Змяніліся правілы знаходжання беларусаў у Кыргызстане. Стане складаней

У Кыргызстане з 5 верасня змяняецца парадак рэгістрацыі грамадзян краін з бязвізавым рэжымам, да якіх належыць і Беларусь. Цяпер зарэгістравацца ў краіне будзе магчыма толькі на падставе ДНЖ або аднаго з пасведчанняў, паведамілі ў Міністэрстве лічбавага развіцця краіны.

03.09.2024 / 16:16

Сталіца Кыргызстана Бішкек. Фота: Getty Image

Раней грамадзяне бязвізавых краін, у тым ліку Беларусі, маглі зарэгістравацца ў Кыргызстане на тэрмін 6 месяцаў з правам далейшага працягвання ў залежнасці ад мэты знаходжання.

З 5 верасня рэгістрацыя альбо яе працягванне магчымыя толькі на падставе дазволу на жыхарства, пасведчання асобы без грамадзянства, пасведчання «Кайрылман» (этнічныя кыргызы) або пасведчання «Мекен-карт» (іншаземцы, якія раней мелі грамадзянства Кыргызстана).

«Такім чынам, грамадзяне дзяржаў — членаў ЕАЭС (Арменія, Беларусь, Казахстан, Расія) без афармлення дакументаў могуць знаходзіцца сумарна да 90 дзён на працягу кожнага 180-дзённага перыяду з моманту ўезду ў краіну», — паведамілі ў ведамстве.

Пасля заканчэння гэтага тэрміну беларусы, якія не прайшлі рэгістрацыю, будуць абавязаныя выехаць за межы Кыргызстана і змогуць уехаць паўторна на тэрыторыю краіны толькі праз 90 каляндарных дзён.

Калі іншаземцы з бязвізавых краін знаходзяцца на тэрыторыі Кыргызстана ў прыватных мэтах, для іх прадугледжаныя афармленне і выдача часовага дазволу на жыхарства, які выдаецца на працягу 15 дзён з тэрмінам дзеяння на год з наступным штогадовым працягваннем, але не больш за 5 гадоў.

У Кыргызстане заявілі пра спробу дзяржаўнага перавароту

Скандал у Кыргызстане з-за заручын пляменніцы прэзідэнта Жапарава. Таму прыйшлося выбачацца

Па Кыргызстане распаўзаецца страх. Што адбываецца ў гэтай краіне і чаму там масава саджаюць журналістаў

Nashaniva.com