«Ён быў як прывід». Як Ізраіль змог забіць аднаго з камандзіраў «Хезбалы»

Баявік Фуад Шукр жыў настолькі сакрэтным жыццём, што мала хто ведаў яго імя і твар, а пасля гібелі СМІ памылкова змясцілі здымак іншага чалавека.

19.08.2024 / 15:48

Фуад Шукр. Фота: Wikimedia Commons

Выданне The Wall Street Journal дзеліцца падрабязнасцямі правядзення аперацыі па знішчэнні аднаго з заснавальнікаў і галоўных камандзіраў ліванскай тэрарыстычнай групоўкі «Хезбала» Фуада Шукра.

Як піша выданне, баявік на працягу чатырох дзесяцігоддзяў паспяхова ўхіляўся ад ЗША, якія вялі на яго паляванне пасля падрыву 23 кастрычніка 1983 года казармы амерыканскай пяхоты ў сталіцы Лівана Бейруце, у выніку якога загінуў 241 чалавек.

«Хезбала» афіцыйна заявіла пра сваё стварэнне толькі ў 1985 годзе. Шукр стаў яе першым ваенным камандзірам і працягваў весці партызанскую кампанію на поўдні краіны да той пары, пакуль ізраільскія войскі цалкам не былі выведзены з краіны ў 2000 годзе. Мужчына атрымаў рэпутацыю стратэга, які ведае ўвесь рэгіён.

Пасля аперацыі па захопе 14 чэрвеня 1985 года самалёта авіякампаніі TWA, які ляцеў з Афін, Шукр пайшоў у падполле.

«Ён стаў нябачным», — цытуе выданне словы аднаго са знаёмых баевіка. «Мы чулі яго імя, але ніколі яго не бачылі. Ён быў як прывід», — сказаў выданню сусед.

Мужчына жыў у цэнтры Бейрута і з'яўляўся толькі на некаторых сходах давераных ветэранаў групоўкі. Шукр быў настолькі скрытны, што ліванскія СМІ ў паведамленні аб яго смерці размясцілі фота іншага чалавека.

Як піша выданне, камандзір, якога мала хто ведаў, правёў свой апошні дзень, 30 ліпеня, у сваім кабінеце на другім паверсе жылога дома ў паўднёвым раёне Бейрута Дахія. Ён жыў на сёмым паверсе таго ж будынка, дзе знаходзіўся офіс, што дазваляла звесці да мінімуму перамяшчэнні пад адкрытым небам.

Шукр трапіў пад прыцэл Ізраіля пасля атакі «Хезбалы» 27 ліпеня, у выніку якой на дзіцячай пляцоўцы ў пасёлку Мадждаль-Шамс на Галанскіх вышынях загінула 12 ізраільскіх дзяцей.

30 ліпеня Фуаду Шукру патэлефанавалі на мабільны тэлефон і папрасілі падняцца ў сваю кватэру на пяць паверхаў вышэй. Каля 7 гадзін вечара ізраільскія вайскоўцы нанеслі ракетны ўдар, у выніку якога баявік быў забіты.

Разбураны ў выніку ізраільскага ўдару будынак, дзе жыў Фуад Шукр. Фота: Фота: AP Photo/Hussein Malla

Разам з ім загінула яго жонка і дзве іншыя жанчыны, а таксама двое дзяцей. Як тлумачаць спецыялісты, калі б удар прыйшоўся па офісе баевіка на ніжніх паверхах, маглі б пацярпець іншыя людзі і будынкі.

Адразу пасле атакі не было зразумела, ці загінуў Шукр. Як паведаміў прадстаўнік «Хезбалы», ранкам таго дня, калі была здзейснена атака, арганізацыя аддала загад высокапастаўленым камандзірам схавацца з-за боязі пагрозы іх жыццям. Некаторыя думалі, што Шукр, выконваючы загад, мог збегчы. Спатрэбіўся час, каб знайсці яго цела, якое, як высветлілася, было адкінута ў суседні будынак.

Крыніцы WSJ мяркуюць, што ізраільскія спецслужбы змаглі ўзламаць унутраную камунікацыйную сетку «Хезбалы», пераадолеўшы пратаколы бяспекі, якія не дазваляюць прымаць званкі ад невядомых абанентаў.

Забойства Шукра стала сур'ёзным ударам па «Хезбале», вывеўшы са строю аднаго з найлепшых стратэгаў групоўкі і прадэманстраваўшы ступень пранікнення ў яе аперацыі. У спалучэнні з гібеллю праз некалькі гадзін палітычнага лідара ХАМАСа Ісмаіла Ханіі ў выніку ізраільскай атакі на Тэгеран, гэта паставіла Блізкі Усход на мяжу рэгіянальнай вайны, якую ЗША з усіх сіл спрабуюць прадухіліць.

Ізраіль нанёс удар па Бейруце. Магчыма, забіты адзін з лідараў «Хезбалы»

У Тэгеране знішчылі лідара ХАМАС Ісмаіла Ханію

Антось Жупран