Прадстаўнік «Белпола» расказаў, ці ёсць сярод апазіцыі агенты спецслужб
«У нас вельмі часта блытаюць вярбоўку з нейкімі меркантыльнымі інтарэсамі асобна ўзятага палітыка».
25.08.2024 / 10:15
Уладзімір Жыгар. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube
Прадстаўнік аб'яднання былых сілавікоў «Белпол» Уладзімір Жыгар у новым выпуску ТОКу адзначыў, што вызначыць агента дастаткова цяжка, няма адзінага алгарытму, па якім можна вылічыць чалавека, які супрацоўнічае са спецслужбамі.
Але ёсць некалькі момантаў, на якія варта звярнуць увагу.
«Нешта можна вызначыць па тым, як ён патрапіў да цябе ў атачэнне, аб чым пытаецца, Калі гэта проста нейкі «залётны чалавек», то ён пачынае цікавіцца рэчамі, якія, як правіла, не павінны нікога ўвогуле цікавіць, акрамя цябе. Ён пачынае цікавіцца рэчамі, якія выходзяць за рамкі таго, чым ён займаецца ці чым ён раней цікавіўся», — расказвае былы сілавік.
На пытанне, ці праўда, што беларуская апазіцыя напічкана агентурай, як пра гэта гаворыць Зянон Пазняк, Жыгар адказаў:
«Калі Зянон Станіслававіч нешта гаворыць, то трэба прыводзіць аргументы, а не складваць рукі і казаць: «Так гэта ж відавочна. Мы пра гэта раскажам, але праз некалькі гадоў». Так нельга.
Вы, калі ласка, прыводзьце канкрэтныя аргументы проста цяпер. Прычым не канспіралагічныя, а канкрэтныя. Бо распаўсюджваюцца тэорыі тыпу, хтосьці з некім некалі вучыўся, значыць ён на сто адсоткаў з'яўляецца завербаваным. Гэта не так».
Па словах Жыхара, безумоўна, ва ўсім дэмакратычным руху ёсць завербаваныя людзі, але
«ўявіць, што спецслужбы мэтанакіравана адправілі чалавека, які здолеў уклініцца ў дэмакратычны рух, прычым на дастаткова высокім узроўні, малаверагодна — хутчэй не, чым так».
«У нас вельмі часта блытаюць вярбоўку з нейкімі меркантыльнымі інтарэсамі нейкага асобна ўзятага чалавека, палітыка», — заўважае белполавец.
Глядзіце выпуск цалкам:
Зянон Пазняк адказаў, ці зайздросціць сучаснай апазіцыі і чаму лічыць іх агентурай
Чатыры спосабы вярбоўкі людзей за мяжой, якія выкарыстоўваюць беларускія спецслужбы
Як вызначыць агента ў сваім атачэнні