максімальны прыярытэт.

15.08.2024 / 07:22

Вакцыны ад воспы малпаў пакуль не існуе. Фоты: Jeenah Moon / AP Photo / Getty Images. Калаж: «Наша Ніва»

Гендырэктар СААЗ Тэдрас Гебрэіесус афіцыйна ўвёў рэжым «надзвычайнай сітуацыі міжнароднага значэння ў галіне грамадскай аховы здароўя» (PHEIC), які з'яўляецца максімальным узроўнем пагрозы ў рамках СААЗ. Прычынай гэтага кроку стала ўспышка новага мутаванага штаму воспы малпаў (Mpox) у Афрыцы, ад якога пакуль не існуе вакцыны, паведамляе агенцтва Reuters.

Хвароба за некалькі месяцаў ахапіла як мінімум 16 афрыканскіх краін, на шэсць з іх вірус распаўсюдзіўся ўсяго за 10 дзён. Загінула звыш 500 чалавек пры афіцыйна пацверджаных каля 20 тысячах выпадкаў.

Уведзены рэжым PHEIC азначае, што цяпер свет павінен паскорыць клінічныя даследаванні і павялічыць фінансаванне стварэння вакцыны і іншых мер стрымлівання захворвання, каб не дапусціць глабальнай пандэміі.

Новы штам Mpox перадаецца праз дотыкі і іншыя віды фізічнага кантакту паміж людзьмі, уключаючы палавыя акты, асабліва калі яны мужчынскія аднаполыя. Вірус таксама перадаецца праз дыхальныя шляхі (калі людзі стаяць вельмі блізка адно да аднаго) і розныя штучныя паверхні (кухоннае начынне, ручнікі, пасцеля і іншыя). 

Першыя прыкметы ўключаюць ліхаманку, галаўны боль, ацёкі, болі ў спіне, болі ў мышцах і агульную млявасць. Як толькі ліхаманка праходзіць, можа з'явіцца сып у выглядзе пухіроў, часта пачынаецца з твару. Затым ён распаўсюджваецца на іншыя часткі цела, часцей за ўсё на далоні і ступні. Сып, які можа выклікаць вельмі моцны сверб, праходзіць праз розныя стадыі, перш чым, нарэшце, утвараюцца струпы, якія пазней адпадаюць, але могуць пакідаць рубцы.

Галоўнай асаблівасцю новага штаму Mpox з'яўляюцца працяглы і амаль бессімптомны інкубацыйны перыяд (да 21 дня), павялічаная хуткасць распаўсюджвання (у параўнанні з мінулымі штамамі) і больш высокая смяротнасць (мінімум 3-4% ад агульнай колькасці пацыентаў, што таксама перавышае паказчыкі мінулых штамаў). Смяротнасць віруса вышэйшая за смяротнасць першых штамаў каранавіруса ў 2020-2021 гадах (1,2%).

У групах асабліва высокай рызыкі заражэння — дзеці і жанчыны.

Сып ад воспы малпаў. Фота: АР

Сып ад воспы малпаў. Фота: АР

Нагадаем, што ў 2022 годзе ўжо ўзнікала рызыка глабальнай пандэміі воспы малпаў (хвароба тады таксама прыйшла з Афрыкі і распаўсюдзілася па Еўропе, Расіі, ЗША, Канадзе і Аўстраліі). Непацверджаныя выпадкі былі ў Беларусі.

Але тагачасны заходнеафрыканскі штам Mpox, у адрозненне ад цяперашняга, не перадаваўся так хутка паміж людзьмі, меў меншыя паказчыкі смяротнасці, часта працякаў у лёгкай форме і больш паддаваўся лячэнню вакцынамі ад звычайнай воспы (ў 85% выпадкаў вакцыны перамагалі Mpox). У выніку два гады таму ніякай новай глабальнай пандэміі не адбылося.

У мінулым воспа малпаў увогуле не лічылася інфекцыяй, а перадача віруса паміж людзьмі была рэдкасцю. Цяпер жа, як і засцерагаліся навукоўцы, вірус, відавочна, мутаваў з-за змяненняў клімату і яго стала значна складаней адсочваць.

У Беларусі ёсць свая тэст-сістэма для дыягностыкі воспы малпаў

Ці стала болей пасля каранавіруса сардэчна-сасудзістых захворванняў? Вось што заўважылі беларускія дактары

Будаўніцтва завода па вырабе беларускай вакцыны ад кавіду спынілі

Nashaniva.com