Былы гендырэктар Google заявіў, што «дыстанцыйнікі» — гэта бедства сучасных кампаній. Выбухнуў скандал

У час сустрэчы са студэнтамі Стэнфардскага ўніверсітэта былы гендырэктар карпарацыі Google Эрык Шміт моцна раскрытыкаваў прыхільнікаў аддаленай працы і абвінаваціў іх амаль ва ўсіх няшчасцях Google і іншых сучасных кампаній. Гэтая прамова абурыла многіх.

18.08.2024 / 12:10

Былы гендырэктар карпарацыі Google Эрык Шміт. Фота: Susan Walsh / AP

Па словах былога кіраўніка Google Эрыка Шміта, будучыя ўладальнікі бізнэсаў і кампаній павінны забараніць сваім супрацоўнікам працаваць з дому, каб мець лепшыя, чым у канкурэнтаў паказчыкі, піша выданне Fortune.

Гэтая думка была агучана Шмітам у адказ на пытанне студэнтаў Стэнфардскага ўніверсітэта, чаму карпарацыя Google пры ўсіх яе рэсурсах і магчымасцях у галіне штучнага інтэлекту саступае такім невялікім кампаніям, як OpenAI (стваральніца сусветна вядомай нейрасеткі ChatGPT).

«Google вырашыла, што баланс асабістага і прафесійнага жыцця разам з магчымасцю пайсці з працы крыху раней і працаваць з дому важнейшыя за перамогу. А прычына, чаму стартапы больш эфектыўныя, менавіта ў тым, што людзі там працуюць як шалёныя.

Не хачу падацца вам рэзкім, але факт застаецца фактам: калі вы скончыце ўніверсітэт і захочаце заснаваць сваю кампанію, якая будзе добра канкураваць з іншымі стартапамі, то вы не дазволіце супрацоўнікам працаваць аддалена з дому і прыходзіць на працу ўсяго адзін раз на тыдзень», — параіў студэнтам Стэнфарда былы гендырэктар карпарацыі Google Эрык Шміт.

Крытычныя заявы бізнэсмена трансляваліся на YouTube адміністрацыяй Стэнфардскага ўніверсітэта (відэа сабрала амаль паўтара мільёнаў праглядаў), але праз невялікі час з-за масавага абурэння людзей у каментарах пад відэа прамова Эрыка Шміта была выдаленая з платформы.

Аднак яе поўная расшыфроўка на англійскай мове была захаваная карыстальнікамі партала Github.

Сам Шміт потым выбачыўся за сваю прамову ў Стэнфардзе і падкрэсліў, што шкадуе пра сказаныя ім абразы ў адрас «дыстанцыйнікаў».

Хто найбольш выйграе, а хто прайграе ад пераходу на працу з хаты?

Адчуваеце эмацыйнае выгаранне? Вось тры парады вам, калі вы працуеце аддалена

«Працоўнае месца з відам на раку». Як айцішнікі жывуць у калівінгу на Нёмане

Nashaniva.com