«Жыццё кіпіць, бурліць і віруе». Якой пабачылі Беларусь эмігранты, якія вярнуліся на радзіму пасля доўгай адсутнасці
Некаторыя эмігранты часта вяртаюцца ў Беларусь, іншыя — па розных прычынах пакідаюць яе на гады. Беларусы, якія нядаўна прыязджалі на радзіму пасля доўгага перапынку, падзяліліся з выданнем Most уражаннямі ад паездак. Імёны суразмоўцаў змененыя ў мэтах бяспекі.
30.08.2024 / 23:15
«Велізарная «заброшка», на якую нацягнулі прыгожы фасад»
Андрэй рэлакаваўся ў Польшчу ў 2022 годзе і з таго часу паспеў з'ездзіць у Беларусь два разы. Уражанні ад паездак вельмі адрозніваюцца.
«Калі я прыехаў у Менск у 2023 годзе, пасля года жыцця ў Польшчы, у мяне склалася адчуванне фальшывасці, стэрыльнасці. Як быццам увесь горад — гэта велізарная «заброшка», на якую нацягнулі надрукаваны на тканіне прыгожы фасад.
Прасторныя вуліцы, чыстыя тратуары, але занадта мала жыцця. Я памятаю, што мяне ўразіла колькасць пустых прастор і амаль поўная адсутнасць людзей на вуліцах».
Праз год, гэтым летам, Андрэй зноў паехаў у Беларусь і гэтым разам Мінск яго прыемна здзівіў.
«Куча людзей на вуліцах, велізарная колькасць новых машын на дарогах, самі дарогі шмат дзе новыя, па ўсім горадзе нейкія будоўлі, рамонты. Жыццё кіпіць, бурліць і віруе. Мінск як быццам ажыў».
Прычыну такіх перамен Андрэй бачыць у тым, што «беларусы змірыліся».
«Людзі прывыклі жыць у страху, цяпер для іх гэта новая норма. Яны проста павылазілі з нор і перасталі трывожыцца пра будучыню».
«Ужо адвыкла ад такога вялізнага выбару малочкі»
Алена з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Прычына ад'езду не была звязаная з палітыкай, але паколькі ў 2020 годзе жанчына актыўна падтрымлівала пратэсты, вяртацца на радзіму без вострай неабходнасці ёй не хацелася.
Улетку 2024-га такая неабходнасць усё ж узнікла, Алене прыйшлося прыехаць у Гомель для афармлення права атрымання ў спадчыну.
«Я чакала ўбачыць панылы горад, сумных людзей і пустыя паліцы ў крамах. Прынамсі, так з Польшчы бачыцца Беларусь, калі чытаеш медыя. У рэальнасці ўсё выглядае па-іншаму. Людзі шпацыруюць, усюды шмат моладзі, адкрываюцца новыя ўстановы, цэнтральныя вуліцы выглядаюць прыгожымі і квітнеючымі. Дзеля справядлівасці адзначу, што ў спальных раёнах за тры гады асабліва нічога не памянялася».
Алена кажа, што яе ўразілі нізкія цэны ў крамах і разнастайнасць прадуктаў.
«Я ўжо адвыкла ад таго, што на паліцах можа быць такі велізарны выбар малочкі. Я набірала прыкладна такі ж кошык прадуктаў, як у Варшаве, але грошай пакідала на касе ў паўтара-два разы менш. Ежа ў кавярні таксама каштуе капейкі. Вядома, я разумею, што і заробак у Гомелі не такі, як у Польшчы. Але па большай частцы гамяльчан не скажаш, што яны бядуюць. Хоць і ўвесь час скардзяцца на нізкія заробкі».
«Сяброўка раптам стала аглядацца і папрасіла гаварыць цішэй»
Алена заўважыла, што ў прыватных размовах людзі сталі больш закрытымі.
«Я шмат кантактавала са сваякамі і сябрамі. Калі гаворка заходзіла пра палітыку ці пра жыццё ў Польшчы, некаторыя з іх выключалі свае тэлефоны або выносілі іх у іншы пакой, баючыся праслухоўвання. А калі мы паднялі гэтыя тэмы ў кавярні з сяброўкай, яна раптам стала аглядацца і папрасіла мяне гаварыць цішэй. Калі я з'язджала з Беларусі, такога не было, тады ў людзей было менш страху».
Як потым даведалася Алена, страх сачэння — не параноя. Сябры расказалі ёй, што ў дзяржаўных установах і на прадпрыемствах цяпер працуюць спецыяльныя супрацоўнікі, якія могуць у любы момант праверыць змесціва тэлефонаў у любога работніка.
«Я спыталася ў прыяцелькі, якая выкладае ў мінскай ВНУ: «Няўжо цяпер ва ўніверсітэтах засталіся толькі лаяльныя да ўлады людзі?» Яна засмяялася і адказала: «Вядома, не. Мы проста ўсе цяпер партызанім».
Алена заўважыла, што на гарадскіх вуліцах стала яшчэ больш міліцыі. Яе сяброўка паскардзілася, што ў арэндныя кватэры, дзе раней жылі супрацоўнікі ўніверсітэтаў, музеяў і тэатраў, цяпер засяляюць работнікаў міліцыі. І дадала, што ў мікрараёне, першапачаткова пабудаваным для работнікаў культуры і адукацыі, цяпер узводзіцца дом для супрацоўнікаў МУС.
Алене здалося, што, нягледзячы на татальны кантроль з боку дзяржавы, беларусы ўнутры краіны з усіх сілаў спрабуюць жыць звычайным жыццём, не зацыкліваючыся на цяжкасцях.
«Людзі працуюць, гадуюць дзяцей, робяць рамонты, ездзяць на адпачынак, садзяць агароды. І зусім не таму, што перагарнулі старонку. І ва Украіне жыццё працягваецца нават пад абстрэламі, з'язджаюць далёка не ўсе. Так і ў Беларусі. Я радая за беларусаў, у якіх атрымліваецца будаваць жыццё ў гэтай краіне, нягледзячы ні на што».
«Цяжка сябе пераканаць, што тут усё дрэнна»
Арцём паехаў у Польшчу вясной 2022 года. Улетку 2024 года ён паехаў у Мінск, каб закрыць ІП.
«Мне падалося, што за два гады нічога не змянілася, як быццам я і не ад'язджаў. Але атрымалася зірнуць на Мінск вачыма турыста, і гэта быў пацешны вопыт. Мінск — вельмі савецкі горад, але раней мне гэта ў вочы не кідалася. А пасля Еўропы здалося, што ў вачах мітусіцца ад зорак, сярпоў-молатаў і ўсяго такога».
Арцёма здзівілі цэны ў крамах, кавярнях, рэстаранах, сферы паслуг.
«Нешта ў два разы танней, нешта ў тры, нешта ў пяць — медпаслугі, напрыклад. Мазгамі разумееш, што гэта не ад вялікіх заробкаў, але калі можаш сабе дазволіць у разы больш, чым у Польшчы, то цяжка сябе пераканаць, што тут усё дрэнна».
«Падыдуць, правераць тэлефон — і ўсё, прывітанне, турма і катаванні»
Арцём гаворыць, што калі знаходзішся ў Беларусі, то ўзнікае спакуса паверыць у вонкавы дабрабыт і атрымліваць асалоду ад жыцця. Але вялікая колькасць работнікаў міліцыі на кожным куце не дае забыцца пра спецыфіку Беларусі.
«Перыядычна проста страшна рабілася, што зараз падыдуць, правераць тэлефон — і ўсё, прывітанне, турма і катаванні».
За час паездкі Арцём паспеў пабываць і ў Беларусі, і ў Расіі. У яго склалася ўражанне, што ў абедзвюх краінах цяпер можна жыць добра і камфортна.
«Гэтыя байкі, якія ходзяць сярод эмігрантаў, пра пустыя паліцы ў крамах і атмасферу татальнага страху — поўная лухта. Але, з іншага боку, у глабальных рэчах, праз якія я і пераехаў, не памянялася нічога: «беспредел» сілавікоў, саўдзел у вайне, залежнасць ад Расіі. Я ўсведамляю, што гэтыя рэчы важныя не для ўсіх. Для многіх галоўнае, каб праца была, працавалі бары і рэстараны, было сытае і спакойнае жыццё. А якой цаной гэта дасягаецца — не ўсім цікава. Тая ж Масква — камфортны і класны горад. Я б там жыў, але, як той казаў, ёсць нюанс».
Культ асобы Лукашэнкі ўзмацняецца, растуць сумневы ў перамозе Украіны — аналітыкі
Палітэмігранты прадалі кватэру ў Беларусі, але цяпер суд хоча адмяніць здзелку
«Далась тебе вот эта Польша, в РБ зарплата больше». Штучны інтэлект напісаў прапагандысцкі хіт