Былая палітзняволеная расказала, як сілавікі шукаюць пратэстоўцаў

У першай палове 2024 года Кацярына (імя змененае) трапіла на Акрэсціна, прайшла праз жодзінскую турму і Валадарку. Дзяўчына распавяла «Нашай Ніве», як цяпер сілавікі шукаюць, каго затрымаць па палітыцы, і што можна зрабіць, каб засцерагчыся.

18.08.2024 / 18:55

Кацярына спасылаецца на словы сваёй следчай. Тая тлумачыла: у сілавікоў існуе база з данымі пратэстоўцаў, і калі яны заканчваюць адну справу, адкрываюць базу і бяруць з яе інфармацыю пра кагосьці іншага.

За кратамі дзяўчына чула гісторыі, як людзей забіралі пад’ездамі:

«Напрыклад, у лютым 2024 года губазікаўцы ўзяліся за Бараўляны — як мне расказвалі жыхары таго раёна, лічыцца, што Бараўляны былі актыўныя ў 2020-м. У Фаніпалі таксама зачышчалі цэлыя дамы.

Сядзела з дзяўчынай, якая жыла на шостым паверсе. Забралі першы паверх, другі, трэці, чацвёрты, пяты, а потым адразу сёмы. Тая дзяўчына яшчэ падумала — можа, на яе і мужа нічога не знайшлі? А на наступны дзень прыйшлі па іх». 

Дзяўчыне расказала следчая, што ў 2020-м, калі беларусы спакойна публікавалі на сваіх старонках фота і відэа з пратэстаў, сілавікі ўсё гэта захоўвалі. У іх цяпер вельмі шмат інфармацыі, і Кацярына ўпэўненая, што яны не паспеюць яе апрацаваць да 2025 года і могуць нават падоўжыць тэрмін даўніны па пратэсных артыкулах.

Кацярына тлумачыць, што, калі сілавікі прыходзяць па чалавека, звычайна на яго ўжо ёсць наводка — да прыкладу, фота ці відэа з пратэстаў. Але ўсё роўна ёсць сэнс чысціць дэвайсы. Калі прыходзяць, да прыкладу, па жонку, матэрыялы на мужа шукаюць ужо ў кватэры. Знаходзяць хаця б адзін рэпост — забіраюць яго, як і жонку, на Акрэсціна: яго па адміністрацыйнай справе, яе — па крыміналцы. І далей шукаюць на яго матэрыялы, каб распачаць крымінальную справу.

Суразмоўца адзначае:

«Мяне шакавала, што людзі дагэтуль захоўваюць на тэлефонах і камп’ютарах фота і відэа з 2020-га.

Адна такая дзяўчына, у якой гэта знайшлі, казала мне: маўляў, гэта гісторыя, гэта памяць. А калі яе закінулі на Акрэсціна, сказалі, каб успамінала імёны ўсіх людзей, якія там з ёй на фота. Дзяўчына плакала, пыталася, што ёй рабіць — не магла хлусіць, што не ведае тых людзей, бо на фота яна іх абдымае.

Сустракала за кратамі людзей, якія не зрабілі на пратэстах ні аднаго фота. Іх асудзілі, бо хлопец, які быў наперадзе іх, здымаў відэа ў інстаграм, як ён ідзе на марш, і тыя людзі трапілі ў кадр. Так што захоўваць такое небяспечна і для людзей, якія могуць быць на фота разам з вамі».

Кацярына лічыць, што калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, такія матэрыялы трэба выдаляць. У крайнім выпадку можна захаваць гэта на фізічным носьбіце (да прыкладу, на флэшцы) і закапаць яго. Або, калі ў вас за мяжой сябры і яны не ездзяць у Беларусь, перадаць гэтыя фоты ім і выдаліць у сябе.

Кіраўнік Nexta Сцяпан Пуціла: Нам здавалася, сілавікі і чыноўнікі пяройдуць на бок народа

Як жыве хлопец, які 9 жніўня 2020 года ішоў у счэпцы з амапаўцам

Сілавікі затрымалі іпэшніка за ўдзел у пратэстах 9 жніўня 2020 года

Вера Белацаркоўская