Што цяпер адбываецца з выклікамі ў КДБ за данаты і каго адразу арыштоўваюць нават без прапановы адкупіцца
З моманту апошняга нашага разбору сітуацыі з данатамі прайшоў амаль год. Сітуацыя не палепшылася. Распавядаем, якія тэрміны даюць за данаты, каму ўдалося не плаціць «выкуп», каго адразу арыштавалі і як праходзяць сумоўі.
24.08.2024 / 10:38
Калаж «Нашай Нівы»
Пра якія выпадкі нам вядома?
Нам вядомыя некалькі адносна нядаўніх выпадкаў, калі людзей запрашалі на гутаркі. Усе яны, акрамя аднаго чалавека, выйшлі на волю, заплаціўшы «выкуп». Сумма залежала ад даходу.
Не спыняюцца рэпрэсіі і ў рэгіёнах. Нам вядомы як мінімум адзін выпадак, калі з супрацоўніка дзяржаўнага прадпрыемства ў райцэнтры за зусім невялікі данат (да 10 даляраў) узялі 500 рублёў кампенсацыі — значную суму для малога горада.
У адным новым вядомым нам выпадку чалавек пайшоў аддаваць аплату за «данаты», але трапіў за краты за ўдзел у пратэстах. У яго знайшлі фота з пратэстаў у смартфоне (невядома, дзе канкрэтна — у архівах сацсетак або ў галерэі ці воблаку). Мы раім вычысціць пратэсныя фота з вашых смартфонаў, вось нашы гайды:
Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд
Як праходзіць гутарка?
Само «сумоўе» можа праходзіць па-рознаму. Правяраюць смартфон, банкаўскія праграмы, шукаюць чэкі ў паштовай скрыні, праграмы замежных банкаў і крыптабіржаў. Пачысціце ўсё гэта, калі вы яшчэ гэтага не зрабілі.
Пытаюцца пра стаўленне да ўладаў ды Лукашэнкі, за каго галасавалі, ці ўдзельнічалі ў пратэстах ды іншых актыўнасцях, навошта падтрымліваеце экстрэмісцкія погляды. Калі ў іх узнікаюць падазрэнні ў вашай шчырасці, то задаюць дадатковыя пытанні.
Кадэбісты спрабуюць справакаваць — маўляў, мы ўсё ведаем, кажы адразу, а то будзе горш. Нашы суразмоўцы раяць адказваць, што вы не памятаеце, ці ахвяравалі некаму грошы і прасіць выпіску з банка ці нейкае іншае пацвярджэнне, бо тады стане зразумела, што вам можа пагражаць.
Большасць апытаных намі людзей шчыра не памяталі, колькі і куды ахвяравалі і ці рабілі гэта. Але кадэбісты адразу паказалі ім выпіскі з банкаў або скрыншоты з фэйсбуку.
У нашым гайдзе па перасячэнні мяжы ды мінулым артыкуле пра данаты ёсць тое, на што варта звярнуць увагу ў вашым смартфоне і агулам. Пераправерце ўсё, асабліва месцы, дзе могуць захоўвацца чэкі вашых ахвяраванняў — мэйл, банкаўская праграма замежнага банка, крыптабіржа.
Агулам, калі да вас ёсць пытанні, то вы можаце правесці ў КДБ вельмі шмат часу. І да гэтага варта быць гатовымі.
Па якой схеме цяпер просяць выкуп?
Цяпер, па прааналізаваных намі выпадках, схема такая. Калі чалавек ахвяраваў у BYSOL ці BY_HELP не вельмі буйную суму, то яму прапануюць заплаціць суму ад 500 даляраў (або ад 500 рублёў у рэгіёнах), пры гэтым «для пэўнасці» правяраюць ягоныя смартфон і сацсеткі.
Суму кадэбісты вызначаюць, зыходзячы з афіцыйнага даходу чалавека і таго, колькі ён мае маёмасці. То-бок нават у выпадку вельмі малога даната яна можа быць значна вышэйшай за «сярэднюю». Для айцішнікаў і прадпрымальнікаў, а таксама тых, хто працуе за мяжой, яна звычайна адразу большая, для звычайных работнікаў у Мінску амаль заўжды 500 еўра.
А калі адмовіцца плаціць?
Калі чалавек адмаўляецца плаціць, хоць ёсць нейкія доказы ці кадэбісты пэўныя ў яго «віне», то яму можа пагражаць крымінальная справа і зняволенне. Адзін з такіх выпадкаў нядаўна апісвала «Вясна».
Вядомыя выпадкі, калі людзі даводзілі, што сапраўды нічога не ахвяравалі. Яны пазбягалі як аплаты «выкупу», так і пакарання, але для гэтага патрэбныя моцныя доказы таго, што ты не ахвяраваў. Такія выпадкі цяпер — выключэнне з правілаў.
Каго арыштоўваюць без просьбаў заплаціць і якія тэрміны даюць?
Калі вы ахвяравалі ў іншыя ініцыятывы (BYPOL, Кіберпартызаны і г.д.), на дапамогу Украіне або буйную суму грошаў у BYSOL/BY_help і гэта нейкім чынам выкрылася, то вас адразу арыштуюць. Могуць вас арыштаваць і калі толькі падазраюць у такім ахвяраванні, а толькі пасля разбірацца.
Цяпер часцяком гэта адбываецца на мяжы — у чалавека правяраюць банкаўскую праграму або праграму для куплі крыптавалютаў і знаходзяць там ахвяраванне. Пры гэтым калі вы ўжо заплацілі выкуп за данат у BYSOL, то гэта не пазбавіць вас ад адказнасці за іншыя данаты (напрыклад, на Украіну) і пакаранне будзе суворым.
Колькі прысуджаюць за данаты?
Мінімальны тэрмін, які давалі чалавеку за невялікае ахвяраванне ўжо пасля затрымання — 2 гады хатняй хіміі, але такі чалавек толькі адзін.
Больш за 80 чалавек атрымалі пазбаўленне волі або хімію з накіраваннем. Самы вялікі тэрмін за данаты склаў дзевяць з паловай гадоў калоніі.
Па звестках «Вясны», цяпер не менш за 91 чалавека ўжо асудзілі за данаты. Большасць гэтых людзей атрымала пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.
За што яшчэ цяпер караюць?
Усё часцей адразу арыштоўваюць тых, хто сістэмна дапамагае ці дапамагаў раней палітвязням з уласных сродкаў без удзелу фондаў і аніякай каардынацыі (дасылаў пасылкі і пераводы ў СІЗА ці калоніі). Такая практыка з'явілася ў студзені 2024, пасля аблавы на салідарных з палітвязнямі.
На пол і ўзрост КДБ не звяртае ўвагі. Найстарэйшая з такіх арыштаваных — 68-гадовая берасцейка Наталля Жыгар, якой пагражае да сямі гадоў калоніі.
Усе людзі, асуджаныя па такіх справах, атрымалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Пакуль гэта выключна жанчыны, некаторыя з іх — блізкія сваячкі палітвязняў.
Я ахвяраваў у фонды. Як зразумець, што я ў небяспецы?
67-гадовая беларуска вярнулася са Швецыі. Цяпер ёй пагражае да дзесяці гадоў турмы