Экс-дырэктар салігорскага «Шахцёра» атрымаў 6 гадоў калоніі, спецыяліст па працы з фанатамі — 7 гадоў

Аляксандра Марчанкe і Яўгена Култаева-малодшага прызналі вінаватымі ў крадзяжах.

28.08.2024 / 20:03

Аляксандр Марчанка. Фота: «Шахцёр»

Былы дырэктар футбольнага салігорскага «Шахцёра» Аляксандр Марчанка атрымаў шэсць гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, гэта значыць па артыкуле 210 КК.

Яўген Култаеў-малодшы, які адказваў у клубе за працу з заўзятарамі, асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі па тым самым артыкуле.

Як паведамляюць блізкія да сілавікоў каналы, расійскі грамадзянін Яўген Култаеў-старэйшы, які адказваў у «Шахцёры» за трансферы, знаходзіцца ў вышуку. Адзначаецца, што ён з'ехаў у Латвію.

Кіраўнікоў клуба абвінавачвалі ў махінацыях з трансферамі. Паводле даных следства,

у чэрвені 2021 года ў ФК «Шахцёр» з еўрапейскіх футбольных клубаў перайшоў шэраг спартсменаў. Выкарыстоўваючы звесткі аб названых трансферах у супрацьпраўных мэтах, абвінавачаныя ў жніўні 2021 года склалі і падпісалі дамовы, якія змяшчаюць загадзя недакладныя звесткі аб аказанні агенцкіх паслуг па забеспячэнні пераходу футбалістаў у гэты клуб.

У мэтах выканання названых фіктыўных дамоў на падкантрольны аднаму з абвінавачаных банкаўскі рахунак ад футбольнага клуба было пералічана больш за 200 тысяч беларускіх рублёў».

«Трыбуна» расказвала, што схему арганізаваў расійскі агент Яўген Култаеў-старэйшы. Ён аформіў ІП на юрыдычную асобу, праз якую атрымаў адкат за адзін з трансфераў. Крыніцы сцвярджалі, што ягоны сын Яўген Култаеў-малодшы, які працаваў у клубе афіцыйна, выступаў у схеме ў якасці кур'ера, аднак, мяркуючы па ўсім, стаў крайнім.

Праблемы ў «Шахцёра» пачаліся ў студзені 2023 года. Тады клуб абвінавацілі ва ўплыве на вынікі некалькіх матчаў у чэмпіёнскім сезоне-2022, у тым ліку шляхам подкупу. Тытула клуб у выніку пазбавілі, таксама ў «Шахцёра» адабралі 30 балаў у мінулым сезоне і 20 — у цяперашнім. Аднак затым высветлілася, што сілавікоў зацікавілі і фінансавыя аперацыі, якія праводзіла кіраўніцтва клуба і «шэры кардынал» — Яўген Култаеў-старэйшы, які на лаву падсудных не трапіў.

Чаму апошні кейс з дагаварнякамі ў беларускім футболе — лютая ганьба

Чорная бухгалтэрыя, назапашаныя даўгі, сумнеўныя трансферы. Як працуюць каламутныя схемы ў салігорскім «Шахцёры»

Салігорскі «Шахцёр» аштрафавалі і адхілілі ад еўракубкаў

Вынеслі прысуд былому спартыўнаму дырэктару «Шахцёра». Яго адпусцілі ў зале суда

Nashaniva.com