Ці стане разметка на дарогах больш трывалай і як будуць апрацоўваць дарогі зімою

«Сусветны досвед паказаў, што лепш за хларыд натрыю нічога няма».

21.08.2024 / 13:13

На пытанні пра разметку і сумесі для адпрацоўкі дарог зімой падчас прэс-канферэнцыі адказаў начальнік упраўлення правядзення работ і ўтрымання дарожнай сеткі «Мінскаўтадор-Цэнтр», які абслугоўвае дарогі Мінскай вобласці, Дзмітрый Дземідовіч.

Ці стане разметка на дарогах больш даўгавечнай

Гарантыйны тэрмін эксплуатацыі гарызантальнай разметкі, нанесенай эмалямі, складае не больш за шэсць месяцаў — пры інтэнсіўнасці руху да 10 тысяч аўтамабіляў у суткі.

Дземідовіч адзначыў, што практычна на ўсіх выездах з Мінска гэты паказчык складае больш за 20 тысяч аўтамабіляў у суткі. А ў самой сталіцы на першай кальцавой неяк была зафіксавана інтэнсіўнасць 137 тысяч аўтамабіляў за суткі.

Спецыяліст адзначае, што дарожнікі не спраўляюцца з вялікім аб’ёмам работ:

«Пытанне ў тым, што гэта вельмі значны аб'ём працы. Каб размеціць усю нашу сетку, у нас на прадпрыемстве дзевяць разметачных машын, і мы паспяваем рабіць разметку раз у год. Каб абнаўляць разметку два разы на год, трэба павялічваць колькасць асабовага складу і тэхнікі або пераходзіць на іншыя матэрыялы».

Цяпер ёсць розныя матэрыялы для разметкі. Пры выкарыстанні халоднага пластыка гарантыйны тэрмін павялічваецца да 2 гадоў у залежнасці ад яго таўшчыні. Выкарыстанне гарачых пластыкаў павялічыць тэрмін службы разметкі да 4 гадоў.

Але выкананне работ з выкарыстаннем халоднага пластыку ў 2,5 разу даражэй, чым работ з выкарыстаннем эмаляў, з гарачым — у 3-4 разы.

Пластык для дарожнай разметкі ўжо выкарыстоўваецца ў Мінску калі адбываецца замена слаёў дарожнага пакрыцця, і гарантыйны тэрмін эксплуатацыі новага складае 4-5 гадоў.

Начальнік упраўлення правядзення работ і ўтрымання дарожнай сеткі «Мінскаўтадор-Цэнтр» Дзмітрый Дземідовіч. Скрын відэа: belpresscenter / YouTube

Паводле слоў Дземідовіча, змена складу эмаляў можа павялічыць тэрмін службы разметкі максімум да 8 месяцаў, але пры гэтым значна ўзрасце кошт работ.

Сёлета на асобных участках дарог з рознай інтэнсіўнасцю руху будзе нанесена разметка з выкарыстаннем эмаляў розных вытворцаў з новым складам і больш працяглым тэрмінам службы. Затым навукоўцы БелдарНДІ прааналізуюць вынікі і прымуць рашэнне.

Ці будуць выкарыстоўваць новыя рэагенты для дарог зімою

Што да новых рэагентаў для апрацоўкі дарог зімой, то Дземідовіч разважае: а ці гатовы падаткаплацельшчыкі плаціць больш?

Спецыяліст адзначыў, што хлорысты кальцый, які выкарыстоўваюць у Расіі, разам з дастаўкай у Беларусь будзе каштаваць у восем разоў больш. Але трэба таксама ўлічваць, што гэты матэрыял вельмі патрабавальны да нормы размеркавання і тэмпературы паветра.

«Калі вы не ўгадалі норму і тэмпература на адзін-два градусы ніжэйшая за тую, што вы прагназавалі, то ён пачынае працаваць, але потым усё зноў замярзае», — тлумачыць Дземідовіч і заўважае, што з хлорыстым натрыем, якім апрацоўваюць дарогі Беларусі, такога не адбываецца.

Што тычыцца каменнай крошкі, то, як сцвярджае спецыяліст, у скандынаўскіх краінах, якія ў асноўным яе выкарыстоўваюць, «пазабівала ўсю ліўневую каналізацыю».

«Сусветны досвед паказаў, што лепш за хларыд натрыю нічога няма», — запэўніў спецыяліст.

Дземідовіч не адмаўляе, што выкарыстанне пясчана-салявых сумесей уплывае на экалогію, але «беларускі спажывец хоча бачыць дарожнае пакрыццё заўсёды чорным, чыстым, без снегу і ехаць з хуткасцю 120 кіламетраў на гадзіну».

Калі ж гаварыць пра досвед скандынаўскіх краін, то там іншыя патрабаванні. Зімою на трасах уводзяцца абмежаванні хуткасці да 80 кіламетраў у гадзіну, розныя патрабаванні да стану дарожнага пакрыцця ў дзённы і начны час, у выходныя дні.

«Таму яны і расходуюць рэагентаў менш і меншы ціск на экалогію», — заўважае Дземідовіч.

У Мінску на скрыжаваннях з'явілася разметка «вафельніца»

У Глыбокім з'явіўся праекцыйны пераход. Што гэта такое?

Маем свой граніт, але дарогі солім. Чаму б не пасыпаць крошкай, як скандынавы?

Nashaniva.com