Украінцы вынайшлі новы спосаб выкарыстання беспілотнікаў, які мае жахлівыя наступствы

УСУ з дапамогай беспілотнікаў выпальваюць расійскія пазіцыі ў Запарожскай вобласці.

02.09.2024 / 17:41

Беспілотнік з запальнай сумессю паліць лясную паласу. Скрын відэа: kiber_boroshno / Telegram

У сацыяльных сетках распаўсюдзілася відэа, знятае ў Запарожскай вобласці на поўнач ад населенага пункту Украінскае. На ім паказана, як байцы 108-й брыгады тэрытарыяльнай абароны Украіны з дапамогай беспілотніка з запальнай сумессю паляць лясную паласу ў так званай шэрай зоне.

Як піша інтэрнэт-сайт Militarnyi, вялікая колькасць іскраў і белага дыму дазваляе зрабіць выснову, што для выканання задачы была выбрана боегалоўка, запоўненая тэрмітам — сумессю парашкоў металаў (алюмінію ці магнію) з аксідамі розных металаў (звычайна жалеза).

Пры ўзгаранні яна інтэнсіўна гарыць з вылучэннем вялікай колькасці цяпла. Звычайна тэмпература гарэння складае 2300-2700 °C, а ў выпадку выкарыстання больш моцных акісляльнікаў, такіх як аксід нікелю, хрому або вальфраму, значна вышэйшая.

У прамысловасці тэрміты выкарыстоўваюць для зваркі металаканструкцый (у прыватнасці, чыгуначных рэек), а на вайне — як запальны састаў. У час Другой сусветнай вайны запальныя бомбы выкарыстоўвалі тэрмітныя сумесі.

@nnmediareport Новый метод использования дронов #бпла #беспилотники #вертолет #украина #российскаяимперия #зсу ♬ ACID RAIN (SLOWED) - Lorn

Звычайна яны складаліся з дзясяткаў тонкіх каністраў, напоўненых тэрмітам, падпаленых магніевым запалам. Прымяненне такіх снарадаў нанесла велізарную шкоду многім гарадам з-за пажараў.

Як адзначаецца, украінскія ваенныя даўно выкарыстоўваюць тэрмітныя зарады ў выглядзе свабоднападаючых боепрыпасаў. Беспілотнікі скідваюць іх у люкі кінутай бранятэхнікі і на дахі будынкаў, дзе знаходзяцца знішчальнікі ворага. Але такі спосаб, як выпальванне мясцовасці, адзначаны ўпершыню. Вялізная тэмпература гарэння дазваляе знішчыць не толькі траву, але і іншую расліннасць.

Невядома, колькі важыць боегалоўка. Самыя магутныя беспілотнікі FPV могуць несці да 8 кілаграмаў карыснай нагрузкі.

Паведамляецца, што кошт такіх боепрыпасаў пачынаецца ад 12 долараў. Іх канструкцыя вельмі простая, а кампаненты даступныя.

Бомбы, надрукаваныя на 3D-прынтары: новая зброя Украіны ў абароне супраць Расіі

Украіна спяшаецца стварыць ваенныя беспілотнікі са штучным інтэлектам

Украіна ўпершыню прымяніла ракету-дрон «Паляныця»

Nashaniva.com