Азараў распрадае абсталяванне «Байпола»?
Сярод інтэрнэт-лотаў і офісная тэхніка, і рэчы ваеннага прызначэння.
03.09.2024 / 11:33
Аляксандр Азараў
Інтэрнаўты звярнулі ўвагу на спіс рэчаў, якія прадае на польскім сэрвісе OLX (аналаг беларускага «Куфара» ці барахолкі «Анлайнера») карыстальнік Aliaksandr. Чалавек, нік якога супадае з беларускім пашпартным напісаннем імя Аляксандр, выставіў на продаж тактычнае абсталяванне і офісную тэхніку. Па ўскосных сведчаннях можна быць пэўным, што гэта насамрэч маёмасць «Байпола». А мяркуючы па тым, што лідар «Байпола» — Аляксандр Азараў, прэтэнзіі былі выстаўленыя менавіта яму.
Самы дарагі лот — спадарожнікавы тэлефон Iridium 9555, за які просяць больш за 900 еўра.
Амаль столькі ж каштуе вялікі манітор. Услед ідуць тэлевізар, мікрафон, ноўтбук, прынтар, сейф і шмат іншага офіснага абсталявання.
Але пытанні ў інтэрнаўтаў перадусім да тавараў вайсковага прызначэння — тактычныя камізэлькі, сумкі і рэмені, кішэнныя нажы, абарончыя акуляры, бандаж, кабура. Не да канца зразумела, ці то яны закупляліся «Байполам» для сваіх будучых патрэбаў, ці то прызначаліся для беларусаў ва Украіне.
«Наша Ніва» другі дзень спрабуе атрымаць каментар ад Аляксандра Азарава. Пакуль ён толькі адказаў, што знаходзіцца ў адпачынку. Калі Азараў выкажацца наконт сітуацыі, мы апублікуем яго меркаванне.
Радзіна раіць Латушку і Азараву: Па-першае, пакайцеся. Па-другое, не лезьце ў лідары
Азараў — пра актывіста Глеба Сандраса: «Не прайшоў паліграф на супрацу з рэжымам»
Палітыка справа можа і брудная, але месца маральным нормам ёсць і ў ёй. Развагі да кейса Азарава