Грамадства22

Праз заканадаўчую пастку беларускія абітурыенты ў Польшчы рызыкуюць застацца без месцаў у ВНУ

Нягледзячы на тое, што пра саступкі для абітурыентаў з Украіны і Беларусі загаварыў і падпісаў адпаведны ўказ нават польскі прэзідэнт Анджэй Дуда, нечакана для ўсіх падаць дакументы ў польскія ВНУ сотні беларускіх абітурыентаў усё роўна не могуць. Праз заканадаўчыя недахопы і бюракратычныя нюансы шмат беларусаў зараз рызыкуюць застацца без месцаў ва ўніверсітэтах, даведаўся «Белсат».

Фота: Krzysztof Sklodowski / Forum. Здымак ілюстрацыйны

У гэтай гісторыі шмат нюансаў, а каб ва ўсім разабрацца, трэба разумець яе прадгісторыю. Збольшага яна наступная.

У далёкім 2005 годзе Беларусь і Польшча падпісалі пагадненне, паводле якога беларускі атэстат аб сярэдняй адукацыі, дыпломы аб прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама польскі атэстат сталасці «з'яўляюцца асновай для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы абедзвюх краін». Фактычна гэта азначала тое, што выпускнікі беларускіх школ маглі адносна бесперашкодна паступаць са сваімі дакументамі аб сярэдняй адукацыі ў польскія ВНУ, а польскія абітурыенты — у беларускія.

Але праз 15 гадоў здарыўся 2020-ы, за якім рушылі палітычны крызіс у Беларусі, вайна ва Украіне, еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Беларусі, міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы, вострае пытанне з палітвязнямі, закрыццё межаў… У выніку стасункі з ЕС у Беларусі абвастрыліся максімальна. У тым ліку з Польшчай.

Ужо ў снежні 2020 года тагачасны кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў аб пераглядзе выканання некаторых «гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм, якімі займаюцца адпаведныя палітычныя інстытуты ў Беларусі». Следам за гэтым рушыла скасаванне двух пагадненняў з Еўрасаюзам аб фінансаванні асобных праграм і падтрымцы бізнэсу, у выніку чаго была перакрытая падтрымка прадпрымальніцтва і фінансаванне інвестыцыйных праграм для развіцця канкурэнтаздольнасці. Потым перастала дзейнічаць пагадненне аб рэадмісіі з ЕС. Затым Беларусь выйшла з ініцыятывы «Усходняе партнёрства» і вырашыла абмежаваць дзейнасць некаторых палітычных фондаў. Далей было спыненне дзеяння пагаднення з Еўракамісіяй аб тэхдапамозе. А ўжо напрыканцы 2022 года абвастрэнне сітуацыі закранула і беларускіх студэнтаў у Польшчы.

25 кастрычніка 2022 года ўрад Беларусі скасаваў пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі з Польшчай. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

«Спыніць пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб прызнанні эквівалентнасці ў вышэйшай адукацыі, раўназначнасці вучоных ступеняў і ступеняў у сферы мастацтва, падпісанае ў Варшаве 28 красавіка 2005 года», — сказана ў гэтым дакуменце. 

Выкручваліся, як маглі

З тых часоў беларускія студэнты былі вымушаныя ўсімі праўдамі і няпраўдамі даказваць польскім ВНУ той факт, што яны сапраўды атрымалі сярэднюю адукацыю ў Беларусі — рабілі апастылі, пераклады, спрабавалі атрымаць дублікаты дакументаў у беларускіх адукацыйных установах. Якія-ніякія варыянты легалізаваць свае дакументы і паступіць усё ж заставаліся. Але рэжым вырашыў прыкрыць і іх.

У траўні 2024 года Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацвярджаюць легальнасць атэстатаў. Такія даведкі запытвалі ў тым ліку польскія ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзян на навучанне.

Пазней стала вядома, што Мінадукацыі Беларусі спыніла выдачу нават тых даведак, якія маглі б даказаць, што школа, якую абітурыент заканчвае, можа выдаваць дакументы дзяржаўнага ўзору і мае акрэдытацыю. Такі дакумент таксама запытваецца польскімі ўстановамі вышэйшай адукацыі пры прыёме абітурыентаў.

Насустрач беларускім абітурыентам пайшоў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. 7 чэрвеня 2024 года ён падпісаў папраўкі ў заканадаўчыя акты аб дапамозе грамадзянам Украіны, якія апроч іншага спрашчаюць прызнанне беларускіх дакументаў аб адукацыі.

У гэтым дакуменце сказана, што атэстат аб адукацыі, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала міжнароднае пагадненне аб узаемным прызнанні атэстатаў і іншых выдадзеных за мяжой дакументаў, можа быць пацверджаны ў Польшчы.

Яшчэ на стадыі прыняцця новага законапраекта Сеймам намесніца міністра адукацыі Польшчы Яана Муха адзначыла, што папраўка закране прыкладна 5 тыс. беларускіх грамадзян. І гэта дае ўяўленне аб прыблізнай колькасці абітурыентаў, якія цяпер могуць знаходзіцца ў складанай сітуацыі.

Па сутнасці, для беларускіх абітурыентаў папраўкі польскага заканадаўства павінны былі стаць выратавальнымі. І вось абітурыенты панеслі дакументы ў ВНУ, але іх усё адно не прымаюць! Так, ад іх сапраўды не патрабуюць дакументы, якія наўмысна не выдаюць установы адукацыі Беларусі, але цяпер, каб пацвердзіць, што абітурыенты сапраўды скончылі школу ў Беларусі, патрабуюць вынікі ЦТ, не старэйшыя за два гады. 

«Амаль ніхто не можа сабраць поўны пакет дакументаў для паступлення»

Паводле закона Польшчы аб вышэйшай адукацыі і навуцы, «дыплом аб заканчэнні навучання за мяжой можа быць прызнаны эквівалентным адпаведнаму польскаму дыплому і прафесійнаму званню на падставе міжнароднай дамовы, якая вызначае эквівалентнасць, а пры адсутнасці такой дамовы (цяпер яна паміж нашымі краінамі адсутнічае — «Белсат») — у парадку настрыфікацыі».

Настрыфікацыя — гэта дзяржаўнае прызнанне ў чужой краіне дыплома, вучонай ступені, звання, атрыманых у іншай краіне. У Польшчы настрыфікацыю дакументаў аб адукацыі робяць ва ўстанове, якая называецца Kuratorium Oświaty. 

«Калі раней для прызнання дакументаў было дастаткова атэстата, апастылю, перакладу дакументаў, то апошнім часам сталі патрабаваць яшчэ і нейкія даведкі з беларускіх школ аб плане і праграме навучання. Але іх беларускія ўлады выдаваць наўмысна забаранілі, таму палякі вырашылі: «Добра, мы не будзем патрабаваць гэтыя даведкі, але тады прынясіце ЦТ не старэйшыя за два гады. Яны для сябе вырашылі, што ЦТ з'яўляецца доказам атрымання сярэдняй адукацыі ў Беларусі. І калі ім яго падаць — яны выдадуць дакументы аб настрыфікацыі, — расказвае Алена, якая, як і сотні іншых абітурыентаў, трапіла ў заканадаўчую пастку. — Праблема ў тым, што ў многіх ЦТ на руках папросту няма. Альбо ён старэйшы за два гады». 

Праз палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі Алена з'ехала ў Варшаву ў 2022 годзе. Тады ж па праграме Каліноўскага дзяўчына паступіла ў адзін з кракаўскіх універсітэтаў. Ніякае ЦТ у яе тады не прасілі. Але сёлета дзяўчына вырашыла перапаступіць на іншую спецыяльнасць у сваёй жа ВНУ. Яшчэ ў пачатку ліпеня ў яе прынялі ўсе дакументы, а нядаўна патэлефанавалі з дэканата, паведамілі, што ў яе няпоўны пакет дакументаў і папрасілі данесці ЦТ. 

«Але даць ім гэты дакумент я не магу. ЦТ я здавала больш за два гады таму, адпаведна, ён ужо не дзейнічае. Калі я сказала пра гэта ў дэканаце, мне прапанавалі паехаць у Беларусь і здаць там ЦТ. Гучыць як здзек. Па-першае, я ўцякачка, і паехаць у Беларусь я проста не магу. Мяне там чакае не ЦТ, а турма. Па-другое, нават калі хтосьці наважыцца паехаць па дакумент, то атрымае ён яго дакладна не сёлета. Здаць найбліжэйшае цэнтралізаванае тэсціраванне можна будзе толькі вясной 2025 года. Па-трэцяе, я паступіла ў гэтую ж кракаўскую ВНУ летась, без ЦТ. У ліпені гэтага года я падала дакументы на іншую спецыяльнасць у гэтай жа ВНУ, і іх таксама прынялі. Але цяпер, атрымліваецца, я не змагу прыступіць да навучання ў новым навучальным годзе, таму што данесці ЦТ проста не магу. Такая ж сітуацыя з іншымі абітурыентамі. Атрымліваецца, што амаль ніхто не можа сабраць поўны пакет дакументаў для паступлення».

«Пакуль усё выглядае так, што абітурыенты могуць застацца без месцаў у ВНУ»

Калі дзяўчына паспрабавала дэталёва растлумачыць усю сітуацыю ў ВНУ, ёй прапанавалі… звярнуцца з праблемай у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь. А калі тая абурылася і паспрабавала патлумачыць, чаму гэта немагчыма, ёй параілі звяртацца ў… недзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь.

«Нашыя дзеці апынуліся ў прававой пастцы. Ім нібыта хацелі дапамагчы, але атрымалася наадварот. Усё гэта пагаршае яшчэ і той факт, што ўступная кампанія ідзе проста цяпер. І ў дзяцей ёсць літаральна пара тыдняў, каб вырашыць гэтую праблему. У адваротным выпадку дзеці застануцца боўтацца без адукацыі», — расказвае мама адной з абітурыентак Таццяна.

Колькі менавіта абітурыентаў у Польшчы трапілі ў гэтую пастку, дакладна невядома, але, мяркуючы па расказах беларусаў, якія актыўна абмяркоўваюць праблему ў закрытых чатах, такіх цяпер нават не дзясяткі, а сотні.

Бацькі абітурыентаў і самі абітурыенты ўжо звярнуліся ў офіс Святланы Ціханоўскай. Там пра праблему ведаюць, але прыняць рашэнне за польскі бок ніяк не могуць. 

«Усё, што юрысты Офіса цяпер могуць рэальна для нас зрабіць — дапамагчы скласці калектыўны зварот у кампетэнтныя органы Польшчы. Але ўсе абітурыенты ў розных гарадах, не ведаюць адзін аднаго… Хутка скааперавацца ў іх наўрад ці атрымаецца. Больш за тое, максімальна падціскае час. Навучальны год у польскіх ВНУ стартуе ў кастрычніку. Атрымліваецца, што на развязанне і вырашэнне ўсёй гэтай праблемы засталося літаральна некалькі тыдняў», — расказвае яшчэ адна маці беларуса. 

Зараз абітурыенты носяцца са сваімі дакументамі па розных установах і гарадах, спрабуючы атрымаць настрыфікацыю праўдамі і няпраўдамі.

«Дзе-нідзе засталіся шчыліны, — працягвае ўводзіць у сутнасць праблемы Алена. — Рэч у тым, што праз усю гэтую блытаніну нават чыноўнікі не разумеюць, якія дакументы запытваць у абітурыентаў. Ім кожныя некалькі тыдняў прыходзяць новыя ўказанні. Спачатку просяць браць у беларусаў адныя дакументы, потым іншыя… Здараецца так, што ў адным горадзе ЦТ патрабуюць, у іншым — не». 

Ведаючы гэта, абітурыенты выкручваюцца, як могуць. Да прыкладу, знаходзяць лаяльную ўстанову Kuratorium Oświaty у нейкім горадзе. Прыязджаюць да іх і кажуць, што хочуць паступіць у ВНУ ў гэтым горадзе. Напрыклад, у Катавіцах. Там яму робяць настрыфікацыю, і далей абітурыент з гэтымі дакументамі едзе ў патрэбны ВНУ, у патрэбны яму горад і падаецца на паступленне.

Але, як аказалася, так могуць зрабіць далёка не ўсё. Тыя, хто афіцыйна з'яўляецца бежанцам і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы (а такіх абітурыентаў нямала — «Белсат»), зрабіць настрыфікацыю могуць толькі ў Варшаве. А там патрабуюць ЦТ.

«І гэта пры тым, што ўцекачы паводле законаў Польшчы афармляюцца па спрошчаных правілах. На адсутнасць нейкіх дакументаў там павінны заплюшчваць вочы. Вось толькі ў нашым выпадку гэта не працуе, — засмучаецца Алена. — Я ўжо думала ехаць, да прыкладу, у Нямеччыну, спрабаваць рабіць настрыфікацыю там, але гэта проста ідэя. Не ведаю нават, ці можа яна спрацаваць. Ды і каб праверыць гэтую гіпотэзу, патрэбныя дадатковыя час і грошы, а іх няма амаль ні ў каго. На месцах у Польшчы я пакуль не чула, каб з боку ўладаў нешта рабілася для вырашэння гэтай праблемы. У дэканаце проста разводзяць рукамі».

Паводле інфармацыі «Белсата», універсітэт у Лодзі ўсё ж прыняў рашэнне прымаць студэнтаў з няпоўным пакетам дакументаў.

«Белсат» зрабіў афіцыйны запыт у Міністэрства адукацыі Польшчы і запытаўся, як і ў якія тэрміны можа быць вырашана праблема беларускіх абітурыентаў. Але пакуль адказу на яго няма. Пакуль што ўсё выглядае так, што многія беларускія абітурыенты сёлета могуць застацца без месцаў у польскіх ВНУ.

Каментары2

  • Kenny
    29.08.2024
    Вот мне очень любопытно, какая вот на самом деле польза от Офиса Света, Фраников и Латушек. Они претенуют на то, чтобы представлять наши интересы, причем в перспективе в качестве главных лиц государства, а показывают полную неспособность решить даже мелкие бюрократические проблемы имея прямой доступ к главам государств, о чем они не забывают нам напоминать.
    - Обещали паспорт - где он?
    - Студенты не могут оформиться в университет из-за совершенно мелкого бюрократического упущения, а не потому, что их не хотят туда брать - почему нет никаких действий?
    - Некоторые воеводства перестали брать документы на подачу и продление карт побыту, что грозит катастрофическими проблемами - где какие-либо действия (при этом до офиса проблема была донесена, даже реакции не последовало)?
    Я вот нисколько не склонен винить польских чиновников и государство. Они как раз когда появляется проблема всегда готовы реагировать и решать очень здраво и быстро. Вот только проблем у них много и узнают они от них не от наших представителей, а когда местные чиновники начинают снизу говорить, что что-то плохо работает. Но вот точно не вследствие каких-либо действий этих очень публичных персон.
    Начните, что-то делать или уступите место тем, кто готов что-то делать!
  • Жаноччы чат
    29.08.2024
    Kenny, Тур пералагінься пад сваім нікам Valdis133

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская павіншавала беларусаў, якія святкуюць Каляды 25 снежня11

«Дзе ***** подпісы???» Прапагандыст Тур заблытаўся ў выбарчых рэаліях7

У свеце стала менш атэістаў. Але ў Еўропе рэлігія адступае 21

Беларускую мову ва Украіне хочуць выключыць са спісу моў, якія падлягаюць абароне25

«Я член выбарчай камісіі і гэтым ганаруся». Лукашысты ладзяць новы флэшмоб11

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Галоўнае
Усе навіны →