У Крэве мясцовы гаспадар сабраў самаробны трактар з аўтазапчастак

«Ён любіць тэхніку, і тэхніка любіць яго!», — так з гонарам гаворыць пра свайго мужа Аляксандра Таццяна Трус. Па словах жанчыны, яе муж валодае ўнікальнымі навыкамі і ведамі, якія дазваляюць яму рамантаваць аўтамабілі і нават збіраць іх практычна з нуля. Пра гэта сведчыць самаробны трактар на іх участку, які Аляксандр сабраў для сваёй гаспадаркі, піша смаргонская раёнка «Светлы шлях».

16.08.2024 / 17:29

У дзень прыезду карэспандэнтаў выдання ў Крэва гаспадара трактара не было дома, але пра ўсе тонкасці незвычайнага хобі свайго мужа расказала ягоная жонка.

«Любоў да тэхнікі майму мужу, напэўна, прышчапіў яго бацька яшчэ ў дзяцінстве, які ўсё жыццё прапрацаваў на трактары. У Аляксандра няма непатрэбнай дэталі, і нічога ён не выкідае ў металалом. Кажа, што калі-небудзь гэтая гаечка або шасцярэнька можа стаць часткай вялікага механізму. Вось так прыкладна па крупінках ён некалькі гадоў і збіраў гэты трактар», — расказала Таццяна Трус.

Ні чарцяжа, ні эскіза для рэалізацыі сваёй задумкі ў мужчыны не было. Выкарыстаў тое, што падыходзіла ад іншых аўтамабіляў. Калі падбіраў запчасткі для свайго трактара, улічваў іх сумяшчальнасць. Часам даводзілася дапрацоўваць і перарабляць некаторыя вузлы, каб яны ідэальна спалучаліся паміж сабой. У выніку ўважлівага планавання і эксперыментаў атрымаўся арыгінальны і функцыянальны транспартны сродак.

Сёння без самаробнага трактара сям'і Трусаў было б складана спраўляцца з гаспадаркай. Нягледзячы на тое, што ўчастак каля іх дома па вясковых мерках і невялікі, жалезны памочнік выконвае мноства задач: восенню і вясной заворвае агарод і поле пад пасадку бульбы, а цягам года перавозіць грузы. Улетку, напрыклад, трактар выкарыстоўваюць для перавозкі сена.

«Іншы б зляпіў, каб аўтамабіль хутчэй паехаў. А я раблю, каб было моцна і прыгожа». Як палескі майстар рэанімуе старую тэхніку

Нямецкі рухавік, гідраўліка, плуг у падарунак. Як выглядаюць і колькі каштуюць беларускія трактары-самаробкі 

Жыхар Вілейкі сваімі рукамі сабраў усюдыход, яго назвалі «Бегемотам»

Nashaniva.com