Як завозілі расійскія войскі ў Беларусь у пачатку вайны

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі падзялілася дэталямі арганізацыі ваенных перавозак напярэдадні расійскага ўварвання ва Украіну.

27.08.2024 / 11:21

Як вядома, напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну на тэрыторыі Беларусі праводзіліся вайсковыя вучэнні, якія пачаліся 17 студзеня 2022 года. Пад выглядам удзелу ў іх на тэрыторыю нашай краіны завозіліся расійскія войскі, якія пазней удзельнічалі ў нападзе.

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, абапіраючыся на дакументы, падлічыла, што на тэрыторыю нашай краіны з Расіі было дастаўлена 11 889 вагонаў з рознымі ваеннымі грузамі агульнай вагою амаль 230 тысяч тон, уключаючы 730 вагонаў з асабовым складам, 8002 вагоны з вайсковай тэхнікай, 1300 вагонаў з боепрыпасамі і 946 вагонаў з палівам.

Якія расійскія падраздзяленні былі дастаўлены

У Беларусь былі дастаўлены падраздзяленні Усходняй ваеннай акругі (5, 29, 35, 36 агульнавайсковых армій), Цэнтральнай (2-й гвардзейскай танкавай і 41-й агульнавайсковай арміі), Заходняй (1-й і 20-й гвардзейскіх танкавых армій, 6-й агульнавайсковай).

Акрамя гэтага, у складзе кантынгенту расійскіх войск на тэрыторыю Беларусі былі падраздзяленні трох гвардзейскіх паветрана-дэсантных дывізій (76-й, 98-й і 106-й), 31-й гвардзейскай штурмавой дэсантнай брыгады, ваеннаслужачыя спецыяльных падраздзяленняў Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Расіі і Спецыяльных сіл Расгвардыі.

Куды іх дастаўлялі

Асабовы склад і вайсковыя грузы дастаўлялі на 27 станцый Беларускай чыгункі. Пры гэтым найбольшая колькасць грузаў (1483 вагоны агульнай масай 21,2 тыс. тон) паступіла ў Хойнікі. На другім месцы былі Асіповічы (1362 вагона, 22,8 тыс. тон). На трэцім — Ельск (1320 вагонаў, 21,2 тыс. тон).

Акрамя іх 1061 вагон (15,9 тыс. тон) прыняла станцыя Брэст-Усходні, 1003 вагоны (17,9 тысяч тон) — Рэчыца, 790 вагонаў (10,3 тыс. тон) — Навабеліца.

Значныя паступленні былі на станцыі Пухавічы (596 вагонаў, 8,9 тыс. тон), Лунінец (539 вагонаў, 8,2 тыс. тон) і Добруш (514 вагонаў, 10,6 тыс. тон).

Адпаведна дакументам, атрымальнікамі грузаў на тэрыторыі Беларусі было Упраўленне вайсковых зносін Міністэрства абароны Беларусі і 474-й асобны радыётэхнічны вузел ранняга папярэджання (вайсковая частка 03522 Міністэрства абароны Расіі, якая размяшчаецца на тэрыторыі Беларусі).

Хто арганізатар перавозак

У матэрыяле адзначаецца, што Беларуская чыгунка прымала ўдзел у агрэсіі ў асноўным як тэхнічны сродак дастаўкі. Непасрэдным выканаўцам і арганізатарам перавозак выступала Рэспубліканскае транспартна-экспедыцыйнае ўнітарнае прадпрыемства «Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр» Беларускай чыгункі (БТЛЦ) (генеральны дырэктар — Андрэй Сладкевіч).

Замест таго, каб заключыць прамую дамову з Міністэрствам абароны Расіі, БТЛЦ зрабіла гэта праз свае расійскае даччынае ТАА «Белінтэртранс — Масква» (дырэктар — Юрый Кабакоў). Дзякуючы ўдзелу ў перавозках, апошняя змагла нарасціць экспарт паслуг больш чым у 10 разоў і атрымаць прыбытак у 162 тысячы даляраў ЗША.

Арандаваныя для дастаўкі ваенных вагоны надоўга затрымаліся ў чаканні наступнай пагрузкі назад. А калі настаў час іх вяртання, то высветлілася, што значная іх колькасць мае жахлівы тэхнічны стан і патрабуе розных відаў рамонту. Па словах відавочцаў, складвалася ўражанне, што частка вагонаў, якія выраблены з дрэва, «пайшлі на дровы».

Беларуская чыгунка дала парадаксальны адказ, чаму англійская мова знікла з галоўнага вакзала краіны

У чыгуначнікаў забралі льготы на праезд

Беларускія партызаны ўзялі адказнасць за дыверсіі на чыгунцы ў прыгранічных абласцях Расіі

Nashaniva.com