Беларусь канцэнтруе войскі каля паўднёвай мяжы — МЗС Украіны
Паводле інфармацыі спецслужбаў Украіны, Беларусь пад выглядам вучэнняў канцэнтруе ў Гомельскай вобласці значную колькасць асабовага складу і ваеннай тэхнікі. Таксама зафіксавана прысутнасць наймітаў былой ПВК «Вагнер».
25.08.2024 / 21:04
Заяву апублікавала Міністэрства замежных спраў Украіны.
Украінскае ведамства заяўляе, што Узброеныя сілы Беларусі пад выглядам вучэнняў канцэнтруюць у Гомельскай вобласці каля паўночных межаў Украіны значную колькасць асабовага складу, у прыватнасці сіл спецыяльных аперацый, узбраення і ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкі, артылерыю, супрацьпаветраную зброю, авіяцыйныя ракеты, сродкі СПА і інжынернае абсталяванне.
Таксама зафіксавана прысутнасць наймітаў былой ПВК «Вагнер».
МЗС Украіны звяртае ўвагу, што правядзенне вучэнняў у памежнай зоне і ў непасрэднай блізкасці ад АЭС, Чарнобыльскай АЭС стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны і сусветнай бяспецы ў цэлым.
«Мы заклікаем афіцыйных асоб Рэспублікі Беларусь не дапускаць трагічных памылак для ўласнай краіны пад ціскам Масквы, а яе ўзброеныя сілы спыніць недружалюбныя дзеянні і адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы Украіны на адлегласць, якая перавышае радыус дзеяння наяўных у Рэспубліцы Беларусь сістэм агню».
Ведамства падкрэслівае, што Украіна ніколі не рабіла і не збіраецца рабіць ніякіх недружалюбных дзеянняў супраць беларускага народа.
«Папярэджваем, што ў выпадку парушэння Беларуссю дзяржаўнай мяжы Украіны наша дзяржава прыме ўсе неабходныя меры для рэалізацыі права на самаабарону, гарантаванага Статутам ААН. Пры гэтым усе канцэнтрацыі войскаў, вайсковыя аб'екты і шляхі забеспячэння на тэрыторыі Беларусі будуць законнымі аб'ектамі для Узброеных сіл Украіны».
«Беларускі Гаюн» сцвярджае, што цяперашняя эскалацыя абстаноўкі на мяжы ставіць не ваенныя мэты, а інфармацыйныя і палітычныя.
Паводле інфармацыі канала, групоўка, сканцэнтраваная каля паўднёвай мяжы, складае каля 1100 чалавек асабовага складу, што не нясе пагрозы для Украіны. Да таго ж беларускія войскі размешчаны на глыбіні да 50 кіламетраў ад мяжы.
Украінцы спрабавалі прарвацца ў Клімаўскі раён Бранскай вобласці — ён мяжуе з Беларуссю
Лукашэнка апраўдваўся на расійскім ТБ за адвод войскаў ад украінскай мяжы