Грамадства44

«Для бацькоў — балючая тэма». Студэнты расказалі, як спынілі навучанне за крок ад дыплома і не пашкадавалі

У нашы часы кожная сесія па-ранейшаму палохае студэнта навіслай пагрозай адлічэння. З іншага боку — усё менш маладых людзей баяцца гэтага моманту і самі прымаюць рашэнне забраць дакументы (нават калі прайшлі больш за палову шляху да атрымання дыплома). Пра падставы для адлічэння, рэакцыю бацькоў і будучыню «Анлайнер» пагаварыў са студэнтамі, якія адважыліся разарваць адносіны з універам.

Калаж: «Анлайнер»

Ілля: «Я разумеў: дакладна не хачу займацца гэтым усё жыццё»

Хлопец вучыўся на мехмаце БДУ і адлічыўся, калі да заканчэння вучобы заставалася крыху больш за паўгода. Ілля з сям'і настаўнікаў. Яму з самага дзяцінства казалі, як важна атрымаць вышэйшую адукацыю.

«Калі паступаў, адразу вырашыў: не хачу грузіць бацькоў выдаткамі на навучанне, а студэнту самастойна сабраць суму на аплату вышэйшай адукацыі вельмі складана. Таму разглядаў толькі бюджэт.

У выбары профілю арыентаваўся на прадметы, якія лёгка даваліся ў школе: фізіку і матэматыку. Лічыў так: здольнасці ёсць, змагу здаць ЦТ на высокія балы. Разглядаў факультэты БДУ альбо БДУІРа. У апошні момант успомніў пра мехмат БДУ, падаў дакументы туды.

Па спецыяльнасцях нас размяркоўвалі ў залежнасці ад балаў. Калі чарга дайшла да мяне, засталася толькі адна свабодная — «навукова-педагагічная дзейнасць». Я разумеў, што дакладна не хачу займацца гэтым усё жыццё. Але думаў, трэба паступіць менавіта ў той год, не прапускаць яго. А куды — гэта ўжо як пашанцуе.

Калі ўпершыню напаткала пачуццё расчаравання? Калі шчыра, ад пачатку не планаваў працаваць настаўнікам матэматыкі. Паколькі мае бацькі — педагогі, я ведаў усе складанасці гэтай працы. Ішоў з надзеяй, што потым змагу перавесціся на іншую спецыяльнасць. Такая магчымасць ёсць, але гэта зусім не лёгка. За час навучання ў нас змаглі перавесціся толькі некалькі студэнтаў, выдаткавалі вельмі шмат сілаў.

Прыкладна праз паўгода я зразумеў, што ў мяне так не атрымаецца. Я ведаў, што пасля навучання давядзецца два гады адпрацоўваць. А ў цяперашнія часы ўсё можа памяняцца ў лепшы бок нават за адзін год. Напрыклад, можна асвоіць спецыяльнасць у іншай сферы.

Таму вырашыў, што не хачу губляць два гады свайго жыцця. Падумаў: самае цікавае з універсітэта — знаёмствы і веды — я ўжо атрымаў.

Жадання дацягнуць да дыплома ў мяне не было, і я забраў дакументы.

Цяпер, пасля адлічэння, я ў стане, якое прынята называць «працягваю шукаць сябе». Хачу знайсці сферу дзейнасці, да якой у мяне будзе ляжаць душа. Чалавек на працы праводзіць велізарную колькасць часу — траціна жыцця. І калі праца не падабаецца, ён будзе няшчасным. Як паказвае практыка і вопыт іншых людзей, калі ты задаволены тым, чым займаешся, рана ці позна гэта пачынае прыносіць грошы.

Праз нейкі час асаблівага шкадавання адносна прынятага рашэння так і не з'явілася. Нават рады, што ўсё ж такі зрабіў гэты крок. Адчуў, што жыццё ў маіх руках, я магу рабіць выбар, уплываць на важныя для мяне падзеі, магу сам прымаць дарослыя рашэнні.

Не кажу, што вышэйшая адукацыя не патрэбна. Думаю, яна неабходная, калі ёсць дакладнае разуменне: абраная спецыяльнасць — гэта тваё пакліканне. Але ісці ва ўніверсітэт, каб проста паступіць ці не адстаць ад былых аднакласнікаў, — па-мойму, так дакладна рабіць не варта.

Лічу, што самае лепшае ў такім выпадку — узяць паўзу, год папрацаваць, зразумець, што табе падабаецца — і вось тады ўжо выбіраць.

Для бацькоў тое, што здарылася, — балючая тэма. Бацька да гэтага часу тэлефануе ў дэканат і пытаецца, ці могуць мяне аднавіць. Складаная сітуацыя, карацей кажучы. У разуменні маіх бацькоў вышэйшая адукацыя — гэта адзіны шанец на паспяховую будучыню сына. Але магу сказаць, што для іх сям'я ўсё адно важнейшая і яны паважаюць мой выбар, кажуць, маўляў, «спадзяемся, што ў цябе ўсё будзе добра».

Аляксандра: «Памятаю, як прыйшла пасля канікул у ВНУ, а на вачах слёзы»

Аляксандра вырашыла не развітвацца з ідэяй атрымання вышэйшай адукацыі, але змяніла тэхнічную спецыяльнасць на гуманітарную. Дзяўчына адлічылася з трэцяга курса факультэта радыётэхнікі і электронікі БДУІРа і паступіла на першы курс факультэта журналістыкі БДУ.

«У мяне ў школе заўсёды былі добрыя адносіны з матэматыкай, у адрозненне ад моў. Лінгвістыку я не лічыла складанай, але нярэдка атрымлівала нізкія балы з-за няўважлівасці. У выніку гэта адштурхоўвала ад гуманітарных прадметаў.

Таму пра прафесію журналіста я тады нават не задумвалася. Хоць была, можна сказаць, актывісткай, любіла выступаць на розных конкурсах. Акрамя таго, я нарадзілася ў сям'і прадстаўнікоў выключна тэхнічных спецыяльнасцяў: сярод сваякоў толькі інжынеры, праграмісты, бухгалтары.

Пры паступленні я здавала матэматыку і фізіку. Паколькі мама і дзядзька вучыліся ў БДУІРы, вырашыла паступіць туды ж. Ніхто не настойваў на выбары, толькі прапанавалі. Але я баялася думаць пра нешта іншае, а сілаў узяць на сябе адказнасць і ўпэўнена заявіць, кім я хачу стаць у будучыні, відавочна не хапала.

Калі шчыра, расчароўвацца пачала ўжо пасля першага семестра. Праграмаванне мяне не моцна ўразіла, запомніліся толькі пары па вышэйшай матэматыцы. Мне здавалася, адзіны варыянт працы пасля заканчэння ўнівера — завод. І гэтая думка ўваходзіла ў дысананс з унутраным адчуваннем сябе як актыўнага і творчага чалавека.

З кожным тыднем вучоба падабалася ўсё менш і менш. Можа, паўплывала і тое, што ў мяне амаль не было захапленняў па-за ВНУ.

Усё, на што мяне хапала, — гэта з'ездзіць на пары, вярнуцца дадому, зрабіць заданні і легчы спаць.

Трэба сказаць, што пары я прапускала вельмі рэдка, была адказнай студэнткай. Але атмасферу ва ўніверсітэце я б не назвала прыязнай для мяне: нярэдка чула, што ў тэхнічнай спецыяльнасці дзяўчатам не месца.

Я вырашыла пайсці адтуль ужо ў другім семестры. Памятаю, як прыехала ва ўніверсітэт пасля канікул, а на вачах слёзы — настолькі не хацелася ісці на заняткі. Але я не ведала, куды яшчэ можна паступіць, таму не наважылася нешта мяняць.

Літаральна праз пару дзён мы перайшлі на аддаленае навучанне праз каранавірус. Увесь другі курс і лета пасля яго мяне суправаджалі цяжкія думкі: хацелася адлічыцца, але пужала, што трэба будзе пакрыць выдаткі на навучанне.

І вось пачаўся першы семестр трэцяга курса. Памятаю, сядзела на пары, і тут раптам наляцела цалкам усвядомленае рашэнне: дакладна буду адлічацца. Адразу пасля таго занятку зазірнула ў дэканат. Аказалася, у маім выпадку аплачваць навучанне не трэба.

Я прыехала дадому і праплакала там некалькі гадзін. Мама выслухала, але ў той момант прапанавала не адлічвацца, бо заставалася ўсяго два гады да атрымання дыплома.

Пасля таго дня я амаль перастала хадзіць ва ўнівер, знайшла матывацыйную кнігу і ў выніку прыйшла да думкі, што хачу стаць журналісткай. У адзін вечар прыйшла да мамы, падзялілася сваім планам і расказала, што дакладна буду сыходзіць з універсітэта.

Гэтым разам яна мяне цалкам падтрымала. Ужо праз пару дзён я напісала заяву на адлічэнне. У дэканаце мяне адгаворвалі некалькі гадзін — увесь час, пакуль я запаўняла паперы. Сказалі так: ёсць яшчэ тыдзень, каб перадумаць. Але гэтым шанцам я не скарысталася.

З кастрычніка па ліпень рыхтавалася да другога паступлення. Працавала ў кавярні, каб самой аплачваць курсы па падрыхтоўцы да ЦТ, а па вечарах глядзела лекцыі. Вядома, у мяне былі думкі, што нічога не выйдзе. Хоць я разумела: калі не ў гэтым годзе, то ў наступным дакладна зраблю.

Маральна ціснула і тое, што мае былыя аднакласнікі ўжо хутка скончаць універсітэт. Аднак я старалася супакойваць сябе сама, сябры і мама таксама падтрымлівалі.

Раней чамусьці дыплом успрымала як гарантыю, што ў жыцці ўсё будзе окей. А яшчэ я разумела: на журфаку будзе шмат карысных знаёмстваў.

У траўні звольнілася і нырнула ў падрыхтоўку да паступлення з галавой. Партфоліа для творчага конкурсу (публікацыі ў СМІ) збірала ў апошні момант, за два тыдні да здачы ўсё паспела. Цяпер вучуся на другім курсе факультэта журналістыкі, чаму вельмі радая».

Аляксандра ў сваім маналогу неаднойчы ўспамінала пра разуменне і нават падтрымку яе няпростага рашэння з боку маці. Журналісты спыталіся ў Аксаны Сяргееўны, што яна адчувала, калі дачка падзялілася сваімі думкамі пра адлічэнне.

«Спачатку мяне ахапіла пачуццё віны, бо гэта я пераконвала дачку паступіць у БДУІР, — успамінае жанчына. — Але з нагоды адлічэння ўсё адно былі сумневы, бо на той момант заставалася ўсяго два гады да дыплома.

Потым я ўсё часцей стала заўважаць, як ёй цяжка. Таму і не стала чыніць перашкод у яе жаданні змяніць спецыяльнасць. Цяпер я бачу, як ёй падабаецца вучыцца, і разумею, што гэты шлях быў пройдзены не дарэмна».

Каментары4

  • Влад
    04.05.2024
    Чё-та очередная дичь с трололайнера. Не захотел отрабатывать 2 года но захотел в армию на полтора? Куда его загребут после отчисления. Серьёзно?
  • Яга
    04.05.2024
    циник, кінуць БДУІР і паступіць на лукашысцкі журфак з адпрацоўкай у раёнцы ці на БТ - гэта магутны рывок да свабоды, нічога не скажаш ))
  • Каласок
    04.05.2024
    Ошибка выжившего — это распространенное когнитивное искажение, из-за которого люди обращают внимание исключительно на успешный опыт и не принимают в расчет неудачи. Это приводит к неверным прогнозам и ошибочным решениям.
    Каму цікава большаць няўдачнікаў, якія не змаглі скончыць універ і зараз іх жыццё радыкальна адрозніваецца ад тых, хто ў артыкуле? Іх значна больш. 

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента10

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат14

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку3

Тварожны пірог з бруснічным варэннем — рэцэпт

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента10

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →