Мужчына, які ўчыніў тэракт у Германіі на гарадскім свяце, здаўся паліцыі

Паліцыя Германіі затрымала мужчыну, якога падазраюць у забойстве траіх чалавек на гарадскім свяце ў Золінгене ў пятніцу, 23 жніўня. 

25.08.2024 / 09:01

«Чалавек, якога мы шукалі ўвесь дзень, толькі што быў затрыманы», — паведаміў тэлеканалу ARD міністр унутраных спраў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія Герберт Рэул. Ён не прывёў іншых падрабязнасцяў.

СМІ пішуць, што падазраваны сам здаўся ўладам. 

Паводле Der Spiegel, 26-гадовы падазраваны прыбыў у Нямеччыну ў канцы снежня 2022 года і запытаў прытулак. Ён не знаходзіўся ў полі зроку праваахоўных органаў. Па даных Bild, ён падышоў да паліцыянтаў увесь у крыві і сказаў: «Я той, каго вы шукаеце».

Адказнасць за напад у Золінгене ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».

Святкаванне 650-годдзя горада ў нямецкім Золінгене (федэральная зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія) у пятніцу, 23 жніўня, абярнулася трагедыяй. У сярэдзіне прымеркаванага да памятнай даты «фестывалю разнастайнасці» на адной з цэнтральных плошчаў горада на прысутных напаў невядомы з нажом.

У выніку нападу былі забітыя як мінімум тры чалавекі. Яшчэ восем чалавек атрымалі раненні.

Святкаванні, якія павінны былі працягнуцца да 25 жніўня, былі адмененыя.

Nashaniva.com