Польшча збіраецца пастрожыць умовы выдачы дазволаў на працу іншаземцаў

У Польшчы актыўна абмяркоўваюць новы законапраект аб доступе іншаземцаў да рынку працы. Адной з адчувальных зменаў можа стаць выдача дазволаў на працу толькі ў тым выпадку, калі наймальнік працаўладкоўвае іншаземца па працоўнай дамове, піша Most.

30.08.2024 / 18:35

Фота ілюстрацыйнае

У шэрагу выпадкаў іншаземцы маюць вольны доступ да рынку працы. Ён даецца ўладальнікам Карты паляка, карты сталага побыту (пастаяннага ДНЖ) або карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, гуманітарнай візы (D21) або гуманітарнага ДНЖ, а таксама ў шэрагу іншых выпадкаў. Акрамя таго, дазвол не трэба атрымліваць грамадзянам Украіны.

Тым, хто не мае вольнага доступу да польскага рынку працы, для працаўладкавання трэба атрымліваць дазвол на працу.

Новы законапраект уводзіць палажэнне, пры якім такія дазволы будуць выдавацца толькі ў тым выпадку, калі наймальнік працаўладкоўвае іншаземца па працоўнай дамове (umowa o pracę). Грамадзянска-прававыя дамовы — дамова даручэння (umowa zlecenie) і дамова падраду (umowa o dzieło) — у гэтым выпадку не падыдуць.

Міністэрства працы тлумачыць такую меру шырокімі злоўжываннямі грамадзянска-прававымі дамовамі. Як піша партал Ulshr.pl са спасылкай на даныя мясцовага Мінпрацы, у 2023 годзе 70% дазволаў на працаўладкаванне іншаземцаў тычыліся найму па дамове даручэння або падобных дамовах. А ў цэлым у Польшчы па такіх дамовах працаўладкавана 15% работнікаў (грамадзян краіны і іншаземцаў).

Пры гэтым у большасці выпадкаў іншаземцы задзейнічаныя як рабочыя, офісныя служачыя, сельгасработнікі. Яны занятыя ў канкрэтнага працадаўцы, выконваюць працу на працягу пэўнага часу і ў канкрэтным месцы, пазначаным наймальнікам, а таму іх працоўныя адносіны адпавядаюць форме працоўнай дамовы.

А, напрыклад, у IT-сферы, дзе род заняткаў дазваляе ўжываць альтэрнатыўныя формы працаўладкавання, па дамове даручэння (umowa zlecenie) працуе толькі 3% супрацоўнікаў.

На думку Мінпрацы, наяўны стан рэчаў зніжае якасць польскага рынку працы, а таксама не забяспечвае належнай сацыяльнай абароны работнікаў-іншаземцаў. Акрамя таго, ён пагаршае становішча польскіх грамадзян: каб канкураваць за працоўнае месца з іншаземцамі, ім даводзіцца згаджацца на такія ж умовы найму. Таксама ў міністэрстве мяркуюць, што калі працадаўцам давядзецца браць іншаземцаў на працу паводле працоўнай дамовы, яны будуць больш уважліва ставіцца да падбору кадраў.

Прадпрымальнікі з такім падыходам не згодныя. Крытыкі гэтай меры прапануюць выдаліць яе з тэксту законапраекта, паколькі яна прывядзе не да паляпшэння становішча работнікаў-іншаземцаў, а да таго, што іх будуць браць на працу наогул без афармлення — гэта значыць пашырыцца чорны рынак. А вось для бізнэсу, які працуе легальна, павялічацца выдаткі на персанал.

Праект закона прадугледжвае і іншыя новаўвядзенні:

Праз заканадаўчую пастку беларускія абітурыенты ў Польшчы рызыкуюць застацца без месцаў у ВНУ

Беларус, які працуе ахоўнікам у Biedronka, параўнаў працу ў Польшчы і Беларусі і раскрыў сакрэты барацьбы з крадзяжамі

Дачка і муж памерлай беларускай дызайнеркі прадоўжылі яе справу ў Варшаве

Nashaniva.com