Дзве траціны дзяржСМІ Гомельшчыны працуюць без зваротнай сувязі з чытачамі

У пачатку жніўня ў месенджары Telegram адбылося чарговае абнаўленне, у выніку якога стала адлюстроўвацца колькасць зваротаў да чат-ботаў за апошні месяц. Выданне «Флагшток» скарысталася з гэтага і падлічыла колькасць зваротаў у дзяржаўныя СМІ Гомельскай вобласці.

15.08.2024 / 21:54

Паведамленне пра запуск чат-бота «Гомельскай праўды»

У канцы 2023 — пачатку 2024 года ўсе друкаваныя выданні мясцовых органаў улады Гомельскай вобласці сінхронна завялі чат-боты ў Telegram. Паводле задумкі, новы канал сувязі мусіў даць магчымасць мясцовым жыхарам падзяліцца сваёй навіной і выступіць з прапановай тэмы для публікацыі.

Чат-боты па сутнасці сталі адзінай формай зваротнай сувязі з чытачамі, паколькі каментары ў асноўных тэлеграм-каналах дзяржаўных СМІ, як правіла, адключаныя. «Флагшток» вырашыў, высветліць як часта жыхары звяртаюцца ў рэдакцыі дзяржвыданняў праз чат-боты.

Праведзены маніторынг паказаў наступныя вынікі.

Рэйтынг чат-ботаў у Telegram дзяржаўных СМІ Гомельскай вобласці. Жнівень 2024 года

З 24 тэлеграм-ботаў дзяржаўных СМІ Гомельскай вобласці звароты грамадзян у рэдакцыю за апошні месяц зафіксаваныя толькі ў 7 (30%).

Найбольш актыўна звяртаюцца ў рэдакцыю мясцовай газеты і інтэрнэт-партала жыхары Рэчыцы. Статыстыка зафіксавала ў сярэднім больш за 6 зваротаў у дзень. Актыўная камунікацыя з рэдакцыямі мясцовых дзяржвыданняў адзначаная таксама ў Жлобіне і Калінкавічах. Магчымай прычынай лідарства менавіта гэтых выданняў па колькасці зваротаў карыстальнікаў могуць быць наступствы ўрагану, які пранёсся над тэрыторый вобласці 14 ліпеня 2024 года.

Пра гэта ўскосна сведчыць адсутнасць зваротнай сувязі з чытачамі ў найбуйнейшага рэгіянальнага СМІ Гомельскай вобласці — «Гомельскай праўды».

У загалоўку чат-бота «Гомельскай праўды» адсутнічае колькасць тых, хто ў яго звярнуўся

Поўная адсутнасць зваротнай сувязі з'яўляецца ў рэгіёнах распаўсюджаным з'явай. У 16-ці раёнах Гомельскай вобласці за апошні месяц магчымасцю звярнуцца ў рэдакцыю праз Telegram ніхто не карыстаўся. Сярод іх — і Светлагорскі раён, дзе жыве больш за 75 тысяч чалавек.

Адсутнасць зваротаў у рэдакцыю можа служыць індыкатарам стаўлення мясцовых жыхароў да інфармацыйнай палітыкі выданняў, калі рэальныя праблемы рэгіёну замоўчваюцца.

Прыкладам з'яўляецца закрыццё чатаў у Viber і Telegram серыі «Дыялог з уладай». Калі раней з дапамогай іх мясцовыя жыхары маглі публічна заявіць аб праблемах, то цяпер мясцовыя ўлады аддаюць перавагу іх хаваць. Відавочна, што пры такой палітыцы праблемам не знаходзіцца месца і ў райвыканкамаўскіх СМІ, таму людзі не бачаць сэнсу туды і звяртацца. 

Улады Гомельскай вобласці закрылі чаты ў месенджарах для скаргаў насельніцтва, якія самі і адкрывалі

На прысвечаны Лукашэнку «цытатачэлендж» у Рагачоўскім раёне прыслалі адзіную заяўку ФОТАФАКТ

У Мазыры выракліся ўкраінскіх назваў катлет. Былі «Кіеўскія», сталі «Смачныя з масліцам»

Гамяльчук пракаціўся з дзяржсцягам, каб падняць патрыятызм. У выніку застаўся без BMW і абвінаваціў ва ўсім Польшчу

Nashaniva.com