Байдэн ухваліў сакрэтную стратэгію для падрыхтоўкі да імавернага ядзернага супрацьстаяння з Расіяй, Кітаем і Паўночнай Карэяй

На гэтае рашэнне прэзідэнта ЗША Джо Байдэна паўплывалі адразу некалькі трывожных тэндэнцый у свеце, даведалася выданне The New York Times.

21.08.2024 / 09:44

Джо Байдэн. Фота: Evan Vucci / AP

Паводле зацверджанай Байдэнам новай сакрэтнай ядзернай стратэгіі, ЗША павінны рыхтавацца да магчымага скаардынаванага ядзернага супрацьстаяння з Расіяй, Кітаем і Паўночнай Карэяй. У мінулым такі сцэнар падаваўся нерэальным, піша выданне The New York Times.

Выданне адзначае, што амерыканская стратэгія ядзернага стрымлівання, якая абнаўляецца кожныя чатыры гады, настолькі моцна засакрэчаная, што няма аніякіх электронных копій, толькі невялікая колькасць друкаваных копій, якія раздаюцца некалькім высокапастаўленым чыноўнікам і афіцэрам Пентагона, адказным за нацыянальную бяспеку краіны.

Але двум людзям, якія азнаёміліся з дакументам, было афіцыйна дазволена даваць сціплыя каментары СМІ наконт зместу новай стратэгіі, пакуль яе пэўную частку ў будучыні не агучыць публіцы сам Байдэн перад тым, як пакіне пасаду прэзідэнта.

Дзякуючы каментарам двух чыноўнікаў стала вядома, што імавернасць прымянення ядзернай зброі Крамлём ва Украіне ў кастрычніку 2022 года аднамаментна і рэзка ўзрасла на 50% і вышэй, што запатрабавала ад ЗША сур'ёзных дыпламатычных намаганняў па дээскалацыі сітуацыі. 

У новай ядзернай стратэгіі ЗША цяпер прапісана, што «Расія радыкалізаваная», а ідэя прымянення ядзернай зброі ў звычайных канфліктах стала цалкам рэальнай, паведамляе The New York Times.

Другая трывожная тэндэнцыя — хуткарослы ядзерны арсенал Паўночнай Карэі. Па інфармацыі амерыканскай выведкі, цяпер у КНДР ёсць звыш 60 ядзерных боегаловак, што ўдвая больш, чым было пры Трампе, які абяцаў пазбавіць Кім Чэн Ына ядзернай зброі шляхам асабістых перамоваў паміж імі.

«Гэтае пашырэнне арсеналу змяніла характар паўночнакарэйскага выкліку: калі краіна валодала толькі жменькай зброі, яе можна было стрымаць з дапамогай звычайнай супрацьракетнай абароны. Але сёння ядзерны арсенал КНДР хутка набліжаецца да памеру такога ў Пакістана і Ізраіля, і ён досыць вялікі, каб кантраляваць усе рызыкі», — падзяліліся амерыканскія чыноўнікі.

Трэцяй небяспечнай тэндэнцыяй стала нязгодлівасць Кітая і вельмі імклівы рост яго ядзернага арсеналу. 

Так, новая сакрэтная стратэгія ЗША прагназуе, што да 2030 года Кітай займее да 1000 ядзерных боезарадаў, а да 2035 года — ужо 1500. Гэта прыкладна столькі ж, колькі цяпер маюць ЗША і Расія.

«Але на самай справе, Пекін нават апярэджвае нашы разлікі», — кажуць чыноўнікі.

Па іх словах, Кітай на фоне росту свайго ядзернага арсеналу ўсё больш адыходзіць ад перамоваў з ЗША наконт магчымых рызык яго прымянення. З апошняга, кітайцы нядаўна скасавалі дамоўленасць, паводле якой яны папярэджвалі амерыканцаў пра свае будучыя ракетныя выпрабаванні і карысталіся гарачымі лініямі сувязі, каб інцыдэнты або аварыі не перарасталі паміж імі ў ядзерныя сутыкненні, піша The New York Times.

Асноўным фактарам рызыкі ў новай стратэгіі названа кааперацыя паміж Кітаем, Расіяй і КНДР з намёкам на іх будучы імаверны вайсковы альянс. Гэтае партнёрства ўжо актыўна будуецца і карэнным чынам уплывае на Вашынгтон, сказана ў дакуменце.

Разам з УСУ на тэрыторыю Расіі ўвайшла амерыканская вайсковая група FOG. Што за яна?

З'явіўся спіс краін, якіх Расія лічыла патэнцыйнымі цэлямі для ядзернага ўдару. Там ёсць і Кітай, і Іран

Старшыня Генштаба Вялікабрытаніі заявіў, што ёсць толькі тры гады, каб падрыхтавацца да вайны з альянсам дыктатур

Nashaniva.com