Аўто11

«Іншы б зляпіў, каб аўтамабіль хутчэй паехаў. А я раблю, каб было моцна і прыгожа». Як палескі майстар рэанімуе старую тэхніку

На адну хвалю з жалезам Аляксандр Віктаровіч падсеў яшчэ з дзяцінства, калі круціў ровары і стварыў свае дэльтаплан ды веламабіль. Сёння ён можа рэанімаваць рарытэтны аўтамабіль так, што той стане цікавейшы за новы, піша «Ганцавіцкі час».

У гаражы Аляксандра не пахне аўтакасметыкай і ванільнымі араматызатарамі, якія любяць чапляць у салоне многія аўтамабілісты. Фота Ірыны Дамарацкай

У аўтамайстра — свой герб

«Кручу жалеза з дзяцінства. Спачатку гэта былі велікі самапальныя і нават дэльтаплан, на якім я ад зямлі адарваўся», — успамінае Аляксандр.

Аляксандр Віктаровіч жыве ў палескім райцэнтры Ганцавічы ў доме, які пабудаваў сваімі рукамі. Яго сядзіба прыкметная з дарогі тым, што ўпрыгожаная металічнымі дэталямі.

На ўваходзе ў брамку вісіць герб з надпісам «V custom», што ў перакладзе з англійскай можна разумець, як «В-традыцыя». Некаторыя мінакі фоткаюцца з фамільным знакам майстра па жалезе.

На вежцы дома ўзвышаецца металічны флюгер, а па сцяне «паўзуць» велічэзныя бляшаныя казуркі. Багоўка і жук-насарог выконваюць функцыю агалоўка на вентыляцыйных трубах.

Фота Ірыны Дамарацкай

Падобныя фігуры з бляхі майстар раней ствараў на замову. Дзеля гэтага ён нават адкрываў ІП, а пазней зарэгістраваўся рамеснікам. Але цяпер захапленне кастамайзінгам адпачывае. Майстар кажа, што дэкор пакуль не запатрабаваны. Калі і звяртаюцца знаёмыя па дапамогу, то не дзеля дэкору, а каб залатаць дзірку ў праржавелым метале.

Таму ў вольны ад добраўпарадкавання дома час, майстар знікае ў гаражы.

Ператварэнне інжынера ў аўтамайстра

Так, гараж больш падобны да майстэрні, дзе Аляксандр прапісаўся пасля сыходу з працы на Ганцавіцкім КПД. На камбінаце панэльнага домабудавання ён прапрацаваў менш за год начальнікам арматурнага цэха.

«У адзін цудоўны дзень я страціў працу, наступіў сабе на горла і сказаў сабе, што не пайду шукаць новую працу, а буду займацца тым, чым я ўсё жыццё хацеў. І ні пра што не шкадую», — кажа Аляксандр Віктаровіч.

Да таго часу ў Аляксандра была не толькі ўніверсітэцкая адукацыя, але і досвед працы ў Расіі, а таксама на будоўлях у Мінску. Але сям'я і будаўніцтва ўласнага дома абавязалі ўстрымацца ад працяглых паездак.

За некалькі гадоў будаўніцтва дома гараж стаў месцам перазагрузкі і адзіноты з улюбёным жалезам.

Сярод першых аўто, на якіх Аляксандр вучыўся рэканструкцыі, былі «Жыгулі» дзявятай мадэлі белага колеру без нумара кузава з невядомым годам выпуску.

«Я тады палез яе рабіць, яшчэ нічога толкам не разумеючы ў гэтым. Многія пачынаюць трэніравацца на сваіх аўтамабілях, а ў мяне нахабства хапіла ўзяцца за чужую машыну. Сваю я рамантаваў дзесьці на чацвёрты год», — успамінае Аляксандр.

Каб зразумець, як рабіць, майстар палез у Youtube, дзе было ўбачана безліч усялякай інфармацыі. Адразу глядзеў ролікі на рускай мове. Паступова пераключыўся на амерыканцаў і паглыбіўся больш у гэтую справу, хоць і прыйшлося падцягнуць англійскую мову.

Цяпер Аляксандр глядзіць ролікі на Youtube хутчэй як эксперт. Кажа, што важная не толькі тэхналогія, але і інструмент. Калі ён будаваў першы веламабіль, у распараджэнні былі толькі дрыля, свердзел «на восем» і нажоўка па метале.

Старая трохдвёдзерная «Мазда» — як улюбёны канструктар. Да яе майстар датыкаецца кожны раз для натхнення. Фота Ірыны Дамарацкай

На думку майстра, тады галоўнае было жаданне. Яму вельмі хацелася працаваць з жалезам і ён дамогся, што хобі стала асноўным заняткам.

«Хтосьці паэт, хтосьці любіць корпацца ў гародзе, але больш часу яны трацяць на іншую працу. Так, яны заробяць грошай, але жыццё пройдзе і не будзе адчування радасці.

Мне таксама было складана сябе ламаць, але я змог сябе перабудаваць так, што ўвесь час прысвяціў любімаму занятку, а гараж стаў маім месцам працы», — кажа Аляксандр.

Не гараж, а майстэрня

У гаражы Аляксандра не пахне аўтакасметыкай і ванільнымі араматызатарамі, якія любяць чапляць у салон многія аўтамабілісты. Сцены прасякнутыя пахам алівы, а інструмент і бляха ляжаць напагатове для завяршэння рамонту чырвонай лайбы 1995 года.

Старая трохвёдзерная «Мазда» — як улюбёны канструктар. Да яе майстар датыкаецца кожны раз для натхнення. Спачатку думаў: прыйдзецца трохі ўкласціся — і «тачка» паедзе. Але пры разборцы кузава вылезла столькі праблем, што яна ўжо тры гады стаіць паўразабраная. Майстар мадыфікуе кузаў, і на выхадзе аўто будзе шырэйшым на 6-7 сантыметраў.

Для абнаўлення аўто Аляксандр выгінае крылы. Фота Ірыны Дамарацкай

Для абнаўлення ён выгінае крылы. Кажа, што яшчэ пару гадоў — і яна дакладна «паляціць».

«Гэта занятак для душы і майго самавыяўлення.

Іншы б зляпіў, каб аўтамабіль хутчэй паехаў. А я раблю, каб было моцна і прыгожа.

«Мае» аўтамабілі могуць ездзіць яшчэ дзясяткі гадоў, нягледзячы на свой шаноўны век. Можа, я яе прадам, а можа, пакіну сабе і буду перафарбоўваць штогод у колер настрою», — запэўнівае Аляксандр.

У планах у Аляксандра не толькі выпуск на аўтатрасу чырвонай «Мазды», але яшчэ і абнаўленне гаража, а таксама аздабленне фасада дома.

Майстар падзяліўся, што плануе змантаваць на доме сонечны гадзіннік у форме матылька. Засталося толькі разлічыць і ўвасобіць гэта ў жыццё.

Каментары1

  • Угу
    01.05.2023
    Малойца! Залатыя рукі, шчасьлівы чалавек. Паболей бы такіх майстроў Беларусі, а не тых... што па пляшку кожны дзень бягуць.

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі29

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Усе навіны →
Усе навіны

З'явілася ФОТА з суда над Рыка Крыгерам

Замест СМС — выццё сірэн. МНС хоча памяняць сістэму апавяшчэння падчас непагадзі2

Олаф Шольц дагэтуль глядзіць лямпавы тэлевізар6

Славакія і Венгрыя спыняюць пампаваць нафту праз трубаправод «Дружба». Гэта важна і для Беларусі

УСУ нанеслі ўдар па вайсковым аэрадроме ў Растоўскай вобласці1

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць9

У ЗША вызвалілі жанчыну, якая адсядзела 43 гады ні за што2

Пасля ўрагану беларусы падалі больш за 10 тысяч заявак у Белдзяржстрах1

Пад Мінскам бусел купаўся ў возеры разам з людзьмі ВІДЭА5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі29

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Галоўнае
Усе навіны →