Дуда аб вызваленні Пачобута: Я бачу сімптомы перамен, мы значна бліжэйшыя

Прэзідэнт Польшчы заявіў, што польскі бок стаў бліжэй у справе вызвалення палітзняволенага журналіста.

25.08.2024 / 15:43

Гэтыя словы Анджэя Дуды прагучалі ў інтэрв'ю Kanału Zero, перадае reform.news.

Ён расказаў аб абмене зняволенымі, які адбыўся паміж Расіяй і заходнімі краінамі.

«Мы не ўдзельнічалі ў гэтых перамовах. Гэта праўда. Гэтыя перамовы вялі амерыканцы. Менавіта амерыканцы размаўлялі з Расіяй. Менавіта яны вялі гэтыя перамовы з самага пачатку. Вось што я магу сказаць з гэтай нагоды.

Гэтая невялікая адліга ў плане вызвалення зняволеных таксама наступіла пасля майго вяртання з Кітая. Мы рознымі спосабамі, не з учарашняга дня, дамагаемся вызвалення Анджэя Пачобута. Рознымі спосабамі. Мы не забываемся на гэтую справу, мы імкнемся да яе.

Мы маглі б паспрабаваць заблакаваць гэты абмен шпіёнамі. (…) Таму што польскія ўлады даведаліся пра гэта ў апошні момант. (…) Да нас, як да саюзнікаў, быў звернуты заклік, каб абмен адбыўся. Было прынятае цяжкае рашэнне. Прэм'ер-міністр павінен быў прыняць гэтае рашэнне, ён папярэдне пагаварыў са мной. Я разумею, што гэта было цяжкае рашэнне. Я не адмаўляю гэтага рашэння».

Дуда расказаў пра сітуацыю з Анджэем Пачобутам і магчымыя шляхі выхаду з яе. Па словах польскага лідара, ён не ведае, як паставіўся б Анджэй Пачобут да магчымасці быць абмяняным на расійскіх шпіёнаў.

«Аднак я хачу вас запэўніць, што мы працуем над справай Андрэя Пачобута. У мяне не было магчымасці паразмаўляць з Анджэем Пачобутам пра гэтую справу.

Некалькі гадоў таму мы прапаноўвалі розныя варыянты ягонага вызвалення з турмы, паколькі ён правёў у турме шмат гадоў, ён не пагадзіўся на некаторыя рашэнні, якія мы прапаноўвалі. Гэта была праўда на той момант. Я не ведаю, ці хацеў бы ён, каб яго абмянялі на шпіёнаў, не маючы магчымасці вярнуцца ў Беларусь, без магчымасці, такім чынам, быць са сваёй сям'ёй. Без магчымасці быць нармальным грамадзянінам.

Мы таксама лічым, што ён быў арыштаваны незаконна, што ён утрымліваецца пад вартай незаконна, што ён невінаваты, свабодны, сумленны чалавек. Таму яго святое права — выйсці з гэтай турмы і мець магчымасць перасоўвацца па Беларусі, дзе яму падабаецца, як вольны чалавек, як грамадзянін Беларусі.

Ён — грамадзянін Беларусі. Ён падкрэсліваў гэта шмат разоў — я грамадзянін Беларусі. Так, я паляк, гэта маё паходжанне, гэта мая кроў, гэта мае гены. Гэта мая спадчына — польскасць. Але я нарадзіўся ў Беларусі, я грамадзянін Беларусі, я знаходжуся на сваёй радзіме», — сказаў Дуда.

«Часу на перамовы не было. Калі б абмен заблакавалі і высветлілася, што гэта было супраць волі Анджэя Пачобута, у нас узнікла б вельмі сур'ёзная праблема», — дадаў ён.

Кажучы пра шанцы на вызваленне Пачобута, палітык заявіў, што бачыць у перамовах з беларускім бокам «сімптомы перамен».

«Я думаю, што мы значна бліжэйшыя. Мы не на паўкрокі бліжэйшыя. (…) Мы дзейнічаем вельмі актыўна, і я бачу сімптомы перамен на другім баку. (…) Мы значна бліжэйшыя», — заявіў ён.

Нагадаем, у лютым 2023 года Пачобута прыгаварылі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Журналіста прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без змены.

1 жніўня ў Анкары адбыўся найбуйнейшы з часоў Халоднай вайны абмен расійскімі і заходнімі зняволенымі. У аперацыі па абмене ўдзельнічалі 24 зняволеныя з ЗША, Германіі, Польшчы, Славеніі, Нарвегіі, Расіі і Беларусі, а таксама двое дзяцей. Расія вызваліла амерыканцаў Эвана Гершковіча і Пола Уілана, журналістку Алсу Курмашаву, палітыка Уладзіміра Кара-Мурзу, двух грамадзян Германіі, у тым ліку Рыка Крыгера, асуджанага да смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама шэраг расійскіх палітвязняў. ЗША і саюзнікі перадалі Расіі Вадзіма Красікава, асуджанага за забойства ў Германіі, а таксама шэраг асоб, якія абвінавачваюцца ў шпіянажы.

У польскім МЗС заяўлялі, што перамовы аб вызваленні палітвязня журналіста Анджэя Пачобута вядуцца наўпрост з Беларуссю. Кіраўніца Саюза палякаў Анжаліка Борыс, якая ўвесну мела магчымасць сустрэцца з Пачобутам, казала, што той быў гатовы з'ехаць з Беларусі.

МУС Польшчы: Падставы для перамоваў з Беларуссю па мяжы ёсць. Наш інтарэс — вызвалены Пачобут і выдача забойцы памежніка

Васкрасенскі запрасіў кіраўніка МЗС Польшчы прыехаць у наваполацкую калонію і забраць Пачобута

«Гэта не нязломнасць, гэта адэкватнасць». Сябры Анджэя Пачобута пра тое, чаму ён не здаецца

Анджэй Пачобут быў гатовы выехаць з Беларусі — Rzeczpospolita

Nashaniva.com