Рошці, або дранікі па-швейцарску — рэцэпт
Класічныя рошці можна падаваць як самастойную страву, або з дадаткам у выглядзе смажанага яйка і зялёнай салаты, або разам са стравамі з мяса і птушкі. Учарашнюю rösti крута разаграваць з яечняй на сняданак. А ў спалучэнні з чырвонай ікрой — гэта эфектная святочная страва.
08.09.2024 / 11:34
Фота: Benutzer:Mussklprozz / Wikimedia Commons
«Rösti, рошці — гэтая швейцарская страва лёгка можа стаць штотыднёвай на вашым стале, — пісаў у часопісе «Наша гісторыя» былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч. — Націраем бульбу, але не на дробную, а на буйную тарку. І смажым. Можна дранікамі, можна вялікім пляцкам», — адзначаў Мацукевіч.
Есці гэта можна і проста так, са смятанай і чаем, як дранікі, і з грыбамі ці мясам.
«Учарашнюю rösti крута разаграваць з яечняй на сняданак. А ў спалучэнні з чырвонай ікрой — гэта эфектная святочная страва», — раіў дыпламат.
Depositphotos.com
На 4—6 порцый спатрэбіцца:
- 1 кг нацёртай на вялікай тарцы бульбы
- 2-3 сталовыя лыжкі топленага масла
- 1 чайная лыжка солі
- ½ чайнай лыжкі перцу
Як гатаваць:
- Абярыце і натрыце бульбу на вялікай тарцы. Вазьміце яе абедзвюма рукамі і адцісніце як мага болей вады. Частку вадкасці пакіньце, каб яна выпарылася падчас смажання.
- Выкладзіце бульбяную масу ў міску і змяшайце з 1 сталовай лыжкай масла, соллю і перцам.
- Нагрэйце 1 ст.лыжку топленага масла на патэльні з антыпрыгарным пакрыццём. Раўнамерна размяркуйце па ёй бульбяную сумесь. Не прыціскайце, падчас смажання яна крыху разваліцца. Каб згладзіць краі, выкарыстоўвайце шпаталь.
- Абсмажвайце рошці на сярэднім агні хвілін 10—12. Злёгку пакалышыце патэльню, каб бульба не прыліпала. Падчас смажання можна прыўздымаць краі лапаткай і правяраць, ці набывае страва прыгожы залацісты колер. Калі рошці не пачне падсмажвацца праз 7 хвілін смажання, павялічце агонь.
- Накрыйце патэльню талеркай і перавярніце яе так, каб рошці аказаліся знізу. Выкладзіце на талерку смажаным бокам уверх. Растапіце на патэльні 1 ст.лыжку топленага масла і перакладзіце ў яе корж з талеркі, каб абсмажыць другі бок. Гэта зойме 10—12 хвілін. Абодва бакі павінны быць аднолькава залацістыя і храбусткія.
- Гатовыя рошці выкладзіце на талерку і разрэжце на порцыі, як торт. Для ўпрыгажэння пасыпце свежай зелянінай.
Што агульнага паміж дранікамі і хэштэгам?
Калі ў Беларусі з’явілася слова «дранікі»? Вы здзівіцеся, як позна
У Беларусі выпусцілі сухія дранікі. Што гэта такое?