Ціханоўская: Мы хацелі б вярнуцца ў еўрапейскую сям'ю
Лідарка дэмакратычных сіл на польскім форуме адказала на пытанні наконт беларускіх пратэстаў 2020 года, Аляксандра Лукашэнкі і ціску на рэжым.
25.08.2024 / 16:05
Фота: тэлеграм Святланы Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у Campus Polska ў Ольштыне — штогадовым мерапрыемстве, на якім абмяркоўваюцца пытанні палітыкі, бяспекі, культуры, адукацыі і грамадзянскай супольнасці, паведамляе Reform.news.
Да гутарак у Campus Polska далучаюцца вядомыя асобы: да прыкладу, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск ці кіраўніца Еўрапарламента Раберта Метсала.
Фота: тэлеграм Святланы Ціханоўскай
«Лукашэнка мяне недаацаніў, але ён таксама недаацаніў нашае грамадства. Ён страціў сувязь з рэальнасцю, з людзьмі. Ён думаў, што ўсе яго любяць, але моцна памыляўся. На жаль, мы таксама, як грамадства, недаацанілі маштаб жорсткасці рэжыму,
— сказала яна. — Лукашэнка спрабуе дыстанцыявацца ад Пуціна, але наша задача не ратаваць Лукашэнку ад Пуціна. Нашая задача — выратаваць Беларусь ад Лукашэнкі. Таму вельмі важна, каб Захад быў адзіны ў сваёй палітыцы і не дазволіў Лукашэнку абдурыць сябе».
Палітык таксама адзначыла адрозненні беларускіх пратэстаў ад украінскага Майдана.
«Часта беларускую рэвалюцыю параўноўваюць з Еўрамайданам, але кантэкст быў іншы. Ва Украіне мяняліся прэзідэнты, гэта ўсё ж была дэмакратыя, і было шмат людзей па абодва бакі канфлікту. У Беларусі Лукашэнка стварыў сістэму для сябе. Да таго ж беларускае грамадства вельмі мірнае.
Нам часта казалі, што мы надта пакорлівыя. Што здымалі абутак, каб устаць на лаўку. Але цяпер тыя ж людзі ваююць на баку Украіны як добраахвотнікі», — падкрэсліла яна.
Фота: тэлеграм Святланы Ціханоўскай
Ціханоўская заявіла аб неабходнасці пачаць працэс прыцягнення да адказнасці адказных за рэпрэсіі.
«Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасці за злачынствы. Цяпер ён і яго атачэнне адчуваюць сябе беспакаранымі і працягваюць свае злачынствы ў Беларусі», — прыводзіць яе словы прэс-служба.
Палітык таксама заклікала не ізаляваць беларусаў.
«Важна не ізаляваць беларусаў, дазволіць ім наведваць сваякоў і сяброў, вучыцца за мяжой. Дазволіць падарожнічаць. Лукашэнка гаворыць: вас ніхто не хоча бачыць на Захадзе. Захад не хоча вам дапамагаць. Мы хацелі б іншага — вярнуцца ў еўрапейскую сям'ю», — заявіла яна.
Ціханоўская: Ніякія захопніцкія памкненні Расіі не змогуць перамагчы ўкраінскі народ
Ціханоўская паказала свой працоўны кабінет. Там ёсць і нашумелы кубак з навагодняга звароту