«Ахматавец проста збег разам з намі, камандзіры нас кінулі». Аповед палоннага расійскага салдата з-пад Суджы

Расійскі палонны баец з-пад Суджы расказаў пра тое, як была наладжана лінія абароны, што рабілася ў першыя дні ўварвання ўкраінскіх войск у Курскую вобласць і як ён трапіў у палон.

20.08.2024 / 14:42

Аляксандр Бяляеў. Скрын відэа: ButusovPlus / YouTube

На канале ўкраінскага журналіста Юрыя Бутусава з'явілася некалькі відэа размоў з расійскімі палоннымі. Сярод іх — баец тэрміновай службы 488-га мотастралковага палка Аляксандр Бяляеў, які быў сувязістам 17-га батальёна. Іх пазіцыя знаходзілася каля сяла Гуева Суджанскага раёна Курскай вобласці Расіі.

Бяляеў расказвае пра памылкі расійскага камандавання ў арганізацыі лініі абароны:

«Галоўны на нашай лініі абароны (не памятаю яго прозвішча) зрабіў вельмі шырокую лінію абароны. На 500 чалавек каля 15 кіламетраў. На іх было 9 ці 10 пазіцый. Наш камбат адзначаў, што лінія вельмі вялікая і пры гэтым на ёй стаяць адны прызыўнікі тэрміновай службы».

«Мы ў адных трусах пачалі выбягаць»

Як згадвае баец, вечарам напярэдадні атакі УСУ, ён быў на КПП. Там дзяжурны сувязіст сказаў, што «ў тры гадзіны нешта пачнецца».

«Пачаліся масавыя прылёты. Проста паласою пачалі нас выпальваць. (…) У трох метрах ад нашага бліндажа ўпала. Нам дах увесь знесла. Мы з усімі іншымі салдатамі тэрміновай службы ў адных трусах у паніцы пачалі выбягаць».

Як згадвае баец, снарад з рэактыўнай сістэмы залпавага агню патрапіў у бліндаж штабу. «Згарэла жыўцом чатыры чалавекі».

«У прынцыпе, на гэтым прылёты ў нашы бліндажы скончыліся. Але па акрузе іх было шмат. Мы сядзелі, у нас усё трэслася».

Як згадвае Бяляеў, адзін з прапаршчыкаў даў загад схавацца ў памяшканні сталовай, будынак якой быў больш умацаваны. Там байцы правялі рэшту ночы і дзень.

«Камандзіры нас кінулі»

У хуткім часе, па словах салдата, камандзір батальёна разам з іншымі афіцэрамі кінулі ўвесь асабовы склад і збеглі:

«Нам сказалі сядзець і чакаць. Усё будзе нармальна. Другі раз забеглі праз гадзіну. Праз дзве гадзіны да нас прыбег адзін салдат-кантрактнік і гаворыць, што ДРГ заходзіць, пытаецца, дзе афіцэры. Мы іх шукаем, а іх няма. Нас проста кінулі. Усе афіцэры, усё начальства.

З намі застаўся адзін афіцэр і сяржант-кантрактнік. (…) Яны асабліва займацца камандаваннем не могуць. У той жа час, на здзіўленне, у такой страшнай сітуацыі пад усімі прылётамі прыехаў да нас нампаліт. Пазней ён сказаў адыходзіць маленькімі групамі».

Салдат згадвае, што ў першыя ж гадзіны цалкам прапала сувязь: «Прыляцела прама па штабе і разляцелася ўся сувязь. Заставаліся толькі тэлефоны. А вышкі таксама былі збітыя».

Рэзерв, у якім павінна было быць, па словах байца, чатыры танкі, «з'ехаў самы першы».

«Ахматавец проста збег з намі»

Па словах салдата, для ўзмацнення кожнага аддзялення ў ім знаходзілася па два-тры байцы чачэнскага атрада «Ахмат» («нам тлумачылі, што ў нас ёсць абарона») і афіцэры («незразумела адкуль, некаторыя напалову кантужаныя»).

Як заўважае Бяляеў, ахматаўцы «ўсё, што рабілі, гэта чакалі наступу. Абароны там ніякай не было». Адзін з ахматаўцаў патрапіў разам з іншымі байцамі ў палон. «Ён бы па факце нічога б не зрабіў. Не змог бы ні стрымаць, ні затрымаць нікога. Яго б проста застрэлілі. Таму ён проста збег з намі».

«Давялося піць мачу»

Па словах байца, яны адыходзілі групамі па 10 чалавек. Хаваліся ў лесе, ішлі праз балота.

«У першы дзень было яшчэ ўсё больш-менш нармальна, бо мы змаглі паесці ў сталовай. (…) Мы зайшлі ў лесапаласу, якая была сапраўдным балотам. Мы там усе патаналі. Мы ўсе былі стомленыя. Масава ляталі дроны. Мы схаваліся ў кустах і там правялі ноч.

На наступны дзень нам трэба было дастаць хаця б вады, каб ісці далей. Першая група дабралася да рэчкі з чыстай вадой. Другая чакала яшчэ адзін дзень, бо зноў пачаліся прылёты. На наступны дзень мы туды прыйшлі».

Пасля, як згадвае Бяляеў, іх група пайшла не ў тым напрамку і апынулася на ўскрайку лесапаласы. Там яны правялі чацвёра сутак без вады і ежы.

«Я пачаў ужо губляць прытомнасць калі падымаўся. Іншыя таксама. Мы пачалі прыдумваць спосабы [атрымаць ваду]. Пайшоў дождж, мы пачалі збіраць у шлемы. Пілі расу, мачу (гэта не так агідна, як здаецца). Калі б не гэта, я бы не дайшоў».

Бяляеў расказвае, што яны перасоўваліся без зброі і бронекамізэлек: «Мы кінулі ўсю зброю, усю браню. Без усяго пайшлі. Толькі кіцель, штаны — і ўсё. Усё па максімуме скінулі, каб хоць неяк дайсці, таму што мы ішлі, і ў нас у вачах цямнела».

@nashaniva На Куршчыне заўважылі беларускі танк з БЧБ #беларусь #россия #украина #україна #курск #белгород #суджа #всу #зсу #полккаліноўскага #нашаніва ♬ DEVIL SOUL - Phonk Killer

Як трапілі ў палон

Па словах байца, на пятыя суткі яны дайшлі да вады. І ў тым месцы засталіся:

«Мы спусціліся да вады. Пачалі яе піць. Гэта нашмат лепш, чым мача. Трохі аднавіліся, але не асабліва маглі рухацца. Таму вырашылі застацца. Пачалі шукаць нейкія яблыкі.

Пазней высветлілі, што знаходзімся на ўкраінскай пазіцыі. Праз два дні пачулі хаду, але баяліся, што нас застрэляць. Бліжэй да ночы нас заўважылі. Каля нас пачалася стральба. Мы думалі, што не па нас. Потым пачалося па нас. І тут мы ўжо здаліся».

Па словах Бяляева, з сямі чалавек, які здаліся разам з ім, тры — салдаты тэрміновай службы.

Амерыканскія журналісты пабывалі ва ўкраінскай турме, набітай маладымі расійскімі прызыўнікамі

Украіна ўзяла ў палон сотні расійскіх салдат у Курскай вобласці. Расія ўжо ініцыявала перамовы пра абмен

Роту расійскіх салдат узялі ў палон у Курскай вобласці

Nashaniva.com