Маці думала, што інсульт. Сталі вядомыя падрабязнасці смерці 10-гадовай дзяўчынкі ў Старых Дарогах

20 жніўня ў бальніцы Старых Дарог памерла 10-гадовая дзяўчынка. Смерць наступіла раптоўна: увечары дзіця шпіталізавалі ў здавальняючым стане, а праз тры гадзіны бацькам паведамілі страшную навіну. На сувязь з Onlíner выйшаў Сяргей, родны дзядзька дзяўчынкі, і расказаў некаторыя падрабязнасці здарэння.

21.08.2024 / 18:38

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

— Яе маці (мая родная сястра) сказала, што ў нядзелю пляменніца прачнулася і паскардзілася на дрэннае самаадчуванне: яе ванітавала, балела галава. Таксама было скажонае маўленне — як звычайна бывае пры інсульце. Яны звярнуліся ў прыёмнае аддзяленне раённай бальніцы, сястра папрасіла даць накіраванне на КТ або МРТ: ці мала, сапраўды інсульт. 

Дзяжурны доктар сказаў: у дзіцяці інсульту быць не можа, гэта ротавірус. Прапанавалі шпіталізацыю.

Але сястра, пачуўшы, што з галавой у дачкі ўсё ў парадку, напісала адмову, і яны пайшлі дадому.

А ў аўторак дзяўчынцы зноў стала блага. У выніку з тым жа дыягназам (ротавірус) яе гадзін у 18 паклалі ў бальніцу. У 21 гадзіну сястра яе наведвала, усё было нармальна. У 23:45 патэлефанавалі, сказалі, што памерла, — распавёў ён.

Дакладныя прычыны смерці сваякі пакуль не ведаюць: вынікі судова-медыцынскай экспертызы будуць толькі заўтра. 

«Спачатку казалі, што яна захлынулася ванітавымі масамі, потым — што спынілася сэрца», — дадае Сяргей.

Цяпер у бальніцы працуе камісія Міністэрства аховы здароўя і галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама па ацэнцы ўсіх этапаў аказання медыцынскай дапамогі дзіцяці. 

У Старых Дарогах памерла 10-гадовая дзяўчынка. Мінздароўя праводзіць праверку

Nashaniva.com