Расіянін падарваў штаб з афіцэрамі і перайшоў на бок Украіны

Расіянін кінуў гранату ў вентыляцыйную адтуліну падвала штаба падраздзялення «Шторм Z», дзе спаў яго камбат і іншыя расійскія афіцэры. Усяго ў памяшканні знаходзілася каля 15 чалавек.

20.08.2024 / 20:23

Расійскі ваеннаслужачы з пазыўным «Сільвер». Скрын відэа: hochuzhit / YouTube

Галоўнае ўпраўленне разведкі міністэрства абароны Украіны падзялілася дэталямі спецаперацыі «Чарот», у выніку якой расіянін падарваў штаб з афіцэрамі і перайшоў на бок Украіны.

Гэта была сумесная аперацыя праекта «Хачу жыць», які створаны для ваеннаслужачых Узброеных сіл Расіі для добраахвотнай здачы ў палон, і Легіёну «Свабода Расіі».

Як паведамляецца, 24-гадовы расійскі аператар дронаў з пазыўным «Сільвер», які служыў у штурмавым падраздзяленні, што ваявала на Аўдзееўскім напрамку, яшчэ зімою звязаўся з Легіёнам. На працягу пэўнага часу ён перадаваў Украіне каштоўныя разведданыя аб распалажэнні, колькасці і намерах расійскага боку на канкрэтным участку фронту.

Па яго словах, матывам для супрацоўніцтва сталі сістэматычныя ваенныя і іншыя злачынствы расійскага камандавання, у тым ліку катаванні і пазасудовыя пакаранні смерцю людзей, якія адмовіліся ўдзельнічаць у выкананні баявых задач, збіццё і вымагальніцтва, якія былі распаўсюджаны ў яго падраздзяленні.

Як расказвае «Сільвер», дэталі аперацыі па ліквідацыі камандзіра ён абмяркоўваў з украінскім бокам.

У выніку было вырашана, што ён кіне гранату праз вентыляцыйную адтуліну, што выходзіць у падвал і знаходзіцца над ложкам, дзе спаў камбат. Сам баец сцвярджае, што ў памяшканні на момант узрыву знаходзілася каля 15 чалавек.

Пасля гэтага «Сільвер» па прадуманым маршруце перайшоў на тэрыторыю Украіны. Цяпер ён сярод рэкрутаў Легіёна «Свабода Расіі».

«Ахматавец проста збег разам з намі, камандзіры нас кінулі». Аповед палоннага расійскага салдата з-пад Суджы

Пад Льговам у акружэнне трапілі часці расійскай 18-й дывізіі

Пад кантролем УСУ ў Курскай вобласці 1263 кв. км і 93 населеныя пункты — Сырскі

Nashaniva.com