Рамеснікаў абавяжуць плаціць унёскі ў ФСАН. Сума не маленькая

Беларускіх рамеснікаў чакае шэраг змен. Галоўная з іх тычыцца адлічэнняў у Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва. Паглядзелі, колькі трэба будзе плаціць і што яшчэ новага чакаць рамеснікам. 

29.08.2024 / 15:55

Ілюстрацыйны здымак. Фота: tochka.by

Амаль, як у ІП

Пакуль рамеснікі робяць адлічэнні ў ФСАН па жаданні. Але з 1 кастрычніка гэта стане абавязкам. Мінімальная сума, якую рамесніку трэба будзе заплаціць, — 29% ад мінімальнага заробку па краіне. На бягучы момант мінімальны заробак (МЗП) складае 626 рублёў, то-бок у ФСАН рамесніку трэба будзе заплаціць мінімум 181 рубель 54 капейкі.

Гэта крыху менш, чым у індывідуальных прадпрымальнікаў. Для ІП мінімальная сума адлічэнняў ФСАН раўняецца 35% ад МЗП. На сённяшні момант гэта каля 220 рублёў у месяц.

Акрамя адлікаў у ФСАН, рамеснікі мусяць плаціць рамесны збор, але яго стаўку можна назваць сімвалічнай — усяго 6,5 рубля месяц ці 78 рублёў за год.

Якія яшчэ змены чакаюць рамеснікаў?

Апроч гэтага, да 1 верасня ўрад мусіць зацвердзіць новы спіс дазволеных для рамеснікаў відаў дзейнасці. Пачынаючы з 1 кастрычніка, рэгістрацыя новых рамеснікаў будзе адбывацца толькі ў выпадках, калі абраны від дзейнасці ёсць у абноўленым спісе.

Цяпер у гэтым спісе каля 30 відаў дзейнасці, але абноўлены спіс мусіць быць больш сціплым. Міністр эканомікі заяўляў, што пералік будзе скарочаны. 

Міністр тлумачыў, што рамесная дзейнасць — гэта перш за ўсё захаванне аўтэнтычных, самабытных рамёстваў. Усё гэта павінна вырабляцца рамеснікамі сваімі рукамі і з дапамогай прымітыўных прылад працы.

Як адрозніваюцца ўмовы працы для ІП у Беларусі і Літве?

Сярэдні заробак за ліпень «чыстымі» перавысіў 2000 рублёў

«Марка» адновіць працу з Baldinini

Nashaniva.com