Прыгоды брытанцаў у Беларусі: спрэчныя прадметы пакінулі ў камеры захоўвання за мяжой, баяліся пытанняў пра Борыса Джонсана
Ужо некалькі месяцаў у Беларусі дзейнічае бязвіз для еўрапейцаў. Мы знайшлі водгук брытанцаў, якія ім скарысталіся — але ж для гэтага турыстам давялося зрабіць небывалыя захады бяспекі.
27.08.2024 / 15:59
Мінск. Фота: «Наша Ніва»
Водгук, пра які ідзе гаворка, з’явіўся ў сацсетцы Reddit. Гэта гісторыя брытанца, які разам з сябрам, таксама брытанцам, наведаў Беларусь на мінулым тыдні і застаўся ў нашай краіне на чатыры ночы. Аўтар водгуку ўдакладняе, што за тыдзень да паездкі ў Беларусь яны з сябрам былі ў Львове, то-бок у іх пашпартах ёсць штампы ад украінскіх памежнікаў.
Карыстальнік піша, што перад паездкай ён шмат шукаў парады па візітах у Беларусь — магчыма, гэта натхніла яго з сябрам на захады бяспекі. На час паездкі брытанцы пакінулі ў варшаўскай камеры захоўвання ўсе рэчы, да якіх у Беларусі маглі б узнікнуць пытанні. Таксама перад паездкай турысты выдалілі з тэлефонаў усё, што хоць з мінімальнай імавернасцю магло б выклікаць для іх праблемы, калі б іх тэлефоны трапілі ў рукі сілавікоў.
Аказалася, правільна зрабілі:
«Мы перасеклі мяжу ля Брэста і набылі на мяжы страхоўку для машыны, а выязджалі мы ў бок Вільні. На мяжы насамрэч моцна правяралі нашы тэлефоны і машыну, хаця мы патлумачылі, што едзем у Беларусь як турысты, і потым нам дазволілі заехаць у краіну. Падчас паездкі ніхто нас не кантраляваў».
Выглядае, перад візітам у Беларусь брытанцы шмат чыталі пра тое, што ў нашай краіне лепш не гутарыць пра палітыку. Але зразумелі гэта па-свойму: калі ў іх запыталі пра былога брытанскага прэм’ера Борыса Джонсана, турысты адмовіліся падтрымаць размову.
Яны расказваюць, што падчас паездкі былі выключна ўважлівыя, каб не парушыць ніякія правілы, і раяць іншым нават не пераходзіць дарогу ў неналежных месцах, калі знаходзішся ў Беларусі.
Але ж краіна брытанцам спадабалася — яны кажуць, што беларусы вельмі таварыскія і гасцінныя, а Мінск — прыгожы горад. Турысты раяць загадзя браніраваць пакоі ў беларускіх гатэлях, бо зняць нумар ужо на месцы можа быць складана.
Аўтар паста рэкамендуе Беларусь для наведванняў, бо краіна падалася яму вельмі цікавай. Але кажа, што калі пакідаць грошы ў Беларусі, то гэта можа ў нечым азначаць фінансаванне ўлады Лукашэнкі — не для ўсіх гэта можа быць прымальна.
Адзін з карыстальнікаў дапоўніў гэты расказ у каментары. Паводле яго слоў, да падарожжаў у Беларусь трэба ставіцца як да турызму ў любую краіну з рэпрэсіўным і дыктатарскім урадам:
«Сачыце за сваімі дзеяннямі, не давайце сябе злавіць з нечым экстрэмісцкім, думайце пра тое, што вы ўвозіце ў краіну ці вывозіце з яе, не рабіце фота не тых будынкаў ці людзей — і, напэўна, з вамі ўсё будзе добра. У Беларусі насамрэч нізкі ўзровень злачынстваў і асабліва жорсткіх злачынстваў, таму найвялікшай вашай праблемай можа аказацца чаплянне на словах ад п’яных бамжоў.
Проста вельмі старайцеся выдаткоўваць менш грошай на дзяржаўныя арганізацыі і больш на мясцовыя маленькія бізнэсы. Гэта можа быць складана, бо адміністрацыя прэзідэнта валодае шмат якімі папулярнымі пляцоўкамі накшталт гатэляў ці рэстаранаў «Лідо», але гэта магчыма і гэта лепш у маральным плане».
Стала вядома, колькі еўрапейцаў наведала Беларусь па пашыраным бязвізе
Як выпісацца з кватэры ў РБ аддалена. Тры кейсы беларусаў, якім гэта ўдалося