Што вядома пра 18-гадовага хлопца, якога судзяць за забойства і акт тэрарызму

Аляксею Федзічкіну можа пагражаць аж да расстрэлу, але абсалютна незразумела, каго ён усё ж забіў.

23.08.2024 / 12:18

Аляксей Федзічкін. Фота «Вясны»

Згодна з інфармацыяй праект Digital intelligence team, Аляксей Федзічкін нарадзіўся ў 2006 годзе ў Асіповічах.

Аляксей заўважаны толькі ў адной публікацыі ў інтэрнэце — у «Камсамольскай праўдзе». Разам з бацькам хлопец ездзіў у Берлін, каб дакрануцца да надпісу на Рэйхстагу, які пакінуў яго прадзед, Аляксандр Федзічкін.

Прадзед Аляксандр быў кавалерыстам. За праяўленую ў баях мужнасць быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, Айчыннай вайны II і I ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За адвагу», «За ўзяцце Варшавы» і «За ўзяцце Берліна».

Пасля вайны яго накіравалі служыць у Хойнікі, дзе ён пазнаёміўся з Нінай — будучай прабабуляй хлопца. Пасля служыў у Асіповічах, дзе ў 1972 годзе выйшаў на пенсію.

14-гадовы Аляксей Федзічкін з бацькам побач з надпісам, які ягоны прадзед пакінуў на Рэйхстагу. Фота: Камсамольская праўда

Вядома, што на гэты момант Аляксей паспеў скончыць толькі школу. З архіўнай версіі яго старонкі Укантакце вядома, што хлопец любіць футбол. Усе сацсеткі Федзічкіна ў нейкі момант былі выдаленыя, але ў архіўных версіях няма нічога падазронага.

Малы Аляксей Федзічкін з мячом. Фота з ягонай старонкі Укантакце (архіўная копія)

Дата затрымання хлопца невядомая, як і сутнасць абвінавачання.

Федзічкіна абвінавачваюць па трох артыкулах — «забойства» (ч. 2 арт. 139 КК), «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК) і «незаконныя дзеянні адносна зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» (ч. 4 арт. 295). Яму пагражае ад дзесяці гадоў аж да смяротнага пакарання.

Сітуацый, калі чалавек забівае іншага чалавека — ці выпадкова, ці пасля бытавога канфлікту — хапае. Але ў выпадку Федзічкіна звяртае на сябе ўвагу спалучэнне забойства з «актам тэрарызму» і выкарыстаннем зброі ці выбухоўкі. Тэрарызмам цяпер могуць назваць што заўгодна, але за апошні час не паведамлялася ні пра якія дыверсіі, якія прыводзілі б да чалавечых ахвяраў. Напрыклад, нават немцу Рыка Крыгеру інкрымінавалі «акт тэрарызму» — але ж без забойства.

Суд над Федзічкіным пачаўся 22 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе.

Судзіць яго Міхаіл Макарэвіч. Ён прысудзіў толькі па вядомых адміністратыўках каля 1800 сутак арышту і 29000 рублёў штрафаў. Судзіў ён людзей і па больш чым 30 палітычных крыміналках. А раней працаваў у Следчым камітэце.

Міхаіл Макарэвіч. Фота: тэлеграм-канал «Дзікае паляванне»

У Мінску за акт тэрарызму і забойства будуць судзіць 18-гадовага хлопца — акалічнасці справы невядомыя

Прапаганда паказала фільм пра Крыгера. З яго вынікае, што немца мог разыграць КДБ, а пытанняў болей, чым адказаў

КДБ можа прапаноўваць людзям супрацу пад выглядам украінцаў. Аналіз фільма пра «тэрарыстаў, якіх вяло СБУ»

Nashaniva.com