Гісторыя1313

Калі ў Беларусі з’явілася слова «дранікі»? Вы здзівіцеся, як позна

Пяць гадоў таму літаратурны крытык Павел Абрамовіч раптам заўважыў, што фактычна не існуе знакавых цытат з беларускай літаратуры, дзе б фігуравалі дранікі. Або, прынамсі, ён, паводле стану на 2018 год, такіх не ведаў. «Дранiкаў няма ў Баршчэўскага i Багушэвiча, Ядвiгiна Ш. i Каруся Каганца, Зарэцкага i Гарэцкага, iх нiхто не смакуе ў раманах «На ростанях» i «Людзi на балоце», нiкому нiхто не прапаноўвае дранiкаў у раманах Караткевiча…» А так як адзінае, чым выхваляецца наша літаратура перад чытачамі і ўсім светам, — сваёй рэалістычнасцю, — працягваў Павел, — дык калі дранікаў няма ў беларускіх класічных кнігах, то іх няма і ў беларускім свеце».

Ягонае назіранне справакавала даволі шырокую дыскусію, у якой паўдзельнічала нават галоўная праўладная газета «СБ. Беларусь сегодня». Уявіце сабе, за два гады да «выбараў» 2020 года такое было яшчэ магчыма. Удзельнікі тых гарачых спрэчак ні да якой праўды тады так і не дакапаліся. А я нядаўна натрапіў на сляды той дыскусіі і задаўся трохі больш шырокім пытаннем: ад якога часу беларуская літаратура ды і сама мова ведаюць слова «дранікі»?

Для мяне гэта частка пытання, адказ на якое я шукаю ўжо больш за 20 гадоў: калі ў Беларусі з’явіліся самі аладкі з таркаванай бульбы? Якім гарадам і рэгіёнам належыць прыярытэт? Пакуль што на першае пытанне ёсць толькі ўскосны, вылічаны на канчуры пяра адказ.

Лічыцца, што стравы з таркаванай бульбы прыйшлі да нас з Нямеччыны пры пасярэдніцтве яўрэяў-карчмароў прыкладна ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Але каб хто зафіксаваў хоць якія даты і імёны — такога няма. Зрэшты, становішча ў Літве, Украіне, Польшчы нічым не адрозніваецца ад беларускага. Я пытаўся ў калег у гэтых краінах, найлепшых спецыялістаў у гісторыі адпаведных кухняў — таксама не ведаюць, калі там з’явіліся мясцовыя версіі дранікаў. Занадта простая, «плебейская» гэта была страва, таму доўгі час не звярталі на яе ўвагу людзі адукаваныя. А калі заўважылі, дык аказалася, што яна ўжо такая даўняя, што існуе ледзь не ад самага стварэння свету. Загваздка…

Аднак з самім словам «дранікі» задачка ўсё-ткі выглядае прасцей. З таго моманту, як з’явіўся Беларускі N-корпус, стала магчымым аўтаматызаваць пошукі слоў і фраз ва ўсім корпусе беларускамоўных тэкстаў. Ну, можа, не ўсіх, што былі некалі апублікаваныя па-беларуску, але такі ладнай іх часткі. Гугл большасць гэтых тэкстаў не бачыць, таму што яны проста не выкладзеныя ў інтэрнэт. Але з дапамогай «Корпуса», таго ж гугла, а таксама выкладзенага ў сеціве «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», здаецца, можна намацаць адказ на пытанне, якое паставіў Павел Абрамовіч.

З папраўкай на тое, што не ўсе датычныя тэмы тэксты маглі быць занесеныя ў «Корпус», а таксама на тое, што не заўжды ёсць магчымасць прасачыць гісторыю ўсіх рэдакцый патрэбнага літаратурнага твора. Дык вось што папярэдне атрымліваецца.

Даваенная беларуская літаратура амаль не ведала слова «дранікі». Сустракалася яно ўсяго 1—2 разы.

Трэба памятаць, што тады ніхто не ўспрымаў бульбяныя аладкі нейкім «нацыянальным сімвалам», галоўнай стравай беларускай кухні. За такую ў паслярэвалюцыйныя гады лічылі верашчаку з блінамі, што яскрава бачна з Коласавай «Новай зямлі» і пра што я падрабязней напісаў у сваім артыкуле ў «Нашай гісторыі» «Рэстаран «Стэла». Адпускаецца розная гарэлка»: што падавалі ў першым беларускім рэстаране».

У словазборы Язэпа Драздовіча (раздзел «Батаніка і аграномія») ёсць слова «дранік». Але гэты словазбор так і застаўся на ўзроўні асабістай картатэкі і ніякага ўплыву на словакарыстанне народа не аказаў.

Значна большы ўплыў магла мець аповесць Міхася Лынькова «Міколка-паравоз», упершыню выдадзеная ў 1936 годзе, але папулярная ў многіх наступных пакаленняў чытачоў дзіцячага ўзросту. Я сам ёй зачытваўся ў сярэдзіне 1970-х. У ёй, калі дзед з Міколкам абмяркоўваюць, як раскошна, мабыць, жыве рускі цар, дзед сцвярджае, што таму стала прыслугоўвае тысяча слуг, і нават пачынае распісваць па чарзе іх абавязкі:

Ну і пяты [цароў слуга] мае якую-небудзь справу, скажам, блінцы падае, дранікі або капусту тушаную… 

З гэтай лаканічнай згадкі недасведчаны чытач і не зразумее, што канкрэтна за страва тыя «дранікі». І да таго ж я не да канца ўпэўнены, ці былі яны згаданыя ўжо ў выданні 1936 года, ці з’явіліся ўжо ў паваенных рэдакцыях.

А вось сістэматычна дранікі пачынаюць з’яўляцца ў беларускамоўных мастацкіх тэкстах з 1950-х гадоў. Забыты сёння Усевалад Краўчанка, ураджэнец Калінкавіцкага раёна, у серыі прапагандысцкіх нарысаў «Палессе» (1952 год) апісвае, як у палескай вёсцы рыхтуюцца сустракаць першага камбайнера, камандзіраванага з Украіны, і разважаюць, чым жа яго прыняць:

Да таго ж украінец, яму, напэўна, падай галушкі з макам. А ў нас на Палессі ўсё больш дранікі са смятанай. Але і так падумаць — чым горшыя нашы беларускія дранікі за ўкраінскія галушкі?

Дранікі ядуць героі п’есы Івана Мележа «Пакуль маладыя» (1955 год), хаця ў ягонай «Палескай хроніцы», як слушна заўважыў Абрамовіч, дранікі не сустракаюцца. А вось ужо Іван Навуменка ў апавяданні «Новая хата» (1959) успамінае дзяцінства:

Вознікі паселі кругам каля абруса, разасланага на зямлі. Яны п'юць гарэлку, сёрбаюць боршч і смяюцца. Бацька разам з імі. Маці стаіць узбоч, трымаючы ў руцэ вялікую лыжку. Есці яна не садзіцца. Яна вясёлая, прыветлівая, і я вельмі люблю яе такой. Я сяджу на стусе бярвенняў і ем дранік са шкваркай. Так мы пачалі будаваць хату…

Навуменка — ураджэнец Рэчыцкага раёна, Мележ — Хойніцкага. Усе з Усходняга Палесся. Лынькоў нарадзіўся ў Лёзненскім раёне, але скончыў настаўніцкую семінарыю ў Рагачове і працаваў настаўнікам там жа, у Рагачоўскім і Буда-Кашалёўскім раёнах. Мог слова «дранікі» ўпершыню пачуць і там.

З гэтага вынікае, што шырока ўжываць слова дранікі пачалі ў 1950-я пісьменнікі з даволі кампактнага рэгіёна Беларусі. Нават пераважна ў тагачаснай Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры. У 1962 годзе, як здаецца, слова ўпершыню трапляе ў слоўнікі — спачатку ў Беларуска-рускі слоўнік пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы, а потым і ў іншыя.

І гэта санкцыянуе яго выкарыстанне пісьменнікамі ды журналістамі па ўсёй Беларусі. А потым і вусная традыцыя яго прызнае, і слова робіцца агульнанацыянальным. Недзе на рубяжы 1960—1970-х, ужо пры маім жыцці, напрыклад, Васіль Быкаў упершыню ўжыў слова дранікі ў аповесцях «Сцюжа» (1969) і «Сотнікаў» (1970). На той момант яму было больш за 45 гадоў, ён быў ужо шырокавядомым пісьменнікам, меў за плячыма багаты і разнастайны жыццёвы досвед. Але, відаць, даведаўся пра гэтае слова толькі ў другой палове 1960-х.

У розных рэгіёнах Беларусі дранікі называлі па-рознаму.

Дранікі і іншыя назвы аладак з таркаванай бульбы. «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». Т.4, Мінск, 1997. Карта № 375

Ад сваіх рэспандэнтаў у фэйсбуку я атрымаў некалькі дзясяткаў адказаў. З іх вынікае, што зусім не ведалі слова «дранікі» ў сем’ях рэспандэнтаў з Панямоння — з гістарычных Віленшчыны, Навагрудчыны, Гродзеншчыны. «Захадэнцы» называлі гэтую страву «бульбяныя / картафляныя бліны (блінцы, аладкі)». Сустракаюцца варыянты «дзеруны», «драчы», «картаплянікі», «бульбянікі» (апошняе слова ў познесавецкі і незалежніцкі час замацавалася за іншай стравай — піражкамі з тоўчанай варанай бульбы). На Берасцейшчыне страву называлі «тыртуны». Уладзімір Караткевіч, ураджэнец Оршы і, дарэчы, шчыльна звязаны таксама з Рагачовам, падобна, слова дранікі не ўжываў. Як сказаў мастак, дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі Вячка Целеш, аднойчы пры сустрэчы з ім Караткевіч пажартаваў: «Як умяў бы зараз місу блінцоў!»

«Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» фіксуе больш шырокі распаўсюд слова «дранікі», чым толькі Усходняе Палессе. Згодна з ягонымі данымі, якія збіраліся ў 1971—1985 гадах, «дранікі» пераважаюць якраз на ўсёй даваеннай тэрыторыі БССР. Нават здзіўляе, як дакладна мяжа распаўсюду слова супадае з мяжой 1921—1939 гадоў. Гэта можа азначаць, што пашырэнне слова ў вуснай мове адбылося якраз у міжваенныя часы. А Усходняе Палессе, магчыма, было яго «даменам», той тэрыторыяй, дзе яно ўзнікла і адкуль распаўсюдзілася на захад і поўнач. І таму для тамтэйшых літаратараў яно было найбольш натуральным. 

Гісторыю і саміх дранікаў, і слова, якое іх абазначае, варта яшчэ як след даследаваць, удакладняць. Але ўжо цяпер можна сказаць, што гэта сапраўды нацыянальны сімвал. У тым сэнсе, што замацаваў сімвалічнае адзінства на вялікай тэрыторыі праз распаўсюд друкаванага слова на літаратурнай мове. Так і будаваліся ўсе еўрапейскія нацыі паводле класічных узораў.

DranikLand — паводле графічнага дызайну У. Цэслера

У Беларусі гэты працэс быў і дагэтуль ёсць непаслядоўным, «пункцірным». Патрэбныя многія тысячы такіх сімвалічных слоў і вобразаў менавіта на сваёй мове, са сваймі гістарычнымі канатацыямі, з адсылкамі да сваіх вядомых людзей, аўтарытэтаў, каб яны спляліся ў густую сетку, якая б утрымлівала ў сабе большасць тутэйшых людзей і рабіла б іх сапраўднымі суграмадзянамі…

А як называлі аладкі з таркаванай бульбы ў вашай сям’і? У адказах просьба пазначаць мясцовасць і час. Гэта дазволіць атрымаць больш дакладную карціну. Загадзя ўдзячны ўсім, хто адгукнецца!

P.S Для параўнання цікава зірнуць, якія словы ўжываюцца для абазначэння дранікаў у розных рэгіёнах Украіны.

Беларускае слова «дранікі» пераважае ў гэтак званай «Наваросіі» — у тых рэгіёнах Украіны, якія заселеныя ўжо ў часы Кацярыны ІІ, а не Рэчы Паспалітай, і на якія ў першую чаргу прад'яўляе свае імперскія прэтэнзіі пуцінская Расія. Магчыма, таму што ў агульнасавецкі лексікон часоў СССР трапілі менавіта беларускія «дранікі», а не ўкраінскія «дзеруны». І ў некаторых сумежных з Беларуссю раёнах Палесся пераважаюць «дранікі».

Сувенірны магніт «Дранікі»

Каментары13

  • Дзьмітры
    29.05.2023
    Нясьвіжчына, пачатак 80-х, і дранікі і картаплянікі ўжываліся як сынонімы. Але сынонімаў у той час было шмат. Мачанку дзе хто зваў верашчакаю, картоплю бульбаю, а бусла бацянам.
  • Марыся
    30.05.2023
    Полацік раён зваліся бліны драныя. 
  • feafania
    30.05.2023
    Мае бацькі паходзяць з Драгічынскага раёна і ўсё жыццё, нават зараз, называюць блінамі картаплянымі.

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →