«Што павінна адбыцца, каб усе гэтыя пеўні зразумелі — збярыся і сыдзі, бо вайна прыйшла». Эмацыйны маналог расійскага чыноўніка з-пад Суджы

У інтэрнэце з'явіўся запіс эмацыйнага маналогу Аляксандра Гаркавенкі, які ўзначальвае Ганчароўскі сельсавет Суджанскага раёна Курскай вобласці. Расійскі чыноўнік расказаў пра падзеі перад нападам і ў першыя дні пасля нападу УСУ.

18.08.2024 / 15:06

Пашкоджаныя дамы ў горадзе Суджы. Фота: rodnaya_sudzha / Telegram

Мясцовыя разумелі, што ўкраінскі бок нешта рыхтуе

Мужчына адзначае, што людзі «крайне негатыўна» адносяцца да ўсёй мясцовай і абласной улады, бо яны бачылі, што ўкраінскі бок нешта рыхтуе:

«Людзі за месяц да таго, што адбылося, пісалі калектыўныя скаргі на Міністэрства абароны, прэзідэнта. Яны бачылі знутры, што нешта наспявае. Простыя людзі — таксісты, гандляры, работнікі муніцыпальнай сферы.

Яны бачаць, што нешта накручваецца, усё часцей б'юць дронамі. І ў такія месцы, як запраўка, святло, вада, вышкі сувязі. Інфраструктуру выключаюць. Нават просты чалавек разумее: нас нечага пазбаўляюць, каб нейкія дзеянні зрабіць. І цяпер гэтыя людзі гавораць, калі мы гэта разумелі, то чаму вы гэтага не разумелі?»

Мужчына сцвярджае, што «ўсе грамадзянскія людзі, якія ўсё гэта перажылі і працягваюць перажываць, гавораць аб здрадзе». «Я скажу сваё меркаванне — чысцейшае карупцыйнае разгільдзяйства».

Сітуацыя ў першыя дні наступу

Пасля пачатку наступлення ўкраінскіх войск мясцовыя ўлады сцвярджалі, што нічога страшнага не адбываецца:

«Праблема ў тым, што двое сутак Маскве дакладвалі вельмі прыемныя, навіны, якія давалі надзею. У гэты час мы вельмі моцна гублялі тэрыторыі».

Гаркавенка заўважае, што быў вельмі здзіўлены тым, як добра арыентаваліся на мясцовасці ўкраінскія войскі:

«Я, можна сказаць, мясцовы жыхар, я так не арыентуюся на мясцовасці, як арыентаваліся яны. Я быў проста ўражаны. Мне адзін чалавек тлумачыць, што яны коптарамі вывучалі апошнія два месяцы ўсю мясцовасць. Ну як яны ліха рухаюцца і па лясах, і па палявых дарогах».

Па словах мужчыны, украінскія танкі пайшлі праз Курылаўку па прасёлачнай дарозе, якая была выведзена з гаспадарчага карыстання і адпаведным чынам падрыхтавана да магчымай атакі з боку Украіны. Як сцвярджае мужчына, «самае цікавае, што таблічкі «міны» ёсць, а мін там няма. (…) Гэта бутафорыя».

Гаркавенка згадвае:

«Пры эвакуацыі я сустрэў двух салдат тэрміновай службы. У іх было два ражкі. Я папытаўся: гэта ўсё, што засталося? Адзін адказаў: «Не. Гэта ўсё, што ў нас было», — і дадаў: «Нам сказала камандаванне пратрымацца суткі». Але мы іх сустрэлі на трэція суткі. Яны блукалі па лесе і наткнуліся на нас. (…) Яны расказалі, што сувязі ў іх не было ніякай. Як толькі ўсё пачалося ноччу, іх папярэдзілі: «Не хвалюйцеся. Суткі пратрымайцеся. І там усё будзе добра».

Гаркавенка расказвае пра маштаб руху ўкраінскіх войск: «Я прыязджаю ў Бялоўскі раён, пачынаем эвакуацыю людзей з населеных пунктаў, што знаходзяцца на ўскраіне раёна. Сёння мы прыязджаем у Плёхава, заўтра ўжо ўкраінцы там. Мы прыязджаем ва Уланак, на наступны дзень украінцы ўжо там».

Як сябе паводзіла мясцовая ўлада

Мужчына эмацыйна гаворыць, што быў шакаваны і здзіўлены тым, што ўся грамадзянская ўлада не атрымлівала ніякай інфармацыі і каманды адносна таго, што рабіць. 6 жніўня ў 12 гадзін дня адміністрацыя Суджанскага раёна праводзіла аператыўную нараду. На ёй ні слова не было аб эвакуацыі.

«Кіраўнік адміністрацыі паказваў сваёй абласной уладзе, што сітуацыя пад кантролем. (…) Усё будзе нармальна. Але калі я ўбачыў эвакуацыю дакументаў з ФСБ і паліцыі, то зразумеў усю сур'ёзнасць сітуацыі, што яна не кантралюецца», — расказвае Гаркавенка.

Па яго словах, на наступны дзень быў створаны штаб у адміністрацыі Вялікасалдацкага раёна: «Ужо ўсіх людзей з адміністрацыі Суджанскага раёну вывелі. Ніякая ўлада ў Суджы ўжо не працавала. Усе былі (і галава раёна) у Вялікасалдацкім і адтуль каардынавалі, як можна вывезці людзей з тых населеных пунктаў, дзе яшчэ ўкраінцаў няма».

Па словах Гаркавенкі, улады дакладвалі, што «ўсё нармальна, сітуацыя пад кантролем». Мэр Суджы, знаходзячыся ў Вялікасалдацкім раёне, даваў інтэрв'ю, у якім расказваў пра тое, што ў горадзе «ўсё спакойна». У той жа час, як адзначае мужчына, немагчыма было забраць чатырнаццаць цел загінулых, што знаходзіліся на запраўцы каля населенага пункту Канапелькі ў двух кіламетрах ад Суджы, бо ён знаходзіўся пад кантролем Украіны».

Роўна праз два дні, па словах мужчыны, штаб быў перанесены ў Бялоўскі раён.

Як расказвае Гаркавенка, глава адміністрацыі Бялоўскага раёна Мікалай Валабуеў на прапанову кіраўніка раённага шматфункцыянальнага цэнтра інфармаваць насельніцтва аб эвакуацыі прапанаваў размяшчаць у сацсетках станоўчыя водгукі быццам бы ад задаволеных дзеяннямі адміністрацыі людзей у адказ на шквал негатыву.

«Я думаю, што павінна ў краіне адбыцца, каб усе гэтыя пеўні, якія па трыццаць гадоў сядзяць, зразумелі — збярыся і сыдзі, бо вайна прыйшла. Не, яны ў вайне знайшлі шчыліны, дзе камфортна сябе адчуваюць. (…) Яны сядзяць у кабінетах і не баяцца нічога. І самае галоўнае — ігнаруюць усё тое, што адбываецца на зямлі», — эмацыйна гаворыць Гаркавенка.

У Суджы на Куршчыне знеслі помнік Леніну ФОТАФАКТ

Каля райцэнтра Коранева разбілі яшчэ адну вялікую калону расійскай тэхнікі — Z-блогеры

У пуцінскай адміністрацыі прыдумалі параўноўваць цяперашнія падзеі ў Курскай вобласці з бітвай на Курскай дузе

Nashaniva.com